Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып працягвае пашырацца – цяпер і ў Афрыцы


Кастусь Бандарук, Прага Новыя выпадкі птушынага грыпу былі выяўленыя ў Азэрбайджане, Баўгарыі, Грэцыі, Італіі і Нігерыі. Асаблівую занепакоенасьць з боку экспэртаў выклікаюць першыя выпадкі птушынага грыпу ў Афрыцы. Эўрапейскія краіны робяць новыя прэвэнтыўныя крокі ў барацьбе з магчымай пандэміяй хваробы.

Экспэртаў ўстрывожылі першыя выпадкі птушынага грыпу ў Афрыцы. Небясьпечны штам вірусу H5N1 быў выяўлены на вялікай птушынай фэрме ў штатах Кадуна, Кано і Джос на поўначы Нігерыі.

На думку вірусоляга з Каралеўскага каледжу ў Лёндане – Джона Оксфарда, Афрыка можа стаць сапраўдным пляцдармам і інкубатарам пандэміі птушынага грыпу па ўсім сьвеце.

(Оксфард: ) “Я думаю, што ў Афрыцы выключна непамысны зьбег акалічнасьцяў для пашырэньня хваробы. Большасьць афрыканскіх краінаў, хаця гэта й не іхная віна, яны ўсё ж не падрыхтаваныя да такіх падзеяў. Там існуе асаблівая небясьпека заражэньня людзей. Больш таго, там існуюць усе ўмовы для зьяўленьня новых мутацыяў вірусу і яго перадачы паміж людзьмі”.

Паводле доктара Дэвіда Набара з Усясьветнай арганізацыі здароўя, Афрыка ня мае на барацьбу з хваробай ні сродкаў, ні адпаведнай санітарнай інфраструктуры. Для значнай часткі беднага афрыканскага насельніцтва свойская птушка зьяўляецца адзінай крыніцай прыбытку і асноўнай мясной стравай. Паколькі ўрад ня ў стане кампэнсаваць сялянам страты ў выніку зьнішчэньня птушак, яны іх не закопваюць і не спальваюць, але прадаюць.

Эўрапейскіх экспэртаў моцна хвалююць першыя выпадкі грыпу сярод пералётных птушак: лебедзяў і дзікіх качак. Справа ў тым, што разам з набліжэньнем вясны мільёны птушак будуць вяртацца на поўнач з выраю у афрыканскіх краінах. Сёньня адмысловую сустрэчу прысьвечаную прэвэнтыўным крокам правялі нямецкія экспэрты. Міністар сельскай гаспадаркі Хорст Зыгоф мае намер загадаць усім нямецкім фэрмэрам і ўласьнікам свойскіх птушак трымаць іх у закрытых памяшканьнях. Аналягічнае рашэньне ўжо летась ў верасьні прыняла Галяндыя.

На барацьбу з птушыным і звычайным грыпам Эўракамісія выдзеліла 20 мільёнаў эўра. Дзякуючы дадатковым сродкам вучоныя паскораць працы на новай вакцынай. Справа ў тым, што вірус грыпу надзвычай пашыраны і надзвычай каварны. Ён атакуе 50 відаў птушак і 10 відаў ссуноў.

Вірус хутка мяняе свой генэтычны код і прыходзіцца амаль штогод нанава вырабляць удасканалены вакцыны. Вучоныя з бэльгійскага Ўнівэрсытэту ў Гандаве працуюць над новай прышчэпкай, якая дзейнічала б на бялок М2, агульны для ўсіх відаў вірусу грыпу. Яе можна было б прыймаць адзін раз на 5-10 гадоў, а магчыма што і адзін раз на ўсё жыцьцё.

"Мы хацелі б, каб вакцыну можна было лёгка прыняць – напрыклад, праз насавы спрэй", – патлумачыў адзін з распрацоўшчыкаў новай вакцыны доктар Хаўер Сэленс, аднак на яго думку, яна зьявіцца ў аптэках не раней як праз пяць гадоў.
XS
SM
MD
LG