Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У тэатры Янкі Купалы пройдзе разьвітаньне з Віктарам Тарасавым


Ігар Карней, Менск 10 лютага на 73-м годзе жыцьця памёр народны артыст СССР і Беларусі Віктар Тарасаў. Больш за сорак гадоў актор аддаў Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру Янкі Купалы, шмат працаваў у кіно. Цягам апошніх 10 гадоў пра Тарасава практычна нічога не было чутна – сышоўшы з тэатру, ён цяжка хварэў і жыў за горадам. Сёньня а першай гадзіне дня ў купалаўскім тэатры адбудзецца разьвітаньне з акторам.

Віктар Тарасаў скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У трупе Купалаўскага тэатру – з 1957 году. Актор “шырокага дыяпазону”, сыграў больш за сто рознаплянавых роляў. Сярод лепшых, паводле крытыкаў, Ахмэд (“Дзівак” Н.Хікмета), Клеон (“Забыцца пра Герастрата” Р.Горына), Келін (“Сьвятая сьвятых”, І.Друцэ), Бачана (“Закон вечнасьці” Н.Думбадзэ), Няхлюдаў (“Уваскрасеньне” Л.Талстога), Гараднічы (“Рэвізор” М.Гогаля), Барон і Іван Каламійцаў (“На дне” і “Апошнія” М.Горкага). Шмат працаваў у кінэматографе: “Соф’я Пяроўская”, “Полымя”, “Крушэньне Імпэрыі”, “Кіроўца аўтобуса”, “Дзяржаўная мяжа”, “Руіны страляюць”, “Зацішша”, “Бацька” і іншыя. За ролю Яўхіма ў тэлефільме “Людзі на балоце” атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.
XS
SM
MD
LG