Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Турыне адкрываецца Алімпіяда, у Менску — турнір Кубку Дэвіса


Ігар Карней, Менск 10 лютага ў італьянскім Турыне афіцыйна адкрываюцца ХХ зімовыя Алімпійскія гульні. У цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды бяруць удзел трыццаць беларускіх спартоўцаў і сябры місіі зь ліку акрэдытаваных чыноўнікаў Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Міністэрства спорту і турызму. Паралельна з алімпійскімі ўрачыстасьцямі, сёньня ў Менску пачнуць змаганьне тэнісныя зборныя Беларусі і Гішпаніі, якія сустракаюцца на этапе 1/8 фіналу Кубку Дэвіса.

Алімпійскія спаборніцтвы яшчэ не пачаліся, а Беларусь ужо трапіла ў эпіцэнтар скандалу. Лыжнікі Сяргей Далідовіч і Аляксандар Лазуткін ня будуць стартаваць 12 лютага ў гонках на 15 кілямэтраў клясычным стылем і на такой жа дыстанцыі каньковай хадой. Тэсты паказалі ў крыві некалькіх спартоўцаў, і беларусаў у тым ліку, падвышанае ўтрыманьне гемаглябіну.

У штабе беларускай зборнай спадзяюцца, што гэта першая і апошняя непрыемнасьць. Аднак празь пяць дзён лыжнікам давядзецца паўторна здаць аналізы, пасьля чаго вырашыцца, ці змогуць беларусы працягваць спаборніцтвы ўвогуле. Прынамсі, стала вядома, што “штрафнікі” ня будуць браць удзелу ў цырымоніі адкрыцьця.

Падчас урачыстага шэсьця дзяржаўны сьцяг Беларусі панясе галоўны трэнэр біятлённай каманды Аляксандар Папоў. Варта заўважыць, што некалькі апошніх Гульняў на спартоўцаў такая місія не ўскладалася. Расказваюць, што прычына ў звычайных забабонах. У 1998 годзе ў Нагана сьцяг нёс усё той жа Папоў, тады яшчэ дзейны біятляніст, і пазьней праваліў спаборніцтвы. У 2002-м у Сыднэі пад сьцяг паставілі гімнаста Івана Іванкова, які таксама не апраўдаў спадзяваньняў. Ад таго часу сьцяганосцам прызначаюць альбо спартовага чыноўніка, альбо трэнэра.

Першымі сярод беларусаў заўтра стартуюць біятляністы — мужчыны паспрачаюцца ў індывідуальнай гонцы на 20 кілямэтраў. І менавіта ў гэтым відзе спаборніцтваў будуць раздадзеныя першыя ўзнагароды ХХ зімовых Алімпійскіх гульняў.

***

У той час, як у Італіі спартоўцы толькі рыхтуюцца да стартаў, у менскім футбольным манэжы праходзяць першыя матчы паміж тэніснымі зборнымі Беларусі і Гішпаніі. На стадыі 1/8 фіналу сустракаюцца леташнія ўладальнікі Кубку Дэвіса, гішпанцы, і беларуская каманда, якая ва ўсясьветным рэйтынгу займае дзявятае месца. Фармальна фаварытамі лічацца госьці, аднак першы нумар беларусаў Максім Мірны спадзяецца на хатнюю падтрымку і “хуткі” корт.

(Мірны: ) “Гішпанцы аддаюць перавагу працяглым розыгрышам. Мы, улічваючы хуткае пакрыцьцё корту і атакуючы стыль нашай гульні, будзем імкнуцца завяршаць усё нашмат хутчэй, чым прызвычаіліся гішпанцы”.

У стартавых матчах першага дня сустракаюцца Максім Мірны і другая ракетка гішпанцаў Томі Рабрэда. Сьледам выйдуць Уладзімер Ваўчкоў і Давід Фэрэр — наймацнейшы ў гэтым складзе зборнай Гішпаніі. Эміліё Санчас Вікарыя, капітан гішпанскай зборнай, задаволены прыёмам, але хвалюецца, што спартоўцы маглі ня мець часу прызвычаіцца да пакрыцьця пляцоўкі.

(Вікарыя: ) “Уражаньні пераважана станоўчыя. Арганізатары ставяцца добра, хоць мы і супернікі. Але, каб на тое мая воля, зьмяніў бы дзьве рэчы: надвор’е і корт — зрабіў бы яго не такім хуткім”.

Калі прэміяльныя за перамогу ў Кубку Дэвіса збольшага ўмоўныя, то залаты алімпійскі мэдаль беларускае кіраўніцтва ацэньвае на 60 тысяч даляраў, срэбра — 30 тысяч, бронзу — 20 тысяч.

Да таго ж “Менскі транзытны банк” і фірма “Атлянт-М” паабяцалі да залатой узнагароды дадаць джып “Фальксваген Туарэг” коштам 40 тысяч даляраў, да срэбра — “Фальксваген Пасат” (25 тысяч), да бронзы — “Фальксваген Гольф” (20 тысяч). Аднак, як мяркуюць спэцыялісты, вялікіх выдаткаў сёлета ні дзяржаве, ні камэрсантам несьці не давядзецца.
XS
SM
MD
LG