Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне будзе ўзьнятае ў Вене на перамовах з Лаўровым


Радыё Свабода “Сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі па-ранейшаму застаецца падставай для нашай заклапочанасьці”, – заявіла міністар замежных справаў Эўразьвязу і Аўстрыі Ўрсула Пласьнік напярэдадні візыту ў Вену кіраўніка расейскага замежнапалітычнага ведамства Сяргея Лаўрова.

Паводле спадарыні Пласьнік, баромэтрам далейшых дачыненьняў паміж Брусэлем і Менскам стануць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, чыя хада застаецца ў цэнтры ўвагі эўрапейскага кіраўніцтва.

Як перадае аўстрыйскае агенцтва АРА, у часе перамоваў Сяргея Лаўрова з так званай “дыпляматычнай тройкай “ Эўразьвязу – Урсулай Пласьнік, Бэнітай Фэрэра-Вальднэр і Хавіерам Салянам – беларускае пытаньне стаіць у адным шэрагу з пытаньнямі ядзернай праграмы Ірану, палестына-ізраільскага канфлікту і расейска-эўрапейскіх дачыненьняў.

Паведамляецца, што “эўрапейская дыпляматычная тройка вельмі заклапочаная станам правоў чалавека ў Беларусі, зь якой Расея нібыта плянуе аб’яднацца”.

Паводле аўстрыйскага інфармагенцтва, беларуская тэматыка можа быць таксама абмеркаваная ўжо заўтра, у часе сустрэчы міністра Лаўрова з вышэйшым кіраўніцтвам Аўстрыі, якое старшынствуе ў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG