Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыі на заяву Ярмошынай: "Гэта не прававое, а палітычнае рашэньне"


Радыё Свабода На гэтым тыдні старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла аб тым, што прадстаўленьне кандыдатам на прэзыдэнта недзяржаўных мас-мэдыяў будзе расцэнена як “аказаньне матэрыяльнай дапамогі, што забаронена законам”. Як адрэагавалі на гэтую заяву прадстаўнікі недзяржаўнай прэсы?

Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала Лідзіі Ярмошынай зварот з тлумачэньнем, што выбарчае заканадаўства прадстаўляе ЦВК права вызначаць парадак выкарыстаньня ў перадвыбарнай кампаніі толькі дзяржаўных СМІ і не датычыць прыватных, паведаміў прадстаўнік БАЖ Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Гэта не прававое рашэньне, гэта палітычнае рашэньне – наступны крок пасьля таго, як газэтам быў перакрыты выхад да чытача праз падпіску і “Саюздрук”.

Галоўны рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль называе заяву спадарыні Ярмошынай парушэньнем заканадаўства і не зьбіраецца кіравацца ёю:

(Кароль: ) “Мы як былі незалежнай і аб’ектыўнай прэсай, так і будзем асьвятляць ход выбарчай кампаніі. Праграмы кандыдатаў відавочна будуць друкавацца ў адведзенай дзяржаўнай прэсе, таму цалкам іх мы не будзем друкаваць, але будзем публікаваць бачаньне кандыдатамі сытуацыі, будучыні, мы асьвятляць гэта будзем, бо людзі павінны ведаць”.

Галоўны рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько мае падобны падыход, хоць і ня хоча даваць ацэнку заявам спадарыні Ярмошынай:

(Дынько: ) “Мы будзем далей інфармаваць людзей пра кампанію, пра кандыдатаў, пра іхныя плятформы, але мы ня можам друкаваць непасрэдна плятформаў ці нейкіх праграмных заяваў гэтых кандыдатаў”.

Аглядальнік тыднёвіка “Беларусы і рынак” Канстанцін Скуратовіч кажа, што нават папраўкі ў Крымінальны кодэкс асабліва не паўплывалі на працу незалежнай прэсы: яна піша, як і пісала – аб’ектыўна.

(Скуратовіч: ) “Пісаць, як і пісалі, а што ж рабіць?.. Гэта сплянаваная акцыя такая, каб аднаму “каню” зьвязаць ногі, а іншага пусьціць у галоп”.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч таксама лічыць патрабаваньні старшыні ЦВК незаконнымі:

(Мілінкевіч: ) “Ярмошына памыляецца, незалежныя газэты маюць пісаць пра што хочуць, магчыма, яны не маюць права агітаваць, напрыклад, за Мілінкевіча, але забароны на прозьвішча, як гэта адбываецца на дзяржаўным тэлебачаньні, думаю, у незалежных газэтах не павінна быць. Іх засталося ж усяго нічога. І калі яны будуць ім рот затыкаць, то гэта проста сьмешна”.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зазначыў, што ЦВК ня будзе кантраляваць незалежную прэсу, але выказаў ёй параду – быць збалянсаванай:

(Лазавік: ) “Любая газэта напэўна можа дазволіць сабе нейкую вольнасьць, але трэба памятаць, што нельга пераходзіць рамкі закону”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG