Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне грамадзкіх актывістаў у Наваполацку


Радыё Свабода, Наваполацак 13 лютага ў Наваполацку а палове трэцяй ночы быў затрыманы сябра Партыі БНФ Аляксей Трубкін. Нагодай для затрыманьня стала тое, што ён прымацаваў да вулічнай дошкі аб’яваў каля гандлёвага цэнтру “Пралеска” налепку “Мы хочам новага!”.

Спадар Трубкін быў дастаўлены ў пастарунак, дзе на яго склалі пратакол за парушэньне артыкулу 173 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

Затрыманы мяркуе, што грамадзкага парадку ён не парушаў, бо на налепцы былі выходныя зьвесткі Смаленскай друкарні, і разьмясьціў ён налепку на адпаведным месцы — дошцы аб’яваў.

23 лютага спадар Трубкін мусіць прыйсьці на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі Наваполацкага гарвыканкаму, якая і вызначыць меру пакараньня. Летась грамадзкі актывіст ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за тое, што 25 сакавіка ўручыў рэктару мясцовага ўнівэрсытэту ўлётку зь віншаваньнямі да Дня Волі. За гэта ён быў аштрафаваны на 102 тысячы рублёў.

Як стала вядома, у гэтую ж ноч у Наваполацку за аналягічныя дзеяньні быў затрыманы і дастаўлены ў пастарунак яшчэ адзін грамадзкі актывіст, які прасіў ня згадваць у эфіры ягонага прозьвішча.
XS
SM
MD
LG