Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вілейскім дэмакратам штраф не адмянілі


Радыё Свабода Сёньня ў Вілейцы раённы суд прызнаў неабгрунтаванай скаргу на адміністрацыйную камісію райвыканкаму мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху Ўладзімера Малярчука і Мікалая Суслы. Вілейскія дэмакраты дамагаліся адмены пакараньня, якое вынесла ім у студзені адміністрацыйная камісія мясцовага райвыканкаму.

Гаворыць лідэр тутэйшай суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Малярчук:

(Малярчук: ) “Я падаў у суд на камісію, якая вырашыла пакараць мяне штрафам памерам 145 тысяч рублёў. У пастанове камісіі было сказана за што: за ўвоз друкаванай прадукцыі, якая абражае гонар і годнасьць прэзыдэнта”.

Разглядаў скаргу судзьдзя Алег Івашкевіч. На паседжаньні было аб''яўлена што, адміністрацыйная справа Ўладзімера Малярчука і Мікалая Суслы была заведзеная яшчэ летась. 12 лістапада 2005 году актывісты распаўсюджвалі ў Вілейцы інфармацыйны бюлетэнь пра акцыю салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсій, якая праводзіцца штомесяц 16-га дня. Міліцыя іх затрымала, а адміністрацыйная камісія аштрафавала на пяць базавых велічыняў. Спроба актывістаў абскардзіць гэтае рашэньне ня мела посьпеху – суд прызнаў штраф адміністрацыйнай камісіі райвыканкаму законным. Паводле кіраўніка камісіі Алега Манцэводы, суд быў аб’ектыўным:

(Манцэвода: ) “Гэтыя друкаваныя матэрыялы былі надрукаваныя ў Санкт-Пецярбургу. Доўга мы разглядалі гэтыя матэрыялы. Таму што справа была цікавай. Мы запрашалі і Міністэрства інфармацыі, каб нам растлумачылі, і іншыя інстанцыі. Суд устанавіў правільнасьць рашэньня камісіі”.

У сваю чаргу, дэмакратычныя актывісты лічаць рашэньне вілейскага суду палітычна матываваным. Гаворыць адзін зь лідэраў тутэйшага моладзевага руху Мікалай Сусла:

(Сусла: ) “Я думаю, што калі б быў нармалёвы суд, то ўсе доказы і факты, якія мы прыводзілі, былі б улічаныя. А калі яшчэ ўлічыць, што выканкам не прывёў ніводнага факту, ніводнага пацьвярджэньня, што мы парушылі заканадаўства, то, думаю, быў бы суд на нашым баку. А так усё было вырашана да таго, як пачаўся суд”.
XS
SM
MD
LG