Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня працягнецца суд над Садамам Хусэйнам


Радыё Свабода Сёньня ў Багдадзе пасьля дзесяцідзённага перапынку адбудзецца чарговае паседжаньне суду над зрынутым ірацкім дыктатарам Садамам Хусэйнам і 7 ягоным паплечнікамі. Садам Хусэйн байкатаваў ужо некалькі судовых паседжаньняў, і пакуль дакладна невядома, ці з’явіцца ён у судзе сёньня.

Садама Хусэйна і ягоных памагатых абвінавачваюць ў датычнасьці да забойства 148 жыхароў вёскі Дуджайль у 1982 годзе пасьля таго, як тут адбыўся замах на Хусэйна. Калі Садама прызнаюць вінаватым у гэтай справе, то яму пагражае сьмяротнае пакараньне. На мінулых судовых слуханьнях ужо выступілі сьведкі – жыхары вёскі Дуджайль -- яны распавялі пра арышты і забойствы іх сваякоў супрацоўнікамі ірацкіх спэцслужбаў. Чакаецца, што сёньня гэтаксама выступяць некалькі сьведкаў. Аднак пакуль невядома, ці будуць Садам і ягоныя паплечнікі прысутнічаць у судзе.

На мінулым, дзесятым паседжаньні суду 2 лютага ўсе абвінавачаныя і адвакаты адсутнічалі на працэсе на знак пратэсту супраць, як яны лічаць, перадузятага стаўленьня галоўнага судзьдзі. Іх інтарэсы прадстаўлялі прызначаныя судом абаронцы.

Судовую калегію ўзначальвае судзьдзя курд Раўф Рашыд Абдэль Рахман, ён замяніў былога старшыню суду Рызгара Аміна, якога абвінавачвалі ў паблажлівасьці да Хусэйна. Новы судзьдзя не зьвяртае ўвагі на дэмаршы падсудных і іх адвакатаў і працягвае працэс. Ён правёў ужо тры паседжаньні. І на кожным зь іх колькасьць асноўных удзельнікаў працэсу памяншалася – судзьдзя выдаляў з залы суды абвінавачаных за непавагу да суду, а адвакаты выходзілі самі на знак пратэсту.

Галоўны пракурор Джаафар аль-Мусаві ўжо заявіў, што згодна з ірацкім заканадаўствам, Хусэйна і ягоных паплечнікаў могуць прывесьці ў суд сілком. Аднак судзьдзя Абдэль Рахман мяркуе, што на дадзеным этапе, калі заслухоўваюць сьведкаў, працэс можа ісьці і без абвінавачаных.

Сёньняшняму судоваму паседжаньню папярэднічала інфармацыя пра тое, што былы дыктатар і ягоныя паплечнікі зьбіраюцца распачаць галадоўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў суду, які яны лічаць незаконным. Аднак пазьней адвакат Хусэйна заявіў, што экс-дыктатар пакуль ня плянуе галадоўку, прынамсі ў панядзелак. Дарэчы, паведамленьні пра галадоўку Хусэйна ўжо з’яўляліся пры канцы 2004 году, аднак тады амэрыканскае камандаваньне абвергла гэтыя паведамленьні.

Варта дадаць, што падчас судовых слуханьняў справы аб забойстве жыхароў вёскі Дуджайль, Садам Хусэйн напісаў паэму, у якой ён заклікае іракцаў да супраціву акупацыі. Хусэйн з’яўляецца аўтарам некалькіх мастацкіх твораў, якія ён напісаў яшчэ да скіданьня ягонага рэжыму. А цяпер жа, як паведамляецца, былы ірацкі дыктатар піша аўтабіяграфію.

Што да працэсаў над іншымі былымі дыктатарамі, то напрыклад судовая справа былога прэзыдэнта Югаславіі Слабадана Мілошавіча ў Гааскім трыбунале цягнецца ўжо амаль чатыры гады. Судовы разгляд злачынстваў чылійскага прэзыдэнта Аўгуста Піначэта і былога прэзыдэнта Пэру Альбэрта Фухіморы далёкі да завяршэньня. Праваабаронцы ўсё яшчэ спрабуюць прыцягнуць да судовай адказнасьці і былых дыктатараў Чарльза Тэйлара з Лібэрыі і Хісэна Хабрэ з Чаду.

Магчыма, найбольш выніковым і хуткім быў судовы працэс над былым прэм’ер-міністрам Руанды Жанам Камбандам, якога Міжнародны трыбунал ААН па Руандзе ў 2000 годзе прысудзіў да пажыцьцёвага зьняволеньня за масавыя забойствы ў Руандзе ў 1994 годзе.
XS
SM
MD
LG