Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новым паслом Польшчы ў Беларусі праўдападобна стане Генрык Літвін


Аляксей Дзікаівцкі, Варшава Міністар замежных справаў Польшчы Стэфан Мэлер заявіў сёньня, што новы польскі амбасадар у Беларусь "будзе прызначаны ў хуткім часе". Пакуль неафіцыйна паведамляецца, што паслом у Беларусі стане Генрык Літвін (Henryk Litwin). Польская амбасада ў Менску працуе без пасла ад лістапада мінулага году, калі ў адстаўку пайшоў папярэдні амбасадар Тадэвуш Паўляк.

Прамаўляючы ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Варшаве кіраўнік польскага МЗС Стэфан Мэлер адзначыў, што хуткае прызначэньне новага амбасадара ў Беларусь "можа дапамагчы ўрэгуляваць дачыненьні з гэтай краінай".

Імя новага пасла, аднак, не было названае.

Між тым ужо некалькі дзён неафіцыйна паведамляецца, што польскае дыпляматычнае прадстаўніцтва ўзначаліць Генрык Літвін, які працаваў раней у амбасадзе ў Маскве. Польскае радыё падае, што МЗС Беларусі ўжо пагадзіўся на ягоную кандыдатуру.

Між тым прэсавы сакратар МЗС Польшчы Павал Дабравольскі заявіў нашаму радыё, што афіцыйна спадар Літвін яшчэ не прызначаны амбасадарам у Беларусь.

(Дабравольскі: ) "Працэдура ў гэтай справе яшчэ працягваецца", – сказаў спадар Дабравольскі.

Былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі Марак Буцька кажа, што таксама ведае пра кандыдатуру Генрыка Літвіна, але на ягоную думку, хто б ні стаў цяпер амбасадарам Польшчы ў Беларусі – праца будзе надзвычай цяжкай.

(Буцька: ) "Я не магу ацаніць асабіста спадара Літвіна, бо зь ім папросту незнаёмы. Але добра, што польскі амбасадар ў Менску нарэшце будзе. Новага пасла чакае цяжкая праца, бо ўвогуле варункі для дзейнасьці амбасады ў Беларусі складаныя, а беларускія ўлады напэўна ня робяць жыцьцё польскіх дыпляматаў больш прыемным. Будзе цяжка, але мы ўсе жадаем новаму паслу посьпехаў".

Генрык Літвін – прафэсійны дыплямат, аднак амбасадарам ён будзе ўпершыню ў сваёй кар''еры. Канчаткова аб тым, стане ён амбасадарам у Беларусі ці не, будзе вядома напрыканцы гэтага тыдня, калі кандыдатаў на паслоў у іншыя краіны, у тым ліку і ў Беларусь, мае зацьвердзіць камісія замежных справаў Сэйму.
XS
SM
MD
LG