Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Мацюкевіч


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

Аднойчы на сустрэчы з чытачамі мне прыйшло дзіўнаватае пытаньне: “Ці ведаеце вы, які сёньня дзень? – “21 сьнежня”, адказаў я і ня здолеў анічога ўдакладніць. Тады сярод публікі паднялася прывабная русявая жанчына: “Дзень сьмерці Сталіна”. Заля зьнячэўлена прыціхла, потым па ёй прашамацеў зьдзіўлена-абураны шумок. Але жанчына эмацыйна працягвала: “Уяўляеце, якое шчасьце, што мы пра такое ўжо й ня памятаем?!”..

Гэта была Марыя Мацюкевіч, выкладчыца беларускай мовы й літаратуры, якая і запрасіла мяне на тую сустрэчу ў яе Салігорск.

Я ўпэўнены, што ў 1990-я ў асяродзьдзі нашай дэмакратычнай інтэлігенцыі Марыю ведаў кожны. Безь яе немагчыма ўявіць гісторыю Таварыства беларускай мовы, Салігорскую арганізацыю якой Марыя Мацюкевіч узначальвала болей за дзесяць гадоў. Яна правяла для сваіх вучняў і землякоў сотні сустрэчаў зь літаратарамі, гісторыкамі, мастакамі, прычым кожная мела таленавіты сцэнар і пакідала перакананьне, што твая праца – патрэбная. Уласным коштам Марыя выдавала папулярную ў шахцёрскім горадзе газэту “Рагнеда”. Вакол сваёй улюбёнай настаўніцы заўсёды віравала моладзь.

Зьмянілася ўлада, прайшлі рэфэрэндумы 1995-га і 1996-га гадоў, а Марыя заставалася ранейшай – апантанай вераю ў сваю Беларусь. Ці трэба казаць, што з кожным годам жыць ёй рабілася ўсё складаней?..

Марыя была ўпэўненая: вулічную бойку, у якой загінуў сын, справакавалі яе “куратары”. Крымінальная справа па факце сьмерці так чамусьці і не была своечасова распачатая.

Мацярынскае сэрца ня вытрымала страшнае страты. Кажуць, хтосьці з дактароў зьдзівіўся, што настаўніца і на Божай пасьцелі гаварыла па-беларуску.

На здымку: Марыя Мацюкевіч з унучкай Ганусяй
XS
SM
MD
LG