Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня чакаецца прысуд былому дэпутату С.Скрабцу і ягонаму брату


Вольга Караткевіч, Прага Сяргей Скрабец і ягоны брат Аляксандар у свой час разам займаліся бізнэсам. Сяргей Скрабец знаходзіцца пад вартай – яго абвінавачваюць у выманьваньні крэдытаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. Былы дэпутат не прызнае сябе вінаватым і называе сваю справу палітычнай.

Пракуратура просіць пакараць Сяргея Скрабца пяцьцю з паловай гадамі турмы. Брата Сяргея Скрабца, Аляксандра, якога судзілі як саўдзельніка ў двух эпізодах, прадстаўніца пракуратуры прасіла пакараць трыма гадамі абмежаваньня волі. Аляксандар Скрабец часткова прызнаў сваю віну – што да парушэньняў у вядзеньні бугальтэрыі. Аднак ён не прызнае сябе вінаватым у выманьваньні крэдытаў. Напярэдадні прысуду Аляксандар Скрабец адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

(Карэспандэнт: ) "Аляксандар, пракурор запрасіў для Вас тры гады зьняволеньня. Чаму Вы ня зьехалі ў такой сытуацыі?"

(Скрабец: ) "Такая магчымасьць была ўжо неаднаразова. Не сакрэт, што ў пазамінулым годзе нам – мне і майму брату – прадстаўлялі палітычны прытулак у Швэцыі. Прапаноўвалі дапамогу выезду, праўда, зь Кіеву ці Масквы. Сутнасьць справы ня ў тым – хавацца ці не: кідаць Радзіму проста ня хочацца. Сяргей мае такое ж меркаваньне. Сказаў "а", кажы і "б". "

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, Вы згаджаецеся з такімі рэзкімі заявамі свайго брата, што трэба радыкальнымі мэтадамі мяняць сытуацыю ў Беларусі? "

(Скрабец: ) "Я, па-першае, чалавек у палітыцы менш дасьведчаны, чым мой брат. Але я ў любым выпадку не падтрымліваю любых рэзкіх заяваў: што тычыцца пераўладкаваньня дзяржавы, зьмены чалавечай псыхалёгііі. Рэвалюцыя ніколі да нічога добрага не прыводзіла. Таму яго выказваньні, што можна мяняць рэжым якім заўгодна шляхам, нават узброеным – я не падтрымліваю. Любыя станоўчыя пераўтварэньні рабіліся выключна рэформамі. Інтэлектуальным і інтэлігентным падыходам да гэтага пытаньня".

(Карэспандэнт: ) "Вашыя адчуваньні: 14-га лютага Вас могуць пасадзіць на 3 гады. Пра што Вы думаеце ў гэтыя дні?"

(Скрабец: ) "Мяне турбуе мая сям''я. Жонка і сын. Таму што ён яшчэ маленькі. Ім будзе безь мяне цяжка, калі я буду ў зьняволеньні. А ў астатнім... Людзі жывуць паўсюль, і ў турмах таксама. Галоўнае – гэта здароўе. Я так лічу. Асабліва здароўе блізкіх. І, канечне, стан Сяргея мяне бянтэжыць. Ён пэрыядычна абвяшчае галадоўкі. І пасьля прысуду, які, як я разумею, ня будзе мяккім, ён, хутчэй за ўсё, абвесьціць галадоўку. Ну, і бацькі, канечне. Яны вельмі перажываюць. Можа, больш за мяне...".

(Карэспандэнт: ) "Якой бы Вы хацелі бачыць Беларусь, каб адчуваць сябе камфортна, каб займацца сваёй справай?"

(Скрабец: ) "Тое, што бачу я на сёньняшні дзень – у нас моцнае кіраваньне дзяржавы, рэжыму, як яго называюць, у нас вельмі моцныя праваахоўныя ворганы, у іх вельмі вялікія правы . І гэта адчуваецца ва ўсіх сфэрах грамадзтва. Пачынаючы ад участковага міліцыянта і заканчваючы спэцслужбамі і Камітэтам дзяржбясьпекі – у іх практычна неабмежаваныя правы. І чым далей, тым больш у іх правоў. Тыя законы, якія прымаліся, напрыклад, мінулай вясной, што Камітэт можа заходзіць бяз санкцыі пракурора, абшукваць кватэры – гэты ціск увесь час павялічваецца. Мне здаецца, што гэта разбуральнае і згубнае. Мне здаецца, гэта трэба рэканструяваць і рэфармаваць неабходна. Каб чалавек, які ў пагонах і форме, разумеў, што ён ня карнік, а перадусім слуга народу”.
XS
SM
MD
LG