Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тадэвуш Касьцюшка


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Яго звалі Тадэвуш, яе – Людвіка. Ёйны бацька ня даў згоды на шлюб і маладыя закаханыя заняліся распрацоўкаю пляну ўцёкаў. Чамусьці такія пляны раскрываюцца занадта рана... Так Тадэвуш з 80 дукатамі ў кішэні апынуўся на шляху зь Беларусі ў Францыю, а затым у Новы Сьвет. Сюжэт можна было б назваць банальным, каб не адна дэталь: у пашпарце у Тадэвуша стаяла прозьвішча – Касьцюшка...

У 1777 годзе змагары за незалежнасьць паўночнаамэрыканскіх калёніяў ад Англіі атрымалі бліскучую перамогу пад Саратогай, у выніку чаго было дасягнутае афіцыйнае прызнаньне Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ваенныя гісторыкі ЗША сьцьвярджаюць, што зарукаю гэтага трыюмфу сталіся непрыступныя фартыфікацыі, збудаваныя палкоўнікам-інжынэрам Андрэем Тадэвушам Банавэнтурам Касьцюшкам...

Яго заслугі ў барацьбе за свабоду Злучаных Штатаў былі ацэненыя надзвычай высока: званьне генэрала, найвышэйшая баявая ўзнагарода краіны – ордэн Цынцыната, і апрача таго – амэрыканскае грамадзянства, пажыцьцёвая пэнсія і зямельны надзел. (Пазьней, у тэстаманце, ён перадасьць гэтую маёмасьць свайму сябру, аўтару Дэклярацыі незалежнасьці Томасу Джэфэрсану, даручыўшы выкарыстаць грошы на выкуп нэграў-рабоў.)

Уразіўшы нядаўніх баявых таварышаў, поплеч зь якімі ваяваў сем гадоў, Касьцюшка адмаўляецца ад кар’еры ў ЗША і сядае на карабель, каб вярнуцца на радзіму, у Літву-Беларусь. На календары – 1784-ы. Празь дзесяць гадоў рэспубліканскія ідэалы запаляць сэрца генэрала, і ён стане на чале вызвольнага паўстаньня, што прынясе яму славу нацыянальнага героя Беларусі й Польшчы.

У нашых беларускіх шыротах час рухаецца сваім, пакручастым шляхам. І ўсё ж, і ўсё ж... У 1970-я, гады майго студэнцтва, мы мусілі ведаць, што Касьцюшка – “паляк” і герой зусім ня нашай гісторыі. (Дарэчы, сам Андрэй Тадэвуш у жыцьцяпісе засьведчыў: "Нарадзіўся я ліцьвінам").

“Нашым” быў Сувораў, войскі якога патапілі паўстаньне 1794 году ў крыві.

Да 260-годзьдзя Андрэя Тадэвуша (а ён быў ахрышчаны 12 лютага 1746 году) у Мерачоўшчыне – адноўленай сядзібе Касьцюшкаў каля Косава адчынены музэй. Магчыма, некалі мы дажывем да таго дня, калі ў Беларусі зачыняць музэй Суворава,а сувораўская вучэльня будзе пераназваная ў гонар Касьцюшкі. Здавалася б, нейкае спадзяваньне на гэта дае зьяўленьне першага ў нашай краіне помніка паўстанцкаму правадыру, створанага скульптарам Алесем Шатэрнікам. Вось толькі помнік гэты знаходзіцца на тэрыторыі амэрыканскай амбасады...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG