Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва шукае "шлях у будучыню" для Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня У літоўскім парлямэнце сёньня адбылася міжнародная канфэрэнцыя “Беларусь – шлях у будучыню”, якую арганізавала Рада Эўропы супольна зь літоўскім парлямэнтам, грамадзкімі арганізацыямі і Нацыянальным камітэтам аб''яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Упершыню ў Вільні ў падобнай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амбасады Беларусі ў Літве.

На канфэрэнцыі палітыкі і навукоўцы абмяркоўвалі пэрспэктывы зьменаў у Беларусі ў кантэксьце будучых прэзыдэнцкіх выбараў, эканамічную палітыку і прававую сыстэму Беларусі.

Раса Юкнявічэне, якая ачольвае групу “За дэмакратычную Беларусь” у літоўскім Сойме, адзначыла, што аб''яднаньне беларускіх дэмакратычных сілаў паспрыяла таму, што беларускае пытаньне цяпер больш заўважнае ў эўрапейскай супольнасьці.

(Юкнявічэне: ) “Гэтая канфэрэнцыя – адзін з многіх крокаў дзеля спрыяньня дэмакратычных працэсаў у Беларусі, каб даць больш магчымасьцяў, каб быў чутны голас беларускай дэмакратычнай апазыцыі і ў міжнароднай супольнасьці”.

Кіраўнік Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька падкрэсьліў, што беларускія праблемы вырашацца будуць не ў Брусэлі, Варшаве ці Вільні:

(Лябедзька: ) “Беларускія пытаньні будзем вырашаць мы, беларускія грамадзяне. Але надзвычай важны міжнародны фактар: важна, каб нас у сьвеце ўспрымалі як эўрапейцаў, як каманду, якая можа сур''ёзна працаваць і якая ведае, што будзе рабіць і празь дзень, і праз тыдзень, і празь месяц пасьля перамогі”.

На адкрыцьці канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька заявіў, што “мы павінны стварыць у розумах людзей два вобразы Беларусі: тое, што зараз ёсьць і тое, што будзе”. Да пачатку канфэрэнцыі Лябедзька заявіў, што 60% выбаршчыкаў не задаволеныя сытуацыяй ў краіне, а 16% выбаршчыкаў гатовыя абараняць свой выбар на вуліцах.

Кіраўнік літоўскай грамадзкай арганізацыі “Фонд дапамогі абаронаў грамадзянаў” Стасіс Каўшыніс, адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, адзначыў, што яны стала супрацоўнічаюць зь беларускімі калегамі ад 1999 году і самі часта наведваюць Беларусь:

(Каўшыніс: ) “Шмат прычынаў, дзеля якіх патрэбныя такія канфэрэнцыі. У Беларусі прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі ня маюць нават тэхнічных магчымасьцяў сабрацца разам, тут яны маюць магчымасьць публічна прадставіць сваю пазыцыю, адкрыта дыскутаваць”.

У канфэрэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі Рады Эўропы, літоўскія парлямэнтары, у іх ліку – віцэ-старшыня Сойму Гінтарас Сьцяпанавічус, а таксама палітолягі і сацыёлягі зь Беларусі, Літвы і іншых краінаў і прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі (кіраўнік Нацыянальнага камітэту А.Лябедзька, кіраўнік рабочай групы па выбарчай праграме Я.Раманчук, віцэ-старшыня выбарчага штабу Аб''яднаных дэмакратычных сілаў А.Дабравольскі, сябра палітычнай рады Аб''яднаных дэмакратычных сілаў А.Бухвостаў).

У дыскусіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі амбасады РБ у Літве. Дараднік амбасадара па палітычных пытаньнях Міхаіл Пігулеўскі сказаў, што іх прысутнасьць на гэтай канфэрэнцыі – першае непасрэднае знаёмства зь літоўскай парлямэнцкай групай “За дэмакратычную Беларусь”, а таксама запэўніў, што ўсе 40 назіральнікаў за выбарамі зь Літвы (у іх ліку і літоўскія парлямэнтары і эўрапарлямэнтары) змогуць прыехаць у Беларусь без перашкодаў.

Беларуская правая і эканамічная сытуацыя, прадстаўленая супрацоўнікамі амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве, была абмеркаваная прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў, якія падалі канкрэтныя лічбы, якія сьведчаць пра рэальны стан беларускай эканомікі, і факты парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Прадстаўніца палітычнага дырэктарату Рады Эўропы Юта Гуцкаў адзначыла адносна ўдзелу прадстаўнікоў амбасады Беларусі ў Літве ў сёньняшняй канфэрэнцыі:

(Гуцкаў: ) “Гэта, магчыма, паказвае пэўныя зьмены ў беларускай сытуацыі. І таксама, гэта сьведчыць, пра нашую адкрытасьць – мы нічога ня робім, хаваючыся за зачыненымі дзьвярыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG