Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Расея абмяркуюць пытаньні Чарнаморскага флёту


Радыё Свабода Сёньня ў Кіеве адбудуцца ўкраінска-расейскія перамовы ў спрэчных пытаньнях знаходжаньня ў Крыме Чарнаморскага флёту Расеі. Напярэдадні перамоваў украінскі бок даў зразумець, што ня хоча, каб расейскі флёт заставаўся на тэрыторыі Украіны пасьля 2017 году, калі завяршаецца тэрмін арэнды ваеннай базы ў Сэвастопалі.

Напярэдадні ўкраінска-расейскіх перамоваў міністар замежных справаў Украіны Барыс Тарасюк ў інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” абвінаваціў Расею ў істотных парушэньнях міжнародных пагадненьняў і ўкраінскага заканадаўства. Барыс Тарасюк паабяцаў, што Украіна выканае пагадненьне аб арэндзе да 2017 году, аднак, як адзначыў міністар, Канстытуцыя забараняе знаходжаньне замежных базаў на тэрыторыі Украіны. Кіраўнік украінскага МЗС заклікаў Расею “да пасьлядоўнай і сыстэмнай працы ў справе перадыслякацыі Чарнаморскага флёту з тэрыторыі Украіны”.

Сакратар украінскай Рады бясьпекі Анатоль Кінах ужо заявіў, што перамовы ў Кіеве будуць няпростыя, паколькі “працэс вырашэньня назапашаных гадамі сыстэмных праблемаў ў двухбаковых дачыненьнях заўсёды складаны і неадназначны”.

У перамовах возьмуць удзел прадстаўнікі міністэрстваў замежных справаў і абароны Украіны і Расеі, кіраўнікі расейскага Ваенна-марскага і Чарнаморскага флёту і камандуючы ваенна-марскіх сілаў Украіны. Напярэдадні перамоваў расейскі МЗС распаўсюдзіў заяву, у якой гаварылася пра гатовасьць да пошуку ўзаемапрымальных дамоўленасьцяў з Кіевам ў пытаньнях дзейнасьці Чарнаморскага флёту.

Украіна будзе ўздымаць пытаньне і аб падвышэньні арэнднай платы за выкарыстаньне базы ў Сэвастопалі. Цяпер Масква плаціць каля 100 мільёнаў даляраў на год. Украіна ж мае намер падняць арэнду для Чарнаморскага флёту Расеі ад 400 мільёнаў да 1 мільярду 800 мільёнаў даляраў на год у адпаведнасьці з міжнароднымі стандартамі. Аднак Расея лічыць, што ўмовы арэнды ўжо агавораныя ў дзейных дамовах паміж краінамі. Гэтаксама Украіна патрабуе, каб Чарнаморскі флёт перадаў ёй крымскія маякі ды іншыя навігацыйныя аб’екты, якія, паводле Кіева, ён незаконна кантралюе. Расея ж лічыць, што ўсе гэтыя аб’екты былі перададзеныя флёту на падставе дамовы аб арэндзе. Дарэчы, ўчора актывісты ўкраінскай моладзевай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” пікетавалі ў Сэвастопалі штаб Чарнаморскага флёту Расеі, патрабуючы вяртаньня маякоў і правядзеньня інвэнтарызацыі аб’ектаў, якія арандуе расейскі бок на украінскай тэрыторыі.

Варта дадаць, што апошнім часам паміж Расеяй і Украінай шмат спрэчных пытаньняў, і ня толькі аб Чарнаморскім флёце. На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Украіны Юры Еханураў заявіў, што Ўкраіна гатовая дэнансаваць расейска-украінскія газавыя дамовы ў тым выпадку, калі яны не задавальняюць расейскі бок. Па-ранейшаму дзейнічае забарона на пастаўку ў Расею ўкраінскай мясной і малочнай прадукцыі, якое прынялі расейскія вэтэрынарныя службы. Украінскі бок лічыць гэтае рашэньне ціскам з боку Расеі.
XS
SM
MD
LG