Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі мэдалёў прывязуць з Турына беларускія алімпійцы?


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ў італьянскім Турыне пачынаюцца ХХ зімовыя Алімпійскія гульні. Ад Беларусі на Алімпіяду паехалі трыццаць спартоўцаў. Якія шанцы мае беларуская каманда на гэтых гульнях, колькі зможа прывезьці мэдалёў і ў якіх відах спорту? Гэтыя пытаньні людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як на вашую думку, колькі мэдалёў прывязуць з Турыну беларускія алімпійцы?”

(Спадар: ) “Прадказаць гэта немагчыма”.

(Спадар: ) “Ня ведаю, колькі, але маю надзею, што нехта ў Турыне здабудзе нам мэдалі”.

(Карэспандэнт: ) “А ў якіх відах спорту ў беларусаў найбольш шанцаў здабыць мэдалі?”

(Спадар: ) “Відаць, у біятлёне і ў фігурных — гэтых, скачках на лыжах”.

(Хлопец: ) “Думаю, больш, чым прывозяць звычайна з алімпійскіх гульняў. У біятлёне вялікія шанцы, ды ўвогуле ў лыжных відах спорту”.

(Спадар: ) “Шмат, відаць. Таму што паслалі самых моцных. На біятлён асноўная надзея, павінны быць нейкія мэдалі”.

(Дзяўчына: ) “Можа, два мэдалі — калі яшчэ і здабудуць. Ня надта здольныя яны”.

(Спадар: ) “Можа, і ніводнага, бо я добра ведаю стан спорту ў краіне”.

(Спадарыня: ) “Як удасца — два, тры, чатыры. У біятлёне”.

(Спадар: ) “Чатыры мэдалі. У фрыстайле і біятлёне — можа, бронзавы”.

(Дзяўчына: ) “Канькабежцы ў нас нядрэнныя, хаця ж там і паздымалі дзяўчат. Спадзяемся на лепшае”.

(Дзяўчына: ) “Біятляністы някепска падрыхтаваныя. Я проста там побач жыву ў Вясьнянцы і бачыла, як яны рыхтаваліся. Я думаю, што ў нашых будуць шанцы”.

(Спадар: ) “Найбольшыя шанцы ў фрыстайле, але думаю, што ніводнага мэдаля не прывязуць. Каманда біятляністаў старая, апошні час не паказвала стабільных вынікаў, але будзем спадзявацца. Я больш за ўсё спадзяюся на фрыстайл і біятлён. Калі атрымаюць бронзу, будзе добра. Калі і будзе, то толькі ў эстафэце. А так спадзяваньняў мала”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, наш беларус, які будзе выступаць у фігурным катаньні. Магчыма, ён і зойме прызавое месца. А так я лічу, што нашая каманда добра падрыхтаваная і будзе шмат мэдалёў”.
XS
SM
MD
LG