Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды зьнік Мікалай Аўтуховіч?


Радыё Свабода Пяць дзён таму зьнік з-пад хатняга арышту прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, якога мусілі судзіць у Кастрычніцкім судзе Горадні. Ці шукае Аўтуховіча міліцыя і якое пакараньне чакае зьбеглага прадпрымальніка, калі яго затрымаюць?

Тры гады зьняволеньня прадугледжвае Крымінальны кодэкс за ўцёкі з-пад варты. А якое пакараньне чакае Мікалая Аўтуховіча, прадпрымальніка з Ваўкавыску, які пяць дзён таму не зьявіўся ў суд і ўцёк з-пад хатняга арышту? Вось што патлумачыла адвакат Мікалая Аўтуховіча Галіна Іванова:

(Іванова: ) “Ён парушыў меру стрыманьня — такім чынам, яму пагражае мера стрыманьня больш жорсткая — знаходжаньне пад вартай. Але непасрэдна за тое, што ён уцёк з-пад хатняга арышту, пакараньне не прадугледжанае. У артыкуле аб адказнасьці за ўцёкі ня згадваецца хатні арышт”.

Паводле зьвестак з Кастрычніцкага раённага суду Горадні, дзе мусіў праходзіць працэс над прадпрымальнікам, туды яшчэ не патрапілі зьвесткі зь міліцыі Ваўкавыску, якая вяла нагляд за Мікалаем Аўтуховічам. Між тым, толькі на падставе такіх зьвестак, паводле закону, судзьдзя Мікалай Рачынскі можа прыняць пастанову аб пошуках абвінавачанага Аўтуховіча. “Мне невядома, каб да нас зьвярталіся з Кастрычніцкага суду Горадні паводле пошукаў Аўтуховіча. А інакш мы ня можам абвясьціць яго ў вышук”, — паведаміў Радыё Свабода кіраўнік прэсавай службы МУС Віталь Грынкевіч.

Ці можа так стацца, што Мікалай Аўтуховіч ужо пакінуў Беларусь? Гэта ня выключана — асабліва, калі былы прадпрымальнік меў пашпарт. Адвакат Галіна Іванова згадала, што яе падабаронны пасьля вяртаньня зь менскага турэмнага шпіталю ў сьнежні мінулага году зьвяртаўся ў суд, каб яму вярнулі пашпарт, які знаходзіўся сярод матэрыялаў ягонай крымінальнай справы. Ці пасьпеў Аўтуховіч атрымаць пашпарт, Галіна Іванова ня ведае.

У Беларусі рэдкія выпадкі, калі ўцякаюць з-пад варты тыя, хто знаходзіўся пад хатнім арыштам. “Проста гэтая мера стрыманьня выкарыстоўваецца вельмі рэдка”, — заўважае Гары Паганяйла, былы адвакат банкіркі Тамары Віньнікавай, якая ў 1999 годзе ўцякла з-пад хатняга арышту і цяпер жыве ў Вялікабрытаніі. Паводле Гары Паганяйлы, умовы, у якіх тады знаходзілася ягоная падабаронная, былі нават больш жорсткія за хатні арышт.

(Паганяйла: ) “Прабачце, яна ідзе ў прыбіральню, а побач застаецца мужык зь пісталетам Сьцечкіна. Яе пільнавалі ўвесь час, супрацоўнік аховы прэзыдэнта хадзіў за ёй і калі яна наведвала краму. Дахаты да яе нікога не пускалі, акрамя адвакатаў”.

Тым ня менш, Тамара Віньнікава ўцякла, а адвакат Гары Паганяйла, якога гэта моцна тады зьдзівіла, заўважае, што, паводле ягоных зьвестак, ніхто з вартаўнікоў Віньнікавай ня быў пакараны.

Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 14 кастрычніка паводле справы аб нявыплаце падаткаў. Зь першага дня арышту ён трымаў галадоўку пратэсту, якая цягнулася 74 дні. 26 сьнежня Аўтуховічу зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт. Паводле супрацоўнікаў фірмы Аўтуховіча, перад уцёкамі ён накіраваў ліст генэральнаму пракурору, у якім заявіў, што адмаўляецца ад абяцаньня знаходзіцца пад хатнім арыштам, бо да ягонай сям’і ставяцца неадпаведна закону. Як патлумачыла Радыё Свабода адвакат Аўтуховіча Галіна Іванова, лёс арыштаваных аўтамабіляў фірмы Аўтуховіча вырашыць суд, які мусіць адбыцца ў прысутнасьці прадпрымальніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG