Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайдукевіч, Лукашэнка і Мілінкевіч падалі дакумэнты на рэгістрацыю


Радыё Свабода С.Гайдукевіч, А.Лукашэнка і А.Мілінкевіч сёньня здалі дакумэнты ў Цэнтарвыбаркам на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзыдэнты. Тэрмін падачы дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта завяршаецца ў суботу 11 лютага, але трое прэтэндэнтаў яшчэ ў пятніцу падалі заявы пра згоду балятавацца, асабістыя анкеты і дэклярацыі аб даходах і маёмасьці на сябе і блізкіх родзічаў.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік зазначыў, што дакумэнты на рэгістрацыю кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах падалі лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч, дзейны кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка і кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. У перадвыбарчым штабе яшчэ аднаго прэтэндэнта лідэра БСДП “Грамада” Аляксандра Казуліна паведамілі, што ягоныя дакумэнты пададуць на рэгістрацыю ў суботу 11 лютага.

Мікалай Лазавік зазначыў, што ўсе дакумэнты, прадстаўленыя прэтэндэнтамі, будуць апублікаваныя, магчыма, ужо на наступным тыдні:

(Лазавік: ) “Дэклярацыі падаюцца для таго, каб азнаёміць выбаршчыкаў, таму натуральна, што гэтая інфармацыя будзе дадзеная. Але спачатку мы накіруем яе ў спэцыяльныя службы: ДАІ, БТІ, падатковую інспэкцыю”.

Спадар Лазавік паведаміў, што толькі сёньня ўвечары ў Цэнтральнай камісіі закончылі прымаць вынікі збору подпісаў ад абласьцей, пасьля праверкі якіх усе чатыры прэтэндэнты захоўваюць шанцы на рэгістрацыю. Лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч у гэтым пытаньні захоўвае стрыманасьць:

(Гайдукевіч: ) “Я ўсё-такі лічу, што пэўна гаварыць, што ўсё чацьвёра будуць зарэгістраванымі, я б не сьпяшаўся. Менавіта цяпер, пасьля здачы дэклярацый, рэальна будзе вырашацца пытаньне, хто будзе зарэгістраваны. Толькі цяпер”.

Сяргей Гайдукевіч кажа, што паводле ягонага досьведу цягам бліжэйшага тыдня будзе ісьці самая напружаная арганізацыйная праца.

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч бліжэйшыя дні зьбіраецца прысьвяціць удасканаленьню сваёй перадвыбарчай праграмы, на выходныя ён едзе на Гарадзеншчыну, у родную вёску Бершты, каб папрацаваць у адзіноце.

Тое, што менавіта на Гарадзеншчыне не былі залічаныя як несапраўдныя подпісы за яго ў 10 з 17 раёнаў спадар Мілінкевіч ацаніў наступным чынам:

(Мілінкевіч: ) “Ня крыўдна. Гарадзенская мясцовая ўлада адна з самых жорсткіх у нашай краіне. Яна першая даклала, што зьнішчыла беларускае школьніцтва ў Гародні. Яна вельмі жорстка закрывала грамадзкія арганізацыі… Думаю, што ім прыкра, што вось кандыдат зноў з Гарадзеншчыны. Таму вось так паставіліся. Я спакойна да гэтага адношуся. Я ведаю, што подпісы былі сабраныя самымі дасьведчанымі людзьмі”.

Паседжаньне ЦВК, на якім адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў на прэзыдэнта, прызначана на 17 лютага.
XS
SM
MD
LG