Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі аблвыбаркам: найбольш несапраўдных подпісаў у Мілінкевіча


Радыё Свабода, Віцебск Пасьля праверкі ў Віцебскай абласной выбарчай камісіі подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча паменшала амаль на 2 тысячы. 453 подпісы прызнаныя несапраўднымі і 1407 – ануляваныя, бо подпісы з чатырох раёнаў вобласьці камісія прызнала несапраўднымі больш як 15%.

Віцебшчына займала другое месца пасьля Гарадзенскае вобласьці паводле колькасьці сабраных подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля праверкі з 26 з паловаю тысяч засталося толькі 24 тысячы 645 подпісаў.

Паводле дадзеных абласной выбарчай камісіі, несапраўдных подпісаў за іншых прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах было зафіксавана ў некалькі разоў меней.

Так, з больш як 20 тысячаў подпісаў, сабраных за Аляксандра Казуліна, несапраўднымі прызнаныя толькі 534. З амаль 16-ці тысяч подпісаў за вылучэньне Сяргея Гайдукевіча не залічылі толькі 147. Сярод подпісаў, сабраных за Аляксандра Лукашэнку, несапраўднымі прызналі 187 з больш як 243 тысяч подпісаў.

На думку Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка віцебскай ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча, вялікая колькасьць несапраўдных подпісаў, зафіксаваная абласной выбарчай камісіі, можа быць вынікам ціску ў рэгіёнах, калі людзей вымушалі адмаўляцца ад уласных подпісаў пад пагрозаю звальненьня з працы або іншых рэпрэсіяў.
XS
SM
MD
LG