Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпіяда-2006: беларускага цуду ня будзе?


Радыё Свабода 11 лютага ў Турыне будуць падзеленыя першыя ўзнагароды ХХ зімовых Алімпійскіх гульняў. Ці ёсьць шанцы ў беларускіх спартоўцаў заняць высокія месцы на сёлетняй Алімпіядзе?

Большасьць спартовых адмыслоўцаў робіць асьцярожныя прагнозы адносна магчымых посьпехаў беларускай каманды на Алімпійскіх гульнях у Турыне. Ніводная зь сямі спартовых дысцыплінаў, у якіх беларусы будуць змагацца за мэдалі, загадзя не гарантуе посьпеху камандзе Беларусі. За выключэньнем, бадай, фрыстайлу, дзе раз-пораз “лятаючыя лыжнікі” ўсё ж прызямляюцца на п’едэстал. Дзеля справядлівасьці: на дзьвюх папярэдніх зімовых Алімпіядах мэдалі ў скарбонку беларусаў паклалі менавіта фрыстайлісты. Пра гэта гаворыць аглядальнік газэты “Прессбол” Сяргей Аляхновіч.

(Аляхновіч: ) “Хацелася б памыліцца, але мне здаецца, што ў лепшым выпадку беларуская каманда заваюе ў Турыне адзін мэдаль. Разьлічваю на Дашчынскага ці Грышына ў акрабатычных скачках у фрыстайле. Па-першае, яны ўжо былі прызэрамі Гульняў (у Нагана Дашчынскі ўзяў бронзу, чатыры гады таму ў Солт-Лэйк-Сыці мэдаль такой жа вартасьці атрымаў Грышын). Па-другое, хлопцы добра выступалі на апошніх этапах Кубку сьвету, уздымаліся некалькі разоў на п’едэсталы гонару, таму, здаецца, у добрай форме падыходзяць да галоўных стартаў чатырохгодзьдзя. Больш разьлічваць, мабыць, няма на што. Хіба калі толькі вельмі пашанцуе нам і не пашанцуе супернікам, тады можа быць нейкі мэдаль у біятлёне. Але мне здаецца, што такога цуду ня здарыцца”.

Тэарэтычныя шанцы на ўзнагароды ёсьць ня толькі ў мужчынскім фрыстайле, але і ў жаночым. Падчас апошняга перад Алімпіядай Кубку сьвету ў Чэхіі мацнейшая ў камандзе Ала Цупер заняла другое месца. Аднак, паводле спартоўкі, канкурэнцыя ў Турыне будзе куды больш жорсткая.

(Цупер: ) “Супернікі сур’ёзныя і ў хлопцаў, і ў нас. Перадусім, імкліва прагрэсіруюць кітайцы, якія, здаецца, хутка будуць дамінаваць ва ўсіх відах спорту. У пары зь імі аўстралійцы, канадыйцы... Канкурэнцыя істотная. Але мы пастаянна трэніруемся і таму думаю, што надзеі ёсьць”.

Калі адмыслоўцы гавораць пра мэдалёвыя шанцы, ускосна згадваюць біятляністаў. Але паколькі апошнім часам і мужчынская, і жаночая каманды выступаюць вельмі нестабільна, таму любы посьпех можна будзе аднесьці ў шэраг сюрпрызаў, а не заканамернасьцяў. Пра гэта гаворыць адзін з мацнейшых колісь беларускіх біятляністаў Вадзім Сашурын. Дарэчы, гэта ўжо чацьвёртыя Алімпійскія гульні, на якія Сашурыну так і не ўдалося патрапіць. Сёлета трэнэраў не задаволіла ягоная “фізычная кандыцыя”.

(Сашурын: ) “Шчыра кажучы, я прагматык у сэнсе вынікаў. Ня веру ва ўсплёскі і выбухі. Ёсьць пэўны ўзровень, яго і дэманструеш. Хоць, зь іншага боку, Алімпіяда – гэта такое спаборніцтва, якое можа ўсё перакруціць з ног на галаву. Спаборніцтвы, дзе, як ні парадаксальна, вельмі часта людзі, не падрыхтаваныя да высокіх вынікаў, заваёўвалі мэдалі. А тыя, хто рэальна прэтэндаваў на ўзнагароды, заставаліся ні з чым. Таму складана штосьці прагназаваць”.

На тле адносна нядрэнных летніх Алімпіядаў, у зімовых стартах беларускія каманды ніяк ня могуць пахваліцца станоўчымі вынікамі. Цягам трох апошніх алімпійскіх цыкляў, дзе Беларусь выступала сувэрэннай камандай, беларускія спартоўцы заваявалі ўсяго пяць узнагародаў: два срэбры ў Лілехамэры ў 1994 годзе (канькабежац Ігар Жалязоўскі і біятляністка Сьвятлана Парамыгіна), дзьве бронзы ў Нагана ў 1998-м (біятляніст Аляксей Айдараў і фрыстайліст Дзьмітры Дашчынскі) і бронзу ў Солт-Лэйк-Сіці ў 2002 годзе (фрыстайліст Аляксей Грышын).

Да патэнцыйна страчаных пазыцый сёлета можна аднесьці канькабежку Анжэліку Кацюгу. Надзеі на вяртаньне ў вялікі спорт пасьля допінгавай дыскваліфікацыі ня спраўдзіліся: 1 лютага Спартовы арбітражны суд у Лязане пакінуў пакараньне бязь зьмены – два гады дыскваліфікацыі. Адзіная беларуская ўдзельніца ў бегу на каньках Сьвятлана Радкевіч вышыняў Кацюгі пакуль аб’ектыўна не дасягнула.

Шмат хто лічыць, што гэтая Алімпіяда для беларусаў няпаўнавартасная з-за адсутнасьці ў Турыне хакейнай зборнай. Прыкрая параза на этапе адборачнага туру ад латышоў пазбавіла беларускіх аматараў, бадай, адной з самых відовішчных алімпійскіх старонак. Працягвае спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч.

(Аляхновіч: ) “Мне, напрыклад, вельмі шкада, што ня будзе ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях наша хакейная зборная. Таму, мабыць, Алімпіяда будзе не настолькі цікавая для беларускіх аматараў спорту, як таго хацелася”.

У спрэчцы за 84 камплекты мэдалёў будуць удзельнічаць 2,5 тысячы спартоўцаў. Беларусы далучацца да розыгрышу двух дзесяткаў узнагародаў у сямі відах – біятлёне, лыжных гонках, скачках з трампліну, фрыстайле, шорт-трэку, фігурным катаньні і бегу на каньках.
XS
SM
MD
LG