Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны з жыцьця беларускай грамады ў Маскве


Ганна Сурмач, Прага Ажыўленьне беларускай прысутнасьці ў сталіцы Расеі стала адметнай зьяваю ў жыцьці беларускай дыяспары. Пра тое, што новага адбываецца ў беларусаў Масквы слухайце ў чарговым выпуску перадачы “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Аляксей Каўка, Алесь Кушнер, Андрэй Макагон.

(Сурмач: ) “Як нам паведамілі маскоўскія беларусы, найбольш значнаю падзеяю для іх мае быць у бліжэйшы час адзначэньне 100-гадовага юбілею беларускага гісторыка Міколы Ўлашчыка, гэтая дата прыпадае на 14 лютага”.

Наша даведка:

Мікола Улашчык – буйнейшы беларускі акадэмічны гісторык, які ў савецкія часы зрабіў шмат дзеля аднаўленьня праўдзівай гісторыі Беларусі.

Нарадзіўся 14 лютага (1 лютага па старому стылю) 1906 году на Койданаўшчыне, у вёсцы Віцкаўшчына, што 20 км ад Менску, якую потым апісаў у адным са сваіх дасьледаваньняў.

У 1929 годзе скончыў сацыяльна-гістарычнае аддзяленьне пэдфакультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1930 годзе быў арыштаваны ў сувязі са справаю так званага Саюзу вызваленьня Беларусі, але фактычна за ягоную працу ў галіне беларускага краязнаўства, пасьля суду быў сасланы ў Вяцкую вобласьць. Потым быў яшчэ двойчы рэпрэсаваны.

Пасьля лягераў у Беларусь вярнуцца не меў магчымасьці, працаваў у Маскоўскім унівэрсытэце, а потым з 1955 году ў Інстытуце гісторыі СССР Акадэміі навук СССР. Доктар гістарычных навук, аўтар навуковых працаў па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ, па праблемах летапісаньня, крыніцазнаўства і археаграфіі. Памёр у 1986 годзе”.

(Сурмач: ) “Арганізацыйную працу па падрыхтоўцы да юбілею ўзначальвае вядомы навуковец і грамадзкі дзеяч, доктар філялёгіі Аляксей Каўка. Яго і запрасіла я сёньня да размовы. Сп. Аляксей, як будзе адзначацца юбілей, што будзе рабіцца беларусамі Масквы для ўшанаваньня постаці знакамітага гісторыка?”

(Каўка: ) “Тут я адважыўся б узмацніць ягоную постаць ня толькі як гісторыка, але, найперш, знакамітага беларуса, унікальнага беларуса. А тое, што гэты беларус зьдзейсьніў сваё беларускае прызначэньне ў асноўным у Маскве, вядома, абавязвае нас, маскоўскіх беларусаў, нешта рабіць у сувязі зь ягонымі стогадовымі ўгодкамі.

Зацікаўленьне постацьцю Ўлашчыка сталае і непагаснае ня толькі з боку беларускай дыяспары, але, хацелася б гэта падкрэсьліць, і з боку расейскай навуковай грамадзкасьці. Ягоная спадчына няблага прадстаўлена ў Маскве і скрозь выклікае добрую зацікаўленасьць. Таму і наша спроба адзначыць юбілей гісторыка сустрэла тут шчырую падтрымку як з боку нашых грамадзкіх арганізацый, так і з боку творчых і навуковых арганізацый Масквы.

Магу прывесьці такі ўсьцешлівы прыклад. Выйшаў чарговы 5 нумар расейскага часапіса "Исторический архив", за 2005 год. Гэты часапіс вельмі хораша, разгорнута падаў постаць Улашчыка, зьмясьціў ягоны фоталетапіс – бацькі ягоныя, сёстры і браты, сам Улашчык ад маладосьці да сваіх сталых творчых гадоў. Варта таксама адцеміць, што гэта ідзе пад такой выразнай рубрыкаю "Мастера историографии" і там жа тэкст таксама з вымоўнаю назваю "Белорус в Москве", пачынаецца з таго, што вось вядомы беларускі і расейскі гісторык...

Будзе зьмешчана таксама частка эпісталярнай спадчыны Мікалая Улашчыка, гэтая спадчына вельмі багатая, зьмястоўная, амаль за паўстагодзьдзя яна захавалася, гэта частка лістоў Улашчыка да розных вядомых дзеячаў культуры, навукі, ўпершыню будуць надрукаваны і лісты да Улашчыка. Гэта ўжо будзе ў першым нумары за гэты год”.

(Сурмач: ) “Пэўна, сп. Аляксей, Вы асабіста ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы гэтай публікацыі?

(Каўка: ) “Удзельнічаў, гэтым разам з сынам Улашчыка – Аляксандрам”.

(Сурмач: ) "Дарэчы, нагадайце, калі ласка, дзе захоўваецца архіў Улашчыка?"

(Каўка: ) "Архіў ягоны ў сваёй бальшыні быў перададзены сынам, тым жа Аляксандарам Улашчыкам, ужо колькі год таму ў аддзел рукапісаў Бібліятэкі імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі".

(Сурмач: ) “А што да юбілею рыхтуюць маскоўскія беларусы?”

(Каўка: ) “Ладзіцца 15 лютага ў Доме нацыянальнасьцяў, гэта вельмі прэстыжнае месца, як бы на дзяржаўным узроўні, вечарына "Беларус у Маскве, Беларусі і сьвеце" да 100-гадовага юбілея Мікалая Ўлашчыка. Што там мяркуецца? Па-першае, выстава творчага набытку Ўлашчыка, потым будзе паказаны фільм пра яго. У свой час ён выступаў перад беларускамі краязнаўцамі і настаўнікамі гісторыі, і захаваўся запіс, які рабіўся пры ўдзеле сп. Вольгі Іпатавай, калі яна вяла "Ліру". Гэтым фільмам будзе адкрывацца вечарына, а потым людзі, якія ведалі Ўлашчыка, будуць дзяліцца сваімі ўспамінамі, меркаваньнямі, уражаньнямі. Спадзяемся, што зь Менску нехта прыедзе.

І, вядома, будуць удзельнічаць людзі, калегі Ўлашчыка па навуковай працы зь Інстытуту гісторыі – спадарыня Харашкевіч, вядомы гісторык, спэцыяліст па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, аўтар публікацыі полацкіх граматаў, таксама вядомыя гісторыкі Чарнабаеў, Смірноў, апошні– спэцыяліст па Кастусю Каліноўскаму, некалі ён працаваў у Беларусі, і за гэта яго ў 50-х гадох выставілі.

Дарэчы, два гады таму ў Маскве выйшла кніжка Ўлашчыка "Деревня Вицковщина” у арыгінале, на расейскай мове. Расейскі гуманітарны фонд выдзеліў сродкі і выдадзена пад тытулам Інстытута сусьветнай літаратуры. Гэта самая пакутная ягоная кніжка, апошняя і, мабыць, галоўная праца ягонага жыцьця. У Беларусі гэта кніга выйшла ў 1989 годзе ў перакладзе на беларускую мову і была цудоўна ўспрынята. Яна была напісана на расейскай мове па зразумелых прычынах і павінна была быць выдадзеная ў Маскве яшчэ ў 1980 годзе. Але нейкі чыноўнік тады выкрасьліў яе з выдавецкага пляну "как мелкотемье", бачыце, там пра нейкую дарэвалюцыйную вёску гаворыцца. Так што гэтая несправядлівасьць цяпер адноўленая.

Таксама вось толькі што выйшаў шосты выпуск нашага выданьня "Скарыніч", шматпакутны, мы яго гады тры рыхтавалі. У гэтым нумары адмысловы разьдзел прысьвечаны Мікалаю Ўлашчыку пад назваю "Жыцьцё дзеля яе", сваё жыцьцё ён, як сапраўдны рыцар, прысьвяціў адной адзінай пані – Беларусі”.

(Сурмач: ) “Скажыце, сп. Аляксей, ці неяк удзельнічае ў падрыхтоўцы да юбілею беларуская дзяржава, там жа ёсьць беларуская амбасада, ці маюць яны дачыненьне да падрыхтоўкі, напрыклад, вечарыны?”

(Каўка: ) “Аб чым Вы гаворыце? Адзінае ад іх хочам, каб толькі не перашкаджалі. Што датычыць беларускай дзяржавы, я што хачу сказаць. Гадоў сем таму скульптар Алесь Шатэрнік зрабіў бюст Улашчыка па ініцыятыве Анатоля Белага, зрабілі хлопцы за свае сродкі. Павезьлі ў Дзяржынск-Койданава, на радзіму Ўлашчыка, меўся гэты бюст быць устаноўлены каля краязнаўчага музэя. Праваляўся, прагібеў там гады два і мусілі хлопцы забраць яго назад, не захацелі ўлады ўстанаўліваць. Цяпер Анатоль Белы на сваёй сядзібе, у сваім этнаграфічным музэі ўстанавіў гэты бюст.

Так што тое, што датычыць беларускай дзяржавы, дык можна сказаць, што гэтая дзяржава лепш яшчэ сто помнікаў Дзяржынскаму паставіць, а ня Ўлашчыку. Аб чым Вы гаворыце? Глуха, глуха! Гэта вельмі балючая тэма!”

(Сурмач: ) “Сп. Аляксей, як навуковец, што можаце Вы сказаць наконт актуальнасьці зробленага Ўлашчыкам у беларускай гістарычнай навуцы, як гэта ўсё глядзіцца ў кантэксьце сучаснасьці?”

(Каўка: ) “Я вось думаю, як бы сёньня Мікалай Мікалавевіч на гэта ўсё глядзеў? Часы, у якія ён жыў, не вельмі спрыялі таму, каб палітычна маніфэставаць. Вы запыталіся, як Улашчык глядзіцца ў кантэксьце сёньняшняга дня. Глядзіцца вельмі актуальна, надзённа. Вось прыклад. Ідзе рэабілітацыя самых змрочных, самых жудасных старонак нашай нацыянальнай гісторыі, карнікі робяцца асьветнікамі Беларусі, Мураўёў-вешальнік становіцца яе галоўным распарадчыкам. Словам, расейская гістарыяграфія, публіцыстыка царскіх часоў не апускалася так нізка, як сёньня апускаюцца некаторыя афіцыёзныя аўтары "Белоруссии". Так што Ўлашчык вельмі актуальны ў тым сэнсе, што ён і сёньня дазваляе ў ягоных працах паглядзець, пачытаць і задумацца – куды мы ідзем, адкуль ідзем і што, нарэшце, нас чакае. Самае галоўнае, за каго нам ставіць сьвечачку, за каго нам маліцца. Улашчык – гэта нашая сьвечка ў гэтай цемры, якая ня гасьне, і сьвятло гэтае вячыстае”.

(Сурмач: ) “А Вы асабіста, сп. Аляксей, як глядзіце сёньня на беларускую справу, на сучасную сытуацыю ў Беларусі? Верыце ў зьмены да лепшага?”

(Каўка: ) “У кожным канкрэтным выпадку знаходзяцца людзі пад высокую ідэю, не шкадуюць ні часу, ні сваёй апошняй, часам, капейчыны, рупнасьці. Так што справа беларуская не затухае, не замірае. Беларусь сёньня, як ніколі, ўзбуджаецца, так мне здаецца, і чым цямней усё выглядае, тым яскравей заўтра ўсё запалае. Чуеце!”

* * *

(Сурмач: ) “Беларуская грамада ў Маскве за апошнія гады значна папоўнілася за кошт прыежджых на заробкі і вучобу людзей з Беларусі. Сярод іх шмат моладзі, якая стала выяўляць сябе вельмі актыўна ў арганізацыі беларускага нацыянальнага жыцьця ва ўсіх яго праявах.

Моладзі ўдалося нарэшце рэалізаваць даўнюю задуму маскоўскіх беларусаў – закласьці там беларускае набажэнства. Актыўна папрацавалі ў гэтай справе Андрэй Макагон і Алесь Кушнер. Алесь упершыню прымае ўдзел у нашай перадачы”.

(Кушнер: ) “Першая імша адбылася 14 студзеня а восьмай гадзіне вечара ў касьцёле Бязгрэшнага Засьнітку Найсьвяцейшай Панны Марыі, гэта на вуліцы Малая Грузінская 27-13. Акрамя каталікоў на набажэнства прыйшлі таксама праваслаўныя беларусы і ўніяты. Мы загадзя аб гэтым дамовіліся з кіраўніцтвам касьцёлу, што будуць прыходзіць усе хрысьціяне, супраць яны не былі. Зразумела, нас усіх лучыць тое, што мы беларусы. Менавіта гэткім чынам мы вырашылі даць магчымасьць беларусаў зьбірацца разам.

Атрымалася распачаць беларускую службу ў першую чаргу дзякуючы таму, што нам удалося сустрэцца з айцом Юзэфам Занеўскім. Ён сам з Горадні, беларус. Дзякуючы Андрэю Макагону нам таксама ўдалося сустрэцца з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і дамовіцца зь ім аб дапамозе ў гэтай справе”.

(Сурмач: ) “Ксёндз Юзаф Занеўскі адпраўляе службу?”

(Кушнер: ) “Першую імшу ў нас правёў ксёндз-паляк, беларускія сьвятары, якія ёсьць ў Маскве, у гэты час былі ў ад''езьдзе. Але імшу гэты ксёндз адправіў па-беларуску, ён некаторы час працаваў раней у Менску. Усё вельмі файна атрымалася”.

(Сурмач: ) “І далей менавіта ён будзе адпраўляць?”

(Кушнер: ) “Не, мы знайшлі ў Маскве сьвятара-беларуса, айцец Віталь, і зараз адпраўляе ён, мы кожны тыдзень у суботу зьбіраемся. Ён служыць па-беларуску, у Маскве ён жыве 8 гадоў, працуе ў адной каталіцкай капліцы. А. Юзэф Занеўскі знайшоў на яго кантакт, мы зь ім пазнаёміліся, і ён даў згоду весьці для нас набажэнства па-беларуску. Пераважна моладзь прыходзіць. Пасьля імшы мы ідзем разам у нейкае іншае мейсца, дзе звычайна зьбіраемся, гамонім, нейкія пытаньні вырашаем. У нас багата ўсялякіх плянаў, розных праектаў, над якімі працуем і хочам зьдзейсьніць у бліжэйшы час”.

(Сурмач: ) “Калі не сакрэт, якія гэта праекты?”

(Кушнер: ) “Не сакрэт, мы нават будзем удзячныя, калі гэтая інфармацыя зьявіцца на Радыё Свабода. 18 лютага, у 12.00, мы плянуем правесьці грамадой беларусаў у Маскве мітынг перад Міністэрствам замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі. Патрабаваньне, якія мы выстаўляем перад міністэрствам і ўвогуле перад кіраўніцтвам Расеі – спыненьне падтрымкі Лукашэнкі, эканамічнай і палітычнай, спрыяньне ў правядзеньні дэмакратычных выбараў у Беларусі. Гэта была ідэя з боку моладзі, і ўдзельнічаць будзе пераважна моладзь”.

(Сурмач: ) “Алесь Кушнер працуе ў Маскве другі год, паехаў туды на заробкі. У Менску скончыў Акадэмію спорту з чырвоным дыплёмам, ён футбаліст. Пасьля вучобы Алеся накіравалі на працу па абавязковым разьмеркаваньні, зарабляў, па ягоных словах, 70 даляраў у месяц, таму і вырашыў паехаць на заробкі ў Расею.

Сп. Алесь, Вы грамадзянін Беларусі, у Маскве зараз шмат людзей з беларускімі пашпартамі. Як Вы мяркуеце ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Кушнер: ) “Мы плянуем, мы ўжо з хлопцамі гэта абмяркоўвалі, хочам ехаць пад час выбараў у Беларусь”.

(Сурмач: ) “Але ж выбарчы участак, пэўна, будзе пры беларускай амбасадзе?”

(Кушнер: ) “Ведаеце, ён існуе, але, туды ня варта ісьці таму, што там падліку галасоў не існуе. Нашы людзі ўдзельнічалі ў мінулых выбарах, тады была страшэнная фальсыфікацыя пры падліку галасоў. Прыходзілі галасаваць людзі без дакумэнтаў.

Безумоўна, у Беларусі падобная сытуацыя. Усе ведаюць, што Лукашэнка сам сябе абірае прэзыдэнтам. Але моладзь бачыць, што насамрэч адбываецца, і людзі сталага веку некаторыя таксама бачаць, што гэта ўсё падман. Па настроях бачна, што ад людзей можна шмат чаго чакаць на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах. Досьвед Украіны нам вельмі спрыяе ў гэтым, нягледзячы на тое, што беларуская улада кажа, што ў нас такі сцэнар ня пройдзе, але я ў гэтым ня ўпэўнены.

Знаходзячыся ў Маскве, мы маем ня проста надзею, што нешта там зьменіцца, але мы ўпэўнены ў тым, што нешта павінна зьмяніцца, і дзеля гэтага мы нешта тут робім. Мы працуем, шмат арганізацый у Расеі падтрымліваюць нас, яны пагадзіліся разам з намі ўдзельнічаць у гэтым мітынгу. Я асабіста адказны за гэтую справу, ежджу і сустракаюся з людзьмі, размаўляю. Усюды нас вельмі прыязна прымаюць. Нядаўна я сустракаўся з украінцамі, кіраўніцтвам украінскага культурнага цэнтру ў Маскве, і мы цудоўна адзін аднаго разумелі. Яны пагадзіліся супрацоўнічаць з намі”.

(Сурмач: ) “Маскоўская беларуская моладзь аб’ядноўваецца зараз ня толькі ў грамадзкай працы, але і ў адпачынку. Нядаўна там створаная беларуская футбольная каманда. Магчыма, што гэта ўжо другая беларуская спартовая каманда ў замежжы. Раней мы ужо паведамлялі пра беларускую маладзёвую футбольную каманду ў Амэрыцы. Да гэтай справы найбольш спрычыніўся згаданы вышэй сп. Андрэй Макагон”.

(Макагон: ) “Справа ў тым, што ў Маскве ўжо два гады існуе Міжнацыянальная футбольная ліга, пад дахам якой гуляюць 24 нацыянальныя каманды. У мінулым годзе далучылася каманда Украіны. У нас таксама ўзьнікла думка, што трэба паспрабаваць і стварыць беларускую каманду, што мы і зрабілі нарэшце. З восені мы пачалі зьбірацца, і вось зараз ужо прынялі ўдзел, як каманда, у зімовым кубку. 28 чалавек. Першая наша гульня была з камандаю дагестанцаў, у асноўны час мы згулялі з лікам 3:3, потым была сэрыя пэнальці, але наш апошні гулец прамазаў, цікава, што ў яго на футболцы быў нумар 13”.

(Сурмач: ) “Колькі вас чалавек у камандзе і якую спартовую форму маеце?”

(Макагон: ) “Нас 28 чалавек, форма, зразумела, нашая беларуская, бел-чырвона-белая, з Пагоняю на грудзёх. Гэтым гульням надаецца такі як бы афіцыйны статус, перад кожнай гульнёю гучаць гімн Расеі і нацыянальныя гімны камандаў. Нашым гімнам мы абралі палянэз Агінскага на словы Сяржука Сокалава-Воюша, вось ён і гучаў над стадыёнам "Дынама" ў Маскве”.

(Cурмач: ) “На завяршэньне нашай перадачы нагадаем, што беларуская грамадзкасьць Масквы прыняла непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы ўчорашняй канфэрэнцыі ў Маскве “Беларуска-расейскія адносіны: да і пасьля выбараў”, у якой брала ўдзел дэлегацыя апазыцыйных палітыкаў Беларусі на чале з Аляксандрам Мілінкевічам”.
XS
SM
MD
LG