Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбныя тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты?


Радыё Свабода, Менск Цэнтральная выбарчая камісія вырашыла не праводзіць тэледэбатаў паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты. Паводле Цэнтравыбаркаму, гэта не прадугледжана выбарчым заканадаўствам. Ці падтрымліваюць ідэю тэледэбатаў выбарцы ў Менску?

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, ці варта праводзіць тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты і якія пытаньні варта задаваць?”

(Спадарыня: ) “Так, бо грамадзкая думка мае вялікае значэньне. І калі мы будзем адкрыта абмяркоўваць нейкую праблему, то яна будзе лепш вырашацца, чым усё гэта цішком”.

(Спадар: ) “Так, канечне, трэба выслухаць кандыдатаў, што яны нам прапануюць, што ад іх чакаць”.

(Спадарыня: ) “Натуральна, а чаму б не правесьці? Чаму не папрысутнічаць і не пацікавіцца, пра што там кажуць? Вось я б у іх спытала: як у нас будзе з жытлом для нашых маладых, для нашых дзяцей?”

(Спадар: ) “Якія тут дэбаты? Натуральна, што Лукашэнка тут па-за канкурэнцыяй. Спрабуе нешта для народу рабіць і нешта робіць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці вы за тэледэбаты?”

(Спадарыня: ) “Так, натуральна, я за тэледэбаты. Кожны павінен сваё меркаваньне выказаць”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы лічыце, якія пытаньні варта было б задаць кандыдатам?”

(Спадарыня: ) “Каб яны патлумачылі людзям свае праграмы”.

(Спадарыня: ) “Трэба. Усе пытаньні, якія тычацца жыцьця, трэба задаваць. А чаго хавацца? Я вось гэтага не разумею. Паглядзіце, у Расеі як — там усё відаць і чуваць. А мы, нібыта, пад зямлёй жывем. Што гэта такое?”

(Спадар: ) “Я лічу, што абавязкова трэба праводзіць тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты. Бо толькі на тэледэбатах, асабліва падчас простага эфіру, у дыялёгу можна высьветліць, якія матывы дакладна стаяць за праграмай таго ці іншага кандыдата”.

(Юнак: ) “Гэта нармалёвая зьява — тэледэбаты. Ва ўсясьветнай практыцы гэта ўжо было: той жа Рэйган з Кэнэдзі выступалі ў тэледэбатах. І гэта цалкам нармалёва, калі можна пачуць кандыдата, што ён гаворыць, і проста пабачыць, хто там ёсьць і запомніць твар”.

(Юначка:) “Трэба было б правесьці, каб людзі больш даведаліся. Ніякіх абяцаньняў слухаць ня хочацца, бо гэта ўсё не збываецца. Але ж хацелася б хоць даведацца пра людзей, якія яны ў жыцьці”.

(Спадар: ) “Я лічу, што гэта абсалютна неабходна. А як жа інакш? Мы і так мала ведаем пра іншых кандыдатаў. І па радыё, і па тэлебачаньні, здаецца, сорак хвілін плянавалася, але і гэтага нават ня будзе. Гэта ні ў якія рамкі не ўваходзіць”.
XS
SM
MD
LG