Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З кіраўніка штабу Мілінкевіча возьмуць тлумачэньні ў пракуратуры


Радыё Свабода Сёньня Цэнтральная выбарчая камісія пачынае разгляд дакумэнтаў на рэгістрацыю кандыдатаў у прэзыдэнты, якія паступілі ад Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна, Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Мілінкевіча. Усе прэтэндэнты здалі подпісы выбаршчыкаў на сваю карысьць, заявы са згодай балятавацца, анкеты і дэклярацыі аб даходах і маёмасьці на сябе і блізкіх сваякоў.

Наконт дэклярацый сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што Цэнтрвыбаркам самастойна іх правяраць не будзе, а накіруе для заключэньня ў кампэтэнтныя органы: падатковую інспэкцыю, ДАІ, Бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі аб’ектаў нерухомасьці. Выяўленыя памылкі ў дэклярацыях, асабліва недастатковыя зьвесткі пра даходы і маёмасьць прэтэндэнтаў ды іх сваякоў, могуць спрычыніцца да адмовы ў рэгістрацыі.

Што да матэрыялаў абласных і раённых камісіяў па праверцы падпісных лістоў за прэтэндэнтаў, то, як паведаміў спадар Лазавік, ва ўсіх чатырох патэнцыйных кандыдатаў не выяўлена больш за 15 адсоткаў несапраўдных подпісаў. Гэта значыць, што усе прэтэндэнты могуць быць зарэгістраваныя, калі ЦВК сама не выявіць нейкіх парушэньняў і не перагледзіць пратаколы раённых і абласных камісіяў,– гаворыць Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Мы можам да свайго разгляду ўзяць любое пытаньне, якое адносіцца да кампэтэнцыі ніжэйстаячых камісіяў, гэта наша законнае права”.

Менскі палітоляг Віталь Сіліцкі выказвае сумнеў, што ЦВК скарыстаецца гэтым правам, каб адмовіць камусьці ў рэгістрацыі.

(Сіліцкі: ) “Пры чатырох кандыдатах улада можа рэалізаваць вельмі элегантны сцэнар, так што я не думаю, што хтосьці будзе незарэгістраваны”.

Сутнасьць гэтага сцэнару, паводле спадара Сіліцкага,-- давесьці, што кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч зойме апошняе месца ў прэзыдэнцкай гонцы.

Іншы аналітык Аляксей Кароль, які працуе ў штабе Аляксандра Казуліна, не выключае, што кагосьці з апазыцыйных кандыдатаў могуць і не зарэгістраваць:

(Кароль: ) “Я дапускаю ўсё-такі, хоць і на невялікі адсотак, што нехта можа быць незарэгістраваны. Скажам, паводле тых выказваньняў, якія прагучалі з вуснаў Лукашэнкі, яго ўстрывожыла вельмі, закранула паездка Мілінкевіча па замежжы і ўзровень ягоных сустрэч”.

Спадар Кароль тым не меней ён мяркуе, што Аляксандру. Лукашэнку патрэбна нейкая вонкавая легітымізацыя выніку прэзыдэнцкіх выбараў, якую адмова камусьці ў рэгістрацыі можа паставіць пад сумнеў.

У штабе Аляксандра Мілінкевіча і сам кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі перакананыя, што рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта будзе мець перш за ўсё палітычны характар. А лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч з гэтай нагоды выказаў меркаваньне, што толькі на гэтым тыдні рэальна будзе вырашацца, хто будзе зарэгістраваны кандыдатам на прэзыдэнта.

Рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта прызначаная ЦВК на 12 гадзін 17 лютага. А сёньня раніцай Сяргея Калякіна, кіраўніка штаба патэнцыйнага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, чакаюць у Пракуратуры Беларусі для дачы тлумачэньняў па факце праведзенай ім 28 студзеня прэсавай канфэрэнцыі. Тады Калякін абвінаваціў уладу ў арганізацыі гвалтоўнага збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку і заклікаў міністра ўнутраных спраў і генэральнага пракурора зрабіць захады, каб спыніць парушэньні выбарчага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG