Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта здалі дакумэнты на рэгістрацыю


Радыё Свабода 11 лютага закончыўся тэрмін падачы дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Апошнім заяву пра згоду балятавацца, анкету і дэклярацыі аб даходах і маёмасьці на сябе і блізкіх сваякоў здаў лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін. Учора дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах падалі лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка і кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Пра тое, якія даходы задэкляравалі патэнцыйныя кандыдаты, паведамляе наш карэспандэнт.

З канкурэнтаў дзейнага прэзыдэнта, відаць, самы багаты – лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч. Прычым самы буйны даход яму летась прынёс суд супраць газэты “Народная воля” аб абразе гонару й годнасьці – газэта выплаціла яму 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Акрамя таго, ягоны заробак у Палаце прадстаўнікоў склаў 23 мільёны, пэнсія ад Мінабароны – каля 6 мільёнаў рублёў. Летась спадар Гайдукевіч узяў крэдыт у “Беларусбанку” на набыцьцё машыны “Лексус С-300” – звыш 18 тысячаў даляраў. Прэтэндэнты на прэзыдэнцкіх выбарах не абавязаны дэкляраваць свае расходы, але спадар Гайдукевіч паведаміў “Свабодзе”, як ён патраціў 100 мільёнаў рублёў ад “Народнай волі”, за выключэньнем 30 мільёнаў падатку з гэтай сумы:

(Гайдукевіч: ) "Усё раздаў, літаральна да цэнта, хто толькі ні прыяжджаў, там сотні прозьвішчаў".

Аляксандар Казулін свае дэклярацыі пра даходы і маёмасьць падаў апошнім з прэтэндэнтаў, хаця асабіста яму асабліва дэкляраваць не было чаго – летась, пасьля звальненьня з пасады рэктара БДУ, ён быў беспрацоўным і даходаў ня меў, жыў за кошт ранейшых зьберажэньняў.

Пра даходы Аляксандра Лукашэнкі за мінулы год можна будзе даведацца толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатаў, паведаміў прэсавы сакратар ягонай ініцыятыўнай групы Дзьмітры Косьцін:

(Косьцін: ) “Гэтую інфармацыю вы толькі праз 10 дзён зможаце даведацца, згодна з заканадаўствам”.

Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пра свае даходы паведаміў:

(Мілінкевіч: ) “У мяне даволі прыстойна атрымалася. Паколькі мяне папрасілі сысьці зь дзяржаўнай працы пад час выбарчай кампаніі Домаша, то я працую ў розных месцах і падзарабляю, каб мець на жыцьцё. І ў мяне летась атрымалася пад 400 даляраў на месяц”.

Каля 2000 эўра спадар Мілінкевіч атрымаў за навуковае рэцэнзаваньне кніг, а ягоны заробак у Фондзе спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю, дзе спадар Мілінкевіч працуе кіраўніком праграм, у рублях склаў 4 мільёны 700 тысячаў.

Акрамя таго, згодна з дэкрэтам прэзыдэнта ад 2001 года "Аб абавязковым дэкляраваньні даходаў і маёмасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь", дэклярацыі павінны прадстаўляць жонка і дзеці, браты і сёстры, дзядулі бабулі і іншыя блізкія сваякі кандыдатаў. Дэклярацыі, анкеты, а таксама подпісы за кандыдатаў на прэзыдэнта будуць правярацца Цэнтрвыбаркамам да 17 лютага, калі пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што пасьля праверкі подпісаў усе прэтэндэнты захоўваюць шанцы на рэгістрацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG