Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганчары: які лёс рамяства ва ўмовах прыватных майстэрняў?


Радыё Свабода У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі працавалі больш як 70 ганчарных цэнтраў, у кожным зь якіх было 200-300 чалавек. Аднак падчас калектывізацыі саматужныя арцелі распаліся і рамяство паступова пачало затухаць. Адраджэньне ганчарства выклікаў заняпад калгаснай сыстэмы напрыканцы 1990-х і, адпаведна, беспрацоўе ў вёсках. Тады і ўзгадалі напаўзабытае дзядоўскае рамяство... Рэаліі і пэрспэктывы старажытнага промыслу дасьледуе карэспандэнт Радыё Свабода.

Найперш заняліся старым рамяством там, дзе не забыліся пра традыцыі знакамітых раней ганчароў. Пасьпяхова працуюць сёньня майстры ў Поразаве на Гарадзеншчыне, Ружанах на Берасьцейшчыне, Лядах і Дарасіно на Меншчыне... Але мы цікавімся справамі ў вёсцы Гарадная Столінскага раёну. Некалі тут працавалі з глінай паўтысячы майстроў. Зараз – пятнаццаць чалавек. Але ў іх падрастае добрая зьмена, якую рыхтуе мясцовая дзіцячая школа ганчарства. Пра посьпехі выхаванцаў ведаюць нават у UNESCO. Расказвае шасьціклясьнік Ваня Шэлест, які нядаўна ўзнагароджаны адмысловым дыплёмам:

(Шэлест: ) “Мой прадзед быў вялікі ганчар. І мне гліна падабаецца, як я раблю кубачкі, місачкі, падстаўкі пад вазоны, “мамзэлечкі”, гаршчочкі. Мяне навучаюць ганчары. І я мару паступіць у Інстытут культуры”.

Дзіцячую цікавасьць да рамяства дзядоў стрымліваюць будзённыя праблемы. Нядаўна ў школе завалілася гарно – адмысловая печ для абпалу вырабаў. Не хапае і абсталяваньня: на дваццаць вучняў усяго тры ганчарныя кругі...

(Леанавец: ) “Райвыканкам і нават сельсавет толькі тады зьвяртаюцца, калі ім трэба сэмінар правесьці ці дэлегацыю зь Нямеччыны прыняць. А каб хто які рубель кінуў, каб фарбу купіць для падлогі, то гэтага няма. Калі нейкі гаршчок прададзім, то трымаем капейку нібыта пад каравулам. Адзін год з раённага савету дэпутатаў абяцалі: “Мы вам дапаможам: тысяч пяцьсот рублёў кінем!” І зараз кідаюць... Карацей, каб дапамагчы, то такога няма”.

Паводле выкладчыцы Алімпіяды Леанавец, дзіцячая школа ганчарства выжывае дзякуючы спажывецкаму попыту на кераміку. Каб пераканацца ў справядлівасьці гэтага, я апытаў мінакоў на вуліцах, ці карыстаюцца яны ганчарным посудам?

(Першая спадарыня: ) “Так, карыстаюся. У мяне ад бабулі шмат ганчарных вырабаў. Тое, што было зроблена ў пачатку стагодзьдзя, у яго сярэдзіне. Можна выкарыстоўваць у дэкоры. Таксама піць, есьці з гэтага”.

(Другая спадарыня: ) “Посуд вельмі люблю. І прыгожа, і практычна”.

(Юначка: ) “Вядома, не заменіш сучасны посуд цалкам ганчарнымі вырабамі, але ўнесьці фальклёрную нотку ў нашае паўсядзённае жыцьцё было б добра”.

(Юнак: ) “Канечне, карыстаюся. Ёсьць сподачкі, ёсьць куфлі гліняныя. Я нават сам адзін зьляпіў. Калісьці нават хацеў сам гэтым займацца. На жаль, не атрымалася”.

(Трэцяя спадарыня: ) “Цудоўна стаўлюся да ганчарства! Вельмі люблю розныя керамічныя вырабы. Шмат вельмі падарункаў у мяне керамічных. Вельмі люблю розныя кубачкі, куфлі!”

(Чацьвёртая спадарыня: ) “Ганчарныя вырабы – гэта ж наша гісторыя. Таму, калі б яны знаходзіліся дома, то гэта было б добра для беларускай культуры і, наагул, для кожнай сям''і ў падтрымцы сваіх каранёў”.

Гутарку пра ганчарства працягваем з Аўраамам Басановічам. Ён цяпер – найстарэйшы на Палесьсі рамесьнік.

(Басановіч: ) “Змалку вучыўся прафэсіі ганчара. Усе віды засвоіў. Збанкі ўсялякіх памераў, вазы настольныя і буфэтныя, падстаўкі пад кветкі, міскі, кружкі... Усе, усе рэчы вырабляў”.

Зараз Аўрааму Басановічу – 72 гады. Узгадвае, што мясцовыя майстры раней вельмі ўдала выкарыстоўвалі тутэйшую гліну арыгінальнай якасьці.

(Басановіч: ) “Чорная гліна, як дзёгаць. Калі абпальваеш, то гаршчкі белыя, як сьнег. А яшчэ ёсьць цагляная гліна. Гаршчкі атрымліваюцца чырвоныя”.

Белагліняныя, надзвычай ёмкія, устойлівыя ды шыракагорлыя глякі на Палесьсі – гэта бунькі. Посуд для расьціраньня галовак перцу, лекавых траў, спэцыяў – макітры. Высокія і танклявыя ў поясе збанкі, аздобленыя прамымі і хвалістымі шнурочкамі – мамзэлі. Зьлівачамі палешукі называюць адмысловыя вырабы для адстою малака на сьмятану. Такія могуць патрапіць на вока ў любым кутку Беларусі, а таксама ў суседніх абласьцях Расеі і Ўкраіны. Расказвае жыхар вёскі Гарадная Емяльян Шпудзейка.

(Шпудзейка: ) “Раней зь вёскі перад Вялікднем ці Раством выяжджалі па дваццаць фураў, па дзесяць, па пяць у розныя бакі. Я даяжджаў да Ковеля, Любашова (на Ўкраіне), у Любашове на базары стаяў. Наш посуд быў зайздросны, бо тамтэйшы – стаўбаваты. А тыя, хто купляў наш посуд, варылі ў ім ежу. Боршч ці каша значна смачнейшыя ў гаршчку, чым у каструлі”.

Як цяпер працуюць і гандлююць ганчары з Гарадной? Вяртаемся да гутаркі з Аўраамам Басановічам.

(Басановіч: ) “Вось я працую ганчаром усё жыцьцё, але праца ня цяжкая. Раней нагамі круцілі ганчарнае кола, цяпер, дзякуй Богу, усё электрычнасьць робіць. Кола працуе. Толькі гліну паціскай пакрыху, яна падымаецца ўгару”.

Раней была канкурэнцыя, каб больш зрабіць і лепш.

(Басановіч: ) “Так, і зараз тое ж – робім вельмі добрыя рэчы. У хадзе яны ў цяперашні час. На рынку забіраюць, і дзяржава оптам забірае. А Ўкраіна – асабліва”.

Гараднянскае рамяство называюць пэрспэктыўным у каардынацыйным цэнтры UNESCO ў Беларусі. У інтэрвію для Радыё Свабода яго супрацоўніца Зоя Трафімчык паведаміла пра адмысловы фінансавы праект для Гарадной.

(Трафімчык: ) “Праект гэты – як інструмэнт, мэханізм, што можа дапамагчы адкрыць новыя магчымасьці. Праект цудоўны. Мая мара: каб яны маглі вырабляць і больш стылізаванае. Мажліва, гэта б перарасло з цэнтру па зьберажэньні традыцыі ганчарства ў нешта большае. Мне ўяўляецца, што можа быць ня толькі сувэнірная прадукцыя, але й для побыту і пэўных культурных мэтаў”.

Ці збудуцца такія спадзяваньні? Вось факт: цяпер некалькі юнакоў з Гарадной заканчваюць Пінскі індустрыяльна-пэдагагічны каледж. Паводле настаўніцы працоўнага навучаньня Алімпіяда Леанавец, хлопцы вырашылі стаць прафэсійнымі ганчарамі.

(Леанавец: ) “Ужо ня скажаш, што яны дзеці. Гэта юнакі, якія разумеюць нешта ў жыцьці. Яны гэтую справу ня кінуць ніколі”.

Нагадаю таксама пра агучаную напачатку перадачы мару Вані Шэлеста вучыцца ў Беларускім інстытуце культуры. Ёсьць каму ў Гарадной разьвіваць традыцыі ганчарства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG