Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Само слова “Беларусь” лукашэнкаўскія паліттэхнолягі, здаецца, прыватызавалі і атруцілі эфір заклікамі “За! За! За!”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – зь 7 да 10 лютага. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

7 лютага, аўторак

(Спадар, Пінск: ) “Я хачу пажадаць перамогі нашаму кандыдату Аляксандру Мілінкевічу, каб ён перамог фэадала Лукашэнку! Мы ў цябе верым, Аляксандар!”

(Аляксандар Юр’евіч, Ашмяны: ) “Добры вечар, Радыё Свабода! Сёньня 6 лютага з 18:00 да 18:35 у эфіры працягвалася Радыё Расея, хаця заўсёды раней пачыналася Радыё Свабода. Што здарылася? Можа, у гэты час была ўжо другая конкурсная абвестка?”

(Раіса Мікалаеўна, Магілёў: ) “Я зборшчыца подпісаў за адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі, абышла больш за тысячу кватэр, сабрала больш за 350 подпісаў выбарцаў. І я сьведчу, што дзясяткі людзей працаздольнага ўзросту на прапанову падпісацца за майго прэтэндэнта адказалі: “Я падпісалася на працы”. Дарэчы, у маім выпадку гэта былі выключна жанчыны. На маю заўвагу, што можна падпісацца і за іншых, яны адказвалі, што ім гаварылі людзі, якія іх падпісвалі, што гэтага рабіць нельга.

Па Радыё Свабода кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі цьвердзіць, што гэтага не было. Ён проста хлусіць!”

(Спадар: ) “У сьнежні месяцы прайшла інфармацыя, што на суднавэрфях Гданьску ў Польшчы патрабуюцца працаўнікі. Хацелася б даведацца, як гэта практычна зрабіць”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “Вельмі важная інфармацыя пра тое, што пачынаецца ў хуткім часе вяшчаньне тэлевізійнай перадачы на Беларусь. Вельмі прашу паведаміць: на якой частаце будзе тэлевяшчаньне, моцнасьць перадатчыка, каэфіцыент узмацненьня антэны. І ці будзе гэтая антэна накіраваная на Беларусь, ці яна будзе распыляць моцнасьць ва ўсе бакі? І зь якога населенага пункту будуць вяшчаць гэтыя тэлеперадачы?”

(Спадарыня, Ліда: ) “Я пачула па радыё, што Мілінкевіч і Казулін паехалі ў Расею. Я ўжо зразумела, хто такі Казулін. Ён ня з нашых, ён расейскі. Расея яго накіравала, каб ён ішоў у кандыдаты. На што нам патрэбныя гэтыя кандыдаты, якія паехалі ў Расею? Ад Расеі трэба далёка ісьці, насьцярожана!

Мы хочам папрасіць, каб вярнулі Зянона Станіслававіча Пазьняка – адзінага кандыдата, і каб вярнулі ўсю апазыцыю, якая была ў той час, каб яны навялі парадак”.

(Уладзімер: ) “Пачуў у нядзелю, што ў Менску створаная камісія па правядзеньні народнага галасаваньня. Але хто ўваходзіць у гэтую камісію? Спадары Папкоў, Беленькі і іншыя? Напрыклад, я ведаю, што яны даўно змагаюцца за незалежнасьць Беларусі. Але ўзьнікае пытаньне: хто іх выбіраў? На падставе якога заканадаўства? І як будзе дзейнічаць гэтая камісія па правядзеньню народнага галасаваньня? Як тэхнічна ажыцьцявіць такія праекты ў нашых умовах?

І яшчэ адно меркаваньне. Улічваючы нясьпеласьць нашай нацыі, гэтую акцыю тэхнічна правесьці немагчыма. Патрэбна сасьпелая нацыя, каб яна магла дзейнічаць. А нашая нацыя пакуль што дзейнічаць ня можа. Таму гэты праект не прыцягвае ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Па вашым словам у Польшчы вельмі добра, нават ня п''янствуюць. А чаму тады 230 чалавек у часы маразоў замерзла? Што цьвярозыя людзі пазамярзалі?”

(Спадар: ) “Прапаную ўзьняць на радыё тэму “Дыктатары”. Гэта да таго, што ў грамадзтве ідзе забаўтваньне асноўнага прынцыпу дэмакратыі і канстытуцыі. Прэзыдэнтам можна быць толькі два тэрміны, адзін за другім. І калі ў краіне зьяўляецца чалавек ці групка людзей, які стаяць над законам, вышэй грамадзтва – гэта сьмерць для дэмакратыі і цяжкае захворваньне для краіны. Таму лёзунгам беларускага грамадзтва павінен стаць крылаты выраз: “Улада разбэшчвае чалавека. Абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна!”

(Спадар: ) “У мяне ёсьць пытаньне. Колькі разоў Германія была чэмпіёнам сьвету па футболе? У якія гады?”

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода, хачу сказаць наконт Расеі і якія адносіны павінны быць зь Беларусьсю. Я лічу і ўпэўнены, прыйдзе час, калі Беларусь будзе будавацца на добрасуседзкіх узаемаадносінах, выгадных кожнай краіне. Тое што Расея разам з таварышам Пуціным будуюць узаемаадносіны з газам – гэта іхняя вялікая памылка. Газ патрэбна будзе купляць па міжнародных коштах. Але і ўсё астатняе таксама па міжнародным коштам. Чаму мы павінны дарыць “багатай” Расеі 750 мільёнаў даляраў, якія заявіў таварыш Лукашэнка расейскай газэце? Гэта, я лічу, злачынства перад беларускім народам. У нас зараз памірае 50 тысяч насельніцтва, то бок насельніцтва памяншаецца. Вось, таварыш Лукашэнка, вашае мудрае кіраўніцтва за апошнія 11 год!”

(Спадар: ) “Лічу, што Мілінкевіч з Казуліным правільна зрабілі, што паехалі ў Маскву. Працаваць трэба з усім сьветам, бо Лукашэнка завёў Беларусь у багну. Толькі Мілінкевіч можа вывесьці Беларусь з гэтай багны і яму можна даверыцца. За гэтага таленавітага чалавека трэба гарой стаяць!”

(Спадар: ) “Сёньня раніцай перадалі, што Мілінкевіч, Казулін, Лябедзька езьдзілі ў Маскву. Мяне вельмі зьдзівіў гэты Лябедзька. Ён калісьці быў у адной камандзе з Лукашэнкам і наведваў нашую вёску і казаў, што камуністы зьдзекуюцца, што нават цяжарных баб у баню не пускаюць. Хацеў выбіцца ў дэпутаты. Людзі проста раты параскрывалі з радасьці, што прыехаў чалавек, сапраўдны дэмакрат. І аказалася, калі яго выбралі, прайшоў літаральна месяц, чуем, што Лябедзька ўжо ў апазыцыі прэзыдэнт.

Я вось думаю, што ён падвучыў і Казуліна, і Мілінкевіча: што ж аб’ехалі ўсю Эўропу, давайце паспрабуем і ў Расею. І вось гэтая апазыцыя расейская зрабілі круглы стол. І будуць казаць: трэба з Расеяй, мы будзем яшчэ лепш і нават як Лукашэнка. Вось гэта ўжо дзіва! Лепей за Лукашэнку будуць і Мілінкевіч, і Казулін! А Лябедзька будзе казаць: “Нам ня так камфортна як на Захадзе ў Брусэлі, але ж трэба і тут пагаварыць”. Во якая хітрая палітыка!”

(Спадар: ) “У мяне такое пытаньне. Вось Мілінкевіч катаецца па Эўропе, і ствараецца ўражаньне, што ён балятуецца ў прэзыдэнты Эўрасаюзу, а не Беларусі. Чаму ён не катаецца па Беларусі? Зьезьдзіў на тры-чатыры нейкіх базары недзе… Ён што людзей баіцца? Ці ён у Эўропе грошы зьбірае на пераварот, ведаючы загадзя, што ў выбарах ён не пераможа? І яшчэ. Хай ён падрабязна раскажа па вашаму радыё, зь кім з расейскіх палітыкаў ён сустракаўся, каб мы ведалі ўзровень яго сустрэчы, і аб чым яны там гаварылі, што яму паабяцалі”.

8 лютага, серада

(Віктар Шопік: ) “Мяне вельмі абурае тое становішча ў Беларусі, якое трансьліруюць па тэлебачаньні, на радыё, абалваньваюць нас, падманваюць. Я, інвалід, пэнсіянэр, не магу гэтага цярпець. Але трэба цярпець – нічога ня зробіш.

Хачу сказаць наконт выбараў. Можа ўсім адмовіцца? Усё роўна Лукашэнка нікога не дапусьціць, усё будзе пабудавана на падмане. Людзей гэтых падманвае, а людзі вераць яму. Кажа пра нейкую квітнеючую Беларусь. Якая яна квітнеючая? Тут зь цяжкасьцю пэнсіянэры канцы з канцамі зводзяць. Яшчэ шмат чаго можна сказаць. Колькі яшчэ будзе працягвацца гэтая хлусьня па тэлебачаньню? Немагчыма! Я не ўключаю ні беларускае тэлебачаньне, ні радыё. Надакучыла гэта ўсё! Газэты пазачыняў!”

(Ніл Піліпавіч: ) “Хацеў бы праз Радыё Свабода даведацца аб тым, ці будзе Аляксандар Мілінкевіч зьвяртацца ў арганізацыйны камітэт па правядзеньню ўсебеларускага сходу на прадмет удзелу ў рабоце гэтага сходу кандыдатаў у прэзыдэнты і прадстаўнікоў ад палітычных партыяў з магчымасьцю выступленьняў на сходзе?

І другое пытаньне да Шарамета. Ці вернецца Павал Шарамет у Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году? Гэта для онлайн-канфэрэнцыі”.

(Валер Шэфчэнка, Наваполацк: ) “Шматлюдны канцэрт на халяву на Кастрычніцкай плошчы каля рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў мінулым годзе атрымаў лягічны працяг у цэлым шэрагу пампэзных прапагандысцкіх відовішчаў, распачатых каналам нацыянальнага тэлебачаньня. Гэта не паказуха, а тыя ж канцэрты на халяву, але зараз толькі для абраных, якіх вызначае сама ўлада, распаўсюджваючы запрашальныя карткі.

А ў галоўным уся тая ж шыльда “За Беларусь!” і ўсё той жа надрыўны націск на слова “За”. Разумееце, ці не пасрэднай рэклямай забароненая заўчасна прапаганда аднаго з яшчэ незарэгістраваных прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта, якая робіцца за грошы ўсіх падаткаплацельшчыкаў-выбаршчыкаў? Хаваецца за гэтым, здаецца, нават глухому чутна, што славяць не радзіму-маці, ні Беларусь, а Лукашэнку.

Памятаеце Маякоўскага: “Мы говорим партия, подразумеваем – Ленин. Жыхарам псыхалягічна навязваюць слоган тоеснасьці “Беларусь – Лукашэнка”. Дзяржаўныя сьвятыні кожнага беларуса, само слова “Беларусь” лукашэнкаўскія паліттэхнолягі, здаецца, прыватызавалі і атруцілі эфір заклікамі “За! За! За!”, якія гучаць па дзесяць разоў на дзень. І яны будуць трухцець на гэтым канале амаль да самага дня выбараў, замбіруючы гледача, як і вядомае да канца жыцьця словазлучэньнем “юбілейны год”. Прапаную гледачам увогуле адмовіцца ад уключэньня гэтага каналу!”

(Сталы слухач: ) “Паважаная “Свабода”! Лукашэнка заклікаў і заклікае галасаваць за Беларусь, а значыць, за яго. Ён – нібыта гарант незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. І ў той жа час зьнішчае беларускую мову, беларускую адукацыю, беларускую культуру, сапраўдную беларускую гісторыю. Так рабілі з намі расейскія імпэратары і Сталін. Як мне, простаму чалавеку, зразумець такі гарант незалежнасьці? Патлумачце, калі ласка”.

(Спадарыня: ) “Сёньня можа я ўжо спазьнілася са сваім меркаваньнем наконт дастаўкі газу ва Ўкраіну. Але мае думкі, думкі простага грамадзяніна, не супакойваюць мяне. Як можна было так адпомсьціць бліжэйшаму суседу ў цяжкі час станаўленьня дэмакратыі?

За свае амбіцыі Пуцін, на мой погляд, помсьціць ураду і насельніцтву Ўкраіны за выбары Юшчанкі, за выбар дэмакратычных сілаў краіны. Так узьняць у зіму цэны! Акрамя падвойных стандартаў нічым гэта не патлумачыць. Труба ідзе па Малдове, Украіне, Беларусі і другіх краінах, а паплацілася Ўкраіна.

Я ўпэўнена, калі-небудзь гэта будзе і ў нас у Беларусі. Шок ад такіх паводзінаў імпэрскай Расеі і сорам яе ўраду за дзеяньні ў адносінах да людзей! Пашанцавала Расеі на залежы нафты, газу, але не пашанцавала на добрых, на сумленных людзей, на спачуваньне да людзей. Грошы, багацьце – гэта кіраваньне дзейнасьцю ўлады і дзейнасьцю ўладальнікаў залежу газу і нафты”.

(Аркадзій, Дзяржынск: ) “Мяне цікавіць, як паўдзельнічаць у конкурсе, каб атрымаць радыёпрыймач. Справа ў тым, што вельмі дрэнная чутнасьць, у мяне прыймач “Акіян”, але вельмі дрэнна вас чуваць”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! У мяне зьявілася пытаньне нашым шаноўным гаспадарам, кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь. Хто будзе выконваць рашэньне Кангрэсу дэмакратычных сілаў, дзе ясна сказана, што дзяржава абавязана стварыць клімат даверу, спыніць палітычныя рэпрэсіі і забясьпечыць доступ апазыцыі ў дзяржаўныя СМІ; прывесьці заканадаўства, то бок Выбарчы кодэкс, у адпаведнасьць з дэмакратычнымі стандартамі. Прыклад бяры ў Ўкраіны на 100% – і пытаньняў ня будзе. Не прызнаваць нелегітымныя вынікі рэфэрэндуму 2004 году! Не дапусьціць Лукашэнку да выбараў 2006 году, паколькі Канстытуцыя не дазваляе быць прэзыдэнтам больш за два разы!

Шаноўныя Аляксандры, Мілінкевіч, Казулін! Вы абавязаны ведаць, што элегантная перамога за Лукашэнку будзе 80% “За”. Мэта вашага ўдзелу ў дадзеным фарсе? Я вас не разумею. Упэўнены, што кошты на газ, электраэнэргію ў красавіку рэзка пойдуць уверх. Вось тады ён і яго прыслуга вымушаныя будуць бегчы за мяжу. Дадзены момант нельга ўпусьціць!”

(Спадар: ) “Я пачуў, як нейкі слухач сказаў, што Мілінкевіч баіцца ісьці да людзей і чагосьці яшчэ баіцца. Мілінкевіч нікому не насаліў у душу! Ён паважаны чалавек. І прыйдзе час, ён прыйдзе да людзей. Яго народ сустракае і чакае як Бога. А вось у Лукашэнкі трэба запытаць, чаго ён баіцца. Ён падмануў народ, не вярнуў уклады і пагражае людзям. І ён баіцца. Калі я хадзіў у пачатковую школу, была такая прымаўка: “Чаго, сабака, брэшаш? – Ваўкоў пужаю. – А чаму хвост падтуліў? – Ваўкоў баюся”. І хутка прыйдзе час, што Лукашэнка будзе баяцца нават сваёй цені, ня тое што людзей”.

(Спадар: ) “Учора прэзыдэнт пытаўся людзей, як яны адносяцца да бясплатнага канцэрту. За бясплатны – і чыр на мяккім месцы не садзіцца. Яго ж аплачвае дзяржава!

Ня будзе задарма Мэладзэ сьпяваць, жыць у гатэлю, харчавацца. Гэта абыдзецца ў капеечку. Навошта ставіць такі канцэрт “бясплатны”? Гэта ж за кошт падаткаплацельшчыкаў! Артыстаў трэба ж карміць, гатэлі здымаць, а яны будуць куралесіць па нашай рэспубліцы. Каму патрэбная гэтая прапаганда?

Бясплатна, канечне, добра, але ж усё з нашай казны ідзе, з нашай кішэні, а не зь кішэні Лукашэнкі! І не задавайце больш такія недарэчныя пытаньні людзям! Яны, канечне, адабраюць бясплатны! Патлумачце, калі ласка”.

(Мікалай Бельскі: ) “Учора 7 лютага я вырашыў, што на гэтых выбарах буду падтрымліваць экс-кандыдата ў прэзыдэнты Зянона Станіслававіча Пазьняка. Як гэта можна зрабіць у аддаленай вёсцы? Вельмі проста! Выкрасьліць зь бюлетэня ўсіх прэтэндэнтаў на гэты пост. Чаму буду галасаваць за Пазьняка? Таму што ён прызнаў памылку няўдзелу ў выбарах. А той, хто прызнае памылку, не прэтэндуе на пост ня толькі правадыра, але і павадыра, што вельмі важна для перамогі дэмакратыі. Ён адзіны, хто няўдзелам у вялікай палітыцы народу Беларусі засьцерагае яго ад новых выпрабаваньняў. Упэўнены, што гэта адзіны шлях, які вядзе ад плясу ідэолягаў як сам народ так і ворагаў яго штучных.

Сёньня 8 лютага – дзень маёй незалежнасьці. У свой час ён павінен быць у кожнага, і чым хутчэй тым лепей. Гэта вызначыць час і сапраўдную дату незалежнасьці нашай радзімы. Дзякуй усім, асабліва Радыё Свабода за ўсё добрае, што рабіла яно і яшчэ зробіць!”

10 лютага, пятніца

(Спадар: ) “Вось згадаў вашу перадачу, якую вёў Зьміцер Падбярэскі “Цытаты мінулага”. Нешта яе зараз няма, ці ёсьць? Але вось хацеў бы прапанаваць Зьмітру Падбярэскаму вось такі варыянт – абмен цытатамі.

Вось я прачытаў бы яму сёньняшнюю цытату з газэты, дзе Лукашэнка кажа: “Напэўна наўрад ці знойдзеш у нас чалавека, які б жадаў такой пэрспэктывы”. Маецца на ўвазе, што 10 год таму людзі толькі і марылі аб пабудове сувэрэннай дзяржавы. Але гэта ня так. І можа спадар Падбярэскі пацьвердзіць, калі Лукашэнка, стукаючы сябе ў грудзі, заяўляў, што ён галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў. І яшчэ я памятаю, што 10 год таму толькі і былі гаворкі пра сакавіцкі рэфэрэндум, на якім людзі выказаліся за захаваньне СССР.

Дык вось такое заданьне Зьмітру Падбярэскаму, каб ён супаставіў цытаты з інтэрвію прэзыдэнта беларускімі тэлеканаламі, дзе ён запэўнівае, што абяцаў і 10 год таму беларускаму народу будаваць незалежную дзяржаву. Але ж мы ведаем, як ён шкадаваў аб развале Саюзу, як ён біў сябе ў грудзі, даказваючы ўсім, што гэта ён галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў. Гэта ён узьнімаў пытаньне, каб людзі прагаласавалі аб захаваньні Савецкага Саюзу. А цяпер ён заяўляе, што толькі і марыў аб пабудове незалежнай дзяржавы. Але ж ужо вядома, зь якога часу ён ужо ўключыўся ў гонку па пабудове нейкага саюзу. Вось абмяркуйце там і неяк супастаўце цытаты мінулага і сучасныя цытаты. Я думаю, што гэта была б вельмі карысная праца. Хаця гэтая справа агульнавядомая, але, калі ў такім супастаўленьні, то гэта будзе, я думаю, яскрава. І пажадана было б назваць крыніцу, адкуль будуць узятыя гэтыя цытаты”.

(Спадар: ) “Як ужо стала дакладна вядома, раённыя выбарчыя камісіі пад час праверкі подпісаў выбаршчыкаў, пададзеных у падтрымку вылучэньня Аляксандра Мілінкевіча, галоўнага апанэнта дзеючаму прэзыдэнту краіны, асабліва пастараліся ў Гарадзенскай вобласьці.

Тут з 17 раёнаў у 10 усе сабраныя подпісы на карысьць вылучэньня кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча не былі ўлічаныя камісіяй, нібыта з-за таго, што ў іх маецца перавышэньне дапушчальнага Выбарчым кодэксам 15 адсоткавага парогу іх недакладнасьці.

Характэрна, што паўсямесна ў тых раёнах, дзе подпісы не залічаны, нікому зь сяброў ініцыятыўнай групы, зьбіраўшых гэтыя подпісы, выбарчыя камісіі ў грубыя парушэньні патрабаваньняў, якое ўтрымліваецца ў артыкулы 13 Выбарчага кодэксу аб тым, што выбары павінны праводзіцца адкрыта і галосна, не дазваляюць азнаёміцца з матэрыяламі праведзеных імі праверак, чамусьці іх засакрэціўшы.

У сувязі з гэтым лічу неабходным неадкладна ў адпаведнасьці з часткай 18 артыкулу 61 абскардзіць вышэй названыя дзеяньні раённых выбарчых камісіяў у вышэйстаячую абласную.

І гэта найлепш зрабіць падаўшы калектыўны зварот усіх сяброў ініцыятыўнай групы адпаведных раёнаў. Калі абласныя выбарчыя камісіі пацьвердзяць вынікі раней праведзеных праверак, што хутчэй за ўсё і будзе зроблена, і ня зробяць ніякіх захадаў для атрыманьня поўнай і дакладнай інфармацыі для ўсіх сяброў ініцыятыўнай групы, усе гэтыя незаконныя дзеяньні неадкладна павінны быць абскарджаны ў суду.

У пададзеных скаргах найперш неабходна запатрабаваць і дабіцца адмены прынятых рашэньняў выбарчых камісіяў аб адказе, улічыць яшчэ сабраныя дакладныя подпісы выбаршчыкаў, а таксама запатрабаваць абвяржэньне вышэйзгаданых рашэньняў выбарчых камісіяў у тых сродках масавай інфармацыі, у якіх яны былі апублікаваныя. І гэта вельмі важна і патрэбна!”

(Спадар: ) “Я пачуў, што Мілінкевічу прапануюць зьняць сваю кандыдатуру. Бог уратуй, ня трэба здымаць! Аляксандар Уладзімеравіч, стаяць да перамогі! Таму што будзе гэта на карысьць Лукашэнку, ён чакае гэтага. А сваімі канцэртамі расейскімі ён галодных людзей не накорміць! А камусьці трэба плаціць гэтым артыстам – усё ж з нашай кішэні!”

(Міхаіл Леках: ) “Сёньня ў перадачы Беларускай службы Радыё Свабода я пачуў паведамленьне пра тое, што група самазванцаў, якая называе сябе “прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі”, прыняла рашэньне раіць спадару Мілінкевічу і іншым кандыдатам у дэпутаты не ўдзельнічаць у выбарах, то бок байкатаваць. Гэта праўда.

Але паўпраўда заключаецца ў тым, што гэтая група самазванцаў не прадстаўляе нават 5 адсоткаў беларускай інтэлігенцыі, да якой належаць і інжынэры, і навукоўцы, і пісьменьнікі, і г.д. Таму, паважаныя спадары зь Беларускай службы Радыё Свабода, трэба трохі камэнтаваць і тлумачыць, што гэта частка – невялікая частка беларускай інтэлігенцыі. А так паўпраўду вы падаеце як праўду”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Наконт вашай інфармацыі пра таварыша Галіну Жураўкову. Для большасьці разумных людзей было зразумела, што таварыш Лукашэнка судзіць злодзеяў у законе ня будзе. Канечне, ёй прыйшлося частку накрадзеных даляраў аддаць. Спачатку адміністрацыя Лукашэнкі аблічылася, яны думалі, што злодзей у законе таварыш Жураўкова ня верне, і таму пачалі судзіць.

Хай бы Канстытуцыйны Суд рэспублікі прывёў хоць бы адзін прыклад, падобны на злодзея ў законе. Ды мусіць у сьвеце такіх прыкладаў няма. Затое яны знайшлі злодзея Скрабца, які цудам застаўся жыць, але ж здароўя ён ня верне, таму што ён ня згодны з кіраўніцтвам Лукашэнкі. Народ датэрмінова памірае з голаду. Штогод колькасьць памяншаецца пакуль на 50 тысяч чалавек. Але гэта пакуль ягадкі, а праз некалькі месяцаў будзе яшчэ горш. Вось вашае, таварыш Лукашэнка, кіраўніцтва Рэспублікай Беларусь”.

(Спадар: ) “Вось нядаўна дэпартамэнт ЗША на чале з Бушам выказалі занепакоенасьць тым, што расьце баявая ваенная моц Кітаю. Кітайцы ў адказ кажуць, што ўсё гэта робяць для абароны сваёй радзімы. Усё законна, рэзонна. Я ўжо казаў, што амэрыканцы нарошчваюць зброю, нарошчваюць розныя прыстасаваньні, праводзяць дасьледаваньні ў гэтай справе. Ужо дайшлі да таго, што хацелі космас акупаваць. Але Расея сказала: “Паспрабуйце, будзем зьбіваць”. Усё рэзонна! Чым больш яны там складаць пагрозу сьвету, тым больш усе краіны нарошчваюць свае сілы, Расея, Індыя, Пакістан, Іран у тым ліку, каб не было тое самае, што ў Іраку ці Югаславіі. Натуральна, хочаш мець сяброў, стань таксама сябрам. А што амэрыканцы робяць? Паверце мне, лопне Амэрыка ад сваёй вытворчасьці, сама сябе пахавае!”

(Спадар: ) “Вы паведамлялі па радыё, што будзе трансьляцыя тэлебачаньня на Беларусь. Хацеў бы вас запытаць аб тэхнічнай магчымасьці прыёму. На якую антэну можна будзе прымаць сыгнал?”

(Спадар: ) “Я наконт гэтага пытаньня тэлефаную другі раз, бо я не пачуў на яго адказ. Карэспандэнт “Свабоды” задаваў жыхарам гораду такое недарэчнае пытаньне: “Як вы ставіце да бясплатных канцэртаў з расейскімі поп-зоркамі, які зараз гастраліруе?” Дык што за бясплатна артысты сьпяваць нам будуць? Гэта ж усё аплачвае рэжым за нашыя грошы! Дык я прашу тлумачэньня: пра які бясплатны канцэрт ідзе размова?”

(Спадарыня: ) “Паважаная “Свабода”! Адкажыце, ці ёсьць дзе яшчэ такая краіна-ізгой, як наша Беларусь, дзе глава дзяржавы ня любіць сваёй сымболікі, мовы, культуры, ліквідаваў усе беларускія школы?

Нават людзей ня любіць, хто размаўляе па-беларуску! Няўжо людзі могуць галасаваць за такога чалавека? Нашае чынавенства, вэртыкальшчыкі няўжо не разумеюць гэтага? Навучыліся толькі згінаць сьпіны і падпарадкоўвацца. Сваёй галавы ніхто ня мае на плячах! Дзіва, што мы іх не паважаем! А Цэнтрвыбаркам! Ярмошына ўжо даўно працэнты па тэрытарыяльных камісіях абласных раздала! І пад гэтыя працэнты будуць зробленыя пратаколы! Так што галасаваць няма чаго ісьці! Толькі трэба народнае рабіць галасаваньне!”
XS
SM
MD
LG