Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Менску гавораць пра палітвязьняў


Радыё Свабода Сёньня ў Вярхоўным судзе Беларусі будзе агалошаны прысуд Сяргею Скрабцу. Яго вінавацяць у выманьваньні крэдытаў, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару. Былы дэпутат называе працэс над ім палітычным і тлумачыць яго сваёй апазыцыйнай дзейнасьцю. Раней міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заяўлялі аб палітычным перасьледзе ў Беларусі. Да прыкладу, арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала вязьнямі сумленьня былога міністра і пасла Міхаіла Марыніча, лідэраў гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага і Аляксандра Васільева. А што думаюць жыхары Беларусі пра перасьлед уладай палітычных апанэнтаў? Наш карэспандэнт распытваў на гэтую тэму жыхароў Менску.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць ў Беларусі палітычныя зьняволеныя ?”

(Малады мужчына: ) “Ня ведаю.”

(Мужчына: ) “Кажы па-руску. Канечне ёсьць, але прозьвішчаў не памятаю. Гэта ненармальнае становішча. Свабода мусіць быць. А сёньня ніхто нічога ня кажа, людзі сядзяць і ня бачна, каб было іншадумства. У спрэчках нараджаецца ісьціна, а спрэчак няма. Закрыліся кожны ў сваёй ракушцы і сядзяць ціха. Бяда...”

(Мужчына сталага веку: ) “Кажуць, што ёсьць. Чуў пра Ганчара”.

(Хлопец: ) “Ёсьць. Пра Клімава дакладна ведаю і Севярынца. За Лукашэнку сядзяць, з-за чаго яшчэ...”

(Малады мужчына: ) “Канечне ёсьць, яны паўсюль ёсьць!”

(Мужчына: ) “Верагодна, ёсьць. Хапае. У мяне няма часу тлумачыць сваю пазыцыю, але мяркую, што нешта трэба мяняць”.

(Жанчына: ) “Ня ведаю. Першы раз чую. Апазыцыйную прэсу не чытаю”.

(Мужчына: ) “Няма ў нас палітычных зьняволеных. Усе вольныя. Пра Статкевіча, Клімава, Марыніча чуў. Гэта ж яны на выбары спрабавалі... Мяркую, Лукашэнка самы нармальны мужык. Лепшага ня будзе”.

(Мужчына: ) “Цяжкае пытаньне, сьлізкае. Ня хочацца дакранацца да палітыкі. Чуў прозьвішчы, але асабіста ня ведаю. Калі чуў адно, дык чуў і іншае, што, прыкладам, у гэтага чалавека нейкае эканамічнае злачынства”.

(Малады мужчына: ) “Палітзьняволеныя ёсьць, але сродкі масавай інфармацыі пра гэта замоўчваюць. А тлумачыцца гэта ўладай, якая не на тым месцы, непрафэсійная і не адпавядае сучасным патрабаваньням”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG