Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Крук дапытаная ў Астравецкай пракуратуры


Радыё Свабода, Гародня Яе выклікалі на допыт у якасьці сьведкі па справе ейнага мужа – Івана Крука.

Ужо больш двух тыдняў таму супраць Івана Крука ўзбуджаная крымінальная справа. Яго абвінавачваюць паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу РБ у аказаньні супраціву работнікам міліцыі. У пастанове сьледчага Аляксандра Баркоўскага гаворыцца, што падчас канфіскацыі кампутара ў кватэры Івана Крука ён наўмысна сарваў пагон у аднаго з міліцыянтаў, а таксама адпіхваў яго і нават прычыніў лёгкія цялесныя пашкоджаньні.

Сьледчаму Баркоўскаму Вольга Крук расказала ўсё, што бачыла на свае вочы падчас ператрусу ў кватэры і засьведчыла, што ейны муж не зрываў у міліцыянта пагоны, а таксама не аказваў супраціву.

У мінулую пятніцу Іван Крук таксама быў на допыце ў якасьці падазраванага. Ён адмовіўся даваць сьледчаму паказаньні, паколькі лічыць, што справа супраць яго наўмысна сфабрыкаваная супрацоўнікамі міліцыі. Іван Крук напісаў скаргу пракурору Гарадзенскай вобласьці, у якой патрабуе прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія рабілі ў ягонай кватэры ператрус.

Ператрус у кватэры Івана Крука, зборшчыка подпісаў за А.Мілінкевіча, адбыўся ў сувязі з тым, што міліцыя падазрае ягонага сына, які вучыцца ў 10-й клясе, у крадзяжы грошай у пэнсіянэркі. Ніякіх улік міліцыянты ў кватэры супраць сына не знайшлі, але іх зацікавіў кампутар, 15 бюлетэняў Кангрэса Дэмакратычных сілаў, некалькі экзэмпляраў мясцовага бюлетэня “Інфарматар”. Кампутара Іван Крук забраць ня даў, скінуў яго са стала на падлогу і разьбіў.

Пасьля ператрусу Вольга Крук амаль два тыдні праляжала ў шпіталі, яна моцна перахвалявалася.
XS
SM
MD
LG