Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі дэпутат заклікае пашырыць "чорны сьпіс" Эўразьвязу


Радыё Свабода Літоўскі дэпутат заклікаў скласьці сьпіс кіраўнікоў і супрацоўнікаў беларускіх дзяржаўных СМІ, якім будзе забаронены ўезд у Эўразьвяз. З такой ініцыятывай выступіў старшыня падкамітэту па эўрапейскім суседзтве Камітэту замежных справаў Сэйму Літвы і віцэ-кіраўнік літоўскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Эмануэліс Зінгерыс.

На ягоную думку, такая мера мусіць распаўсюджвацца ня толькі на беларускіх чыноўнікаў, якія падазраюцца ў злачынствах, але і на тых, хто ідэалягічна забясьпечвае цяперашнюю беларускую ўладу. Прадстаўнікі афіцыйных СМІ называюць гэтую ініцыятыву прапагандысцкім крокам.

Стварыць сьпіс неўязных прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ Эмануэліса Зінгерыса натхніла апошняя рэзалюцыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, у якой Эўразьвязу рэкамэндавана пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у аб’яднаную Эўропу. Спадар Зінгерыс зьвярнуўся да беларускіх праваабаронцаў з просьбай, каб тыя падрыхтавалі падмацаваны фактамі сьпіс людзей, якія хаваюць праўду аб зьнікненьні палітычных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ідэалягічна апраўдваюць недэмакратычныя дзеяньні беларускіх уладаў. Гаворыць Эмануэліс Зінгерыс:

(Зінгерыс: ) “У Беларусі зьнікаюць людзі, і зьнікаюць, відаць, з палітычных матываў. Ідэолягі гавораць, што такога няма. Фактычна, гэта спрыяньне злачынствам. Зыходзячы з таго, што мы перажылі ў час другой усясьветнай вайны і пазьней, падчас іншых рэжымаў, цяпер мы не павінны спакойна глядзець на тое, што гаворыцца. Бо гэта гаворыцца ў манапалізаваных сродках масавай інфармацыі. І гаворыцца гэта дзеля таго, каб вырасла новае пакаленьне, якое б ненавідзела правы чалавека”.

Эмануэліс Зінгерыс сьцьвярджае, што ягоная ініцыятыва ніякім чынам не зьвязаная з прэзыдэнкімі выбарамі, якія адбудуцца ў Беларусі 19 сакавіка:

(Зінгерыс: ) “Тое, што я цяпер кажу, абсалютна не зьвязана з выбарамі. Гэта зьвязана з тым, якое грамадзтва хочуць стварыць у Беларусі. Гэта зьвязана са шматгадовымі спробамі ідэалягічнага атручваньня беларускай моладзі — калі гавораць, што ўсё прымальнае ў рамках правоў чалавека ва ўсім сьвеце непрымальнае ў Беларусі”.

Эмануэліс Зінгерыс спадзяецца, што ягоная ініцыятыва будзе падтрыманая афіцыйнымі прадстаўнікамі Эўрапейскага Зьвязу.

Палітычны аглядальнік Беларускага тэлебачаньня Юры Пракопаў лічыць гэтую ініцыятыву Эмануэліса Зінгерыса прапагандысцкім крокам:

(Пракопаў: ) “Парлямэнтары новых сябраў Эўразьвязу ўвесь час выступаюць зь нейкімі дзіўнымі ініцыятывамі. Такіх ініцыятываў было вельмі шмат, і наўрад ці яны мелі нейкае ўзьдзеяньне. Мне здаецца, што гэта больш прапагандысцкі ход — паказаць, што краіны Балтыі праводзяць нейкую палітыку для дэмакратызацыі Беларусі”.

Юры Пракопаў гаворыць, што ён і ягоныя калегі ня надта засмуцяцца, калі патрапяць у гэты сьпіс Зінгерыса.
XS
SM
MD
LG