Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтравыбаркам абяцае акрэдытаваць назіральнікаў АБСЭ 14 лютага


Радыё Свабода Сёньня падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ Герт-Гінрых Арэнс перадаў сьпісы доўгатэрміновых назіральнікаў для акрэдытацыі. Сьпіс таксама быў апублікаваны на сайце Бюро дэмакратычных інстытутаў.

Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, міжнародныя назіральнікі АБСЭ, у тым ліку спадар Арэнс, змогуць атрымаць пасьведчаньні на наступным тыдні, 14 лютага. Паводле Лазавіка, сёньняшняя сустрэча са спадаром Арэнсам праходзіла ў сяброўскай атмасфэры.

(Лазавік: ) “Спадар Арэнс паінфармаваў, што група міжнародных назіральнікаў ужо фактычна пачала дзейнасьць. Яна мае намер сачыць за падрыхтоўкай і правядзеньнем выбараў з пазыцыяў бесстароннасьці і добрай волі. Спадар Арэнс сказаў, што група фармавалася такім чынам, каб як найбольш сябраў місіі размаўлялі на расейскай мове, каб спрасьціць кантакты зь сябрамі выбаркамаў. Таксама спадар Арэнс сказаў, што місія мае намер па выніках папярэдняга назіраньня выдаць дзьве прамежкавыя справаздачы”.

Герт-Гінрых Арэнс выказаў пажаданьне штотыдзень сустракацца з кіраўніцтвам ЦВК, каб абмяркоўваць пытаньні выбараў і міжнароднага маніторынгу. Мікалай Лазавік выказаў спадзяваньне, што “супрацоўніцтва будзе грунтавацца на прынцыпах паразуменьня і павагі”.

Чакаецца, што 15 лютага 38 доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ накіруюцца ў рэгіёны Беларусі. Сьпіс гэтых назіральнікаў апублікаваны на сайце Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ. Яны прадстаўляюць 16 краінаў-сяброў арганізацыі — у прыватнасьці, Аўстрыю, Польшчу, ЗША, Швэцыю, Літву і Нямеччыну. У Менску будуць знаходзіцца яшчэ 10 супрацоўнікаў назіральнай місіі пад кіраўніцтвам пасла Герта-Гінрыха Арэнса зь Нямеччыны. Яны прадстаўляюць сем краінаў-сяброў АБСЭ. Місія назіральнікаў АБСЭ адкрылася ў Менску 6 лютага.
XS
SM
MD
LG