Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Калякіна выклікалі ў пракуратуру


Радыё Свабода Сёньня кіраўніка перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргея Калякіна выклікалі ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь. Больш за гадзіну сьледчы пракуратуры распытваў яго аб прэсавай канфэрэнцыі, якую Калякін правёў 28 студзеня.

Сьледчы рэспубліканскай пракуратуры Павал Радзівонаў запрасіў Сяргея Калякіна даць тлумачэньні пра праведзеную ім у канцы студзеня прэсавую канфэрэнцыю, на якой той заявіў, што быў гвалтоўны збор подпісаў за А.Лукашэнку на прадпрыемствах і ва ўстановах. Спадару Калякіну адразу патлумачылі, што ніякай справы па гэтым факце не заведзена, і не зазначылі, што ён запрошаны як сьведка ці падазраваны. Пракуратура толькі зацікавілася наступнай заявай спадара Калякіна ад 28 студзеня:

(Калякін: ) “І самае небясьпечнае, што сюды ўцягнутыя супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія павінны стаяць на варце закону, і супрацоўнікі пракуратуры. Паўсюдна ў органах унутраных справаў і пракуратуры адбываўся гвалтоўны збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку”.

Сяргей Калякін тады заклікаў міністра ўнутраных справаў і генэральнага пракурора зрабіць захады, каб спыніць парушэньні выбарчага заканадаўства. Аднак, як ён сёньня высьветліў, пракуратура перш за ўсё зацікавілася крыніцамі ягонай інфармацыі, а таксама прозьвішчамі супрацоўнікаў пракуратуры, якія пад прымусам зьбіралі подпісы за Лукашэнку.

(Калякін: ) “Я адмовіўся даваць тлумачэньні, выкарыстоўваючы артыкул 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

Сяргею Калякіну не патлумачылі, ці будуць працягваць праверку па факце ягоных заяваў СМІ. У прэсавай службе пракуратуры Рэспублікі Беларусь “Свабодзе” не змаглі патлумачыць сутнасьці справы.

Пасьля наведваньня пракуратуры Сяргей Калякін змог паўдзельнічаць у пасяджэньнях Палітычнай рады аб’яднанай апазыцыі і перадвыбарчага штабу, на якіх быў зацьверджаны графік сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча з выбаршчыкамі ў выпадку ягонай рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнта.

Тым часам у перадвыбарчым штабе Аляксандра Казуліна рыхтуюць матэрыялы і актывістаў да вядзеньня агітацыйнай кампаніі, паведаміў кіраўнік штабу Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Мы едзем цяпер у вобласьці. Арганізоўваем і праводзім сэмінары зь сябрамі, якія будуць арганізоўваць арганізацыйна-прапагандысцкую кампанію і назіраньне”.

Яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат Сяргей Гайдукевіч называе тыдзень перад рэгістрацыяй пікам арганізацыйнай працы.

(Гайдукевіч: ) “Цяпер катастрафічна бузе не хапаць часу, я памятаю свае памылкі перадвыбарчай кампаніі 2001 году, памятаю вельмі добра і паўтараць не хачу. Цяпер самая асноўная праца ідзе”.
XS
SM
MD
LG