Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта было б правесьці тэледэбаты паміж кандыдатамі на прэзыдэнта?


Радыё Свабода У параўнаньні з выбарамі 1994 году эфірны час кандыдатам ў прэзыдэнты на тэлебачаньні ўрэзалі ў два з паловай разы, у газэтах -- у 4 разы. Першы і апошні раз у гісторыі Беларусі тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты ў наўпроставым эфіры былі ў 1994 годзе. Паводле сацыялягічных апытаньняў, тады тэледуэль паміж Аляксандрам Лукашэнкам і тагачасным прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам глядзелі 90 працэнтаў беларусаў. На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 года тэледэбатаў не было, ня будзе іх і сёлета -- паводле тлумачэньняў супрацоўнікаў Цэнтравыбаркаму, яны не прадугледжаныя Выбарчым кодэксам. Ці варта было б правесьці тэледэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты, і што варта было б спытаць у кандыдатаў – такія пытаньні жыхарам Менску задала нашая карэспандэнтка.

(Спадар: ) "Безумоўна, тэледэбаты патрэбныя, каб людзі ўбачылі альтэрнатыву. Але, на вялікі жаль, адбываюцца "нямыя выбары": людзі ня бачаць ні праграм прэтэндэнтаў, ні заўваг адзін да аднаго. Я думаю, што ўлада баіцца, што будуць агучаныя яе недапрацоўкі, яе хібы, таму і не даюць слова ў прамым эфіры".

(Спадарыня: ) "Тэледэбаты патрэбныя, каб паказаць, наколькі разумныя тыя людзі, якія прэтэндуюць на пасаду кіраўніка дзяржавы, як хутка яны ўмеюць арыентавацца ў сытуацыі і знаходзіць адказы на пастаўленыя пытаньні".

(Спадарыня: ) "Вельмі б хацела пабачыць тое параўнаньне нашага "прызнанага і вялікага" зь людзі, якія, пэўна, ня горшыя за розуму, па жыцьцёваму досьведу і прапануюць ідэі, якія больш прывабныя, мне падаецца, для нашага грамадзтва".

(Спадар: ) "Натуральна варта, таму што вельмі цікава паслухаць, хто што думае, зь якой плятформай ідзе на выбары"

(Спадарыня: ) "Для мяне асабіста - так, варта. Я б з задавальненьнем паглядзела на тое, якім чынам адказваў бы прэзыдэет на некаторыя пытаньні - наконт зьнікненьня Завадзкага, Ганчара, Захаранкі".

(Спадарыня: ) "Тэледэбаты ў наўпроставым эфіры забароненыя, і ўсё будзе ісьці ў запісе. Таму мне ў прынцыпе зусім нецікава бачыць "кастрыраваны" варыянт".

(Спадар: ) "Можна было б задаць такое сур''ёзнае і іранічнае пытаньне: каб Аляксандар Рыгоравіч паказаў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, дзе людзі зарабляюць па 250 даляраў. Я такіх ня бачыў".

(Спадарыня: ) "Я б хацела даведацца, зь кім ён урэшце пажанёны. Бо кажуць, што ў яго ёсьць адна жонка, афіцыйная, што ёсьць і неафіцыйныя жонкі. Пра ўсё гэта ходзяць чуткі ў грамадзтве. Я б на прамым эфіры задала гэта пытаньне".

(Спадар: ) "Першы адказ я б хацеў пачуць ад Лукашэнкі: ён абяцаў паказаць фільм, як разганялі калісьці Вярхоўны Савет 12 скліканьня".

(Спадар: ) "Калісьці гарант Канстытуцыі казаў, што Канстытуцыя - сьвятое, і не дапусьціць, каб нешта зьмянялася. Але Канстытуцыю ён "пад сябе" мяняў некалькі разоў. Колькі гэта будзе цягнуцца? І другое пытаньне: ці адчувае ён маральную падтрымку ад людзей, і ці адчувае ён сваю ўласную мараль балятавацца на наступны тэрмін на прэзыдэнта?"
XS
SM
MD
LG