Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Арэнс: “Атмасфэра ва Ўкраіне адрозьнівалася ад беларускай”


Радыё Свабода Назіральная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ, акрамя выніковай справаздачы, падрыхтуе дзьве прамежкавыя. Адна выйдзе адразу пасьля заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў, а другая – за 8-9 дзён перад днём галасаваньня. Гэтыя справаздачы, напісаныя ў Беларусі, адразу накіруюцца ў варшаўскае Бюро дэмакратычных інстытутаў і будуць апублікаваныя. Аб працы місіі зь яе кіраўніком, паслом Гертам Арэнсам, гутарыў наш карэспандэнт.

Спадар Арэнс мяркуе штотыдзень сустракацца з дырэктарам дэпартамэнту Эўропы беларускага МЗС і старшынёй ЦВК.

(Арэнс: ) “Падчас гэтых сустрэчаў я буду прыцягваць іх увагу да нашага назіраньня і да тых магчымых заўвагаў, якія ў нас зьявяцца. Таму і атрымаецца, што ў тых справаздачах, якія мы будзем пісаць, ня будзе сюрпрызаў, паколькі тыя аспэкты, адлюстраваныя ў справаздачах, я буду агучваць на гэтых сустрэчах. Гэта я практыкаваў падчас іншых назіральных місіяў, напрыклад, у Азэрбайджане, і гэта добра спрацавала, паколькі іншым разам карысна прыцягнуць увагу ўладаў да тых недахопаў, пра якія яны проста маглі ня ведаць”.

Аснова кодэксу назіральнікаў АБСЭ – у непрадузятасьці й аб’ектыўнасьці. А сама мэтадалёгія распрацавана на вялікім вопыце. Але ці выканаў афіцыйны Менск рэкамэндацыі мінулых місій наконт дэмакратызацыі выбарчага працэсу? Вашыя першыя ўражаньні пра сытуацыю ў Беларусі? Некаторыя палітыкі кажуць пра адсутнасьць для ўсіх роўных умоваў...

(Арэнс: ) “Перад прыездам у Менск, я меў вялікую размову зь Бюро дэмакратычных інстытутаў. Там вельмі шкадуюць, што рэкамэндацыі ня сталі аб’ектам далейшых кантактаў паміж Бюро і беларускімі ўладамі. Адносна ўражаньняў, я лічу за лепшае не даваць камэнтары цяпер, паколькі адпаведна з нашым кодэксам, мы можам камэнтаваць толькі тое, што самі назіралі. Непрыймальна, калі місія прыяжджае ў краіну і праз 2-3 дні ведае, добра ўсё ці дрэнна. Нашы кантакты з уладамі пакуль былі карэктнымі. У нас не было праблем зь візамі, і цяпер я буду весьці шэраг сустрэчаў, як са штабамі кандыдатаў, так і з палітычнымі партыямі, няўрадавымі арганізацыямі і, канешне ж, дзяржаўнымі органамі”.

Вы кіравалі падобнай назіральнай місіяй падчас прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Ці можна параўнаць тое, што адбывалася тады, перад выбарамі ва Ўкраіне, з тым, што цяпер ёсьць у Беларусі?

(Арэнс: ) “Я палічыў бы за лепшае не рабіць такія параўнаньні, паколькі краіны вельмі розныя. Атмасфэра ва Ўкраіне адрозьнівалася ад той, якая цяпер тут. Дзейны прэзыдэнт Кучма там не балятаваўся на выбарах. Быў іншы прэтэндэнт, спадар Януковіч, які атрымаў ягоную падтрымку. Таксама ва Ўкраіне была вельмі вялікая розьніца паміж захадам і усходам. Захад поўнасьцю падтрымліваў Юшчанку, а ўсход – Януковіча. Я быў у Данецку і сам адчуваў гэта ў паветры. Хаця я і не спэцыяліст па Беларусі, але ў такой форме ў вас гэтага няма”.

Гл. таксама:

Г.Арэнс: "Мы застаемся адданымі нашай мэтадалёгіі й прынцыпам АБСЭ"
XS
SM
MD
LG