Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат хоча атрымаць падпісныя лісты, прызнаныя несапраўднымі


Радыё Свабода Дэпутат Слонімскага райсавету Іван Шэга чакае адказу з тэрытарыяльнай выбарчай камісіі адносна подпісаў за А.Мілінкевіча, якія былі прызнаны несапраўднымі. Ён спаслаўся на статус дэпутата мясцовага савету, які мае права рабіць запыты і ўдзельнічаць у праверках.

Спадар Шэга патлумачыў нашаму Радыё, што да яго, як да кіраўніка ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, зьвярталіся жыхары Слоніма са скаргамі на прадузятасьць, зь якой часам праводзілася праверка подпісаў. Напрыклад, да спадара Чыгрына прыйшлі з прэтэнзіяй, што ён нібыта паставіў свой подпіс двойчы – у двух падпісных лістах. Хаця было выразна відно, што ініцыялы ў другім лісьце зусім іншыя, а прозьвішча гэтае досыць распаўсюджана ў Слоніме. Камісія прызнала несапраўднымі ўсе здадзеныя подпісы – 2416. Дэпутат Шэга просіць, каб яму прадаставілі падпісныя лісты, якія прызнаныя несапраўднымі.

На Гарадзеншчыне прызнаны несапраўднымі подпісы за Мілінкевіча ў 10 раёнах. Збор подпісаў не праводзіўся толькі ў двух раёнах вобласьці. Што датычыць праверкі ў двух раёнах Горадні, Ленінскім ды Кастрычніцкім, дык там прызнаны несапраўднымі адпаведна 117 або 7 адсоткаў подпісаў і 101 або 9 адсоткаў. Пра гэта паведаміў адказны ў ініцыятыўнай групе за працу ў горадзе Вадзім Саранчукоў.

Паводле намесьніка кіраўніка абласнога штаба А.Казуліна Ўладзіміра Кісялевіча, у іх прызнаны несапраўднымі толькі подпісы сабраныя ў Смаргоні – каля адной тысячы, і ў суседнім Астраўцы – каля шасьцісот. Ён таксама паведаміў, што плянуецца прыезд і сустрэча спадара Казуліна з выбаршчыкамі ў Горадні.
XS
SM
MD
LG