Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК мае акрэдытаваць назіральнікаў АБСЭ на наступным тыдні


Радыё Свабода, Менск Цэнтравыбаркам абяцае акрэдытаваць назіральнікаў місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ на наступным тыдні

Сёньня падчас сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай кіраўнік місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ Герт-Гінрых Арэнс перадаў сьпісы доўгатэрміновых назіральнікаў для акрэдытацыі. Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, міжнародныя назіральнікі АБСЭ, у тым ліку спадар Арэнс, змогуць атрымаць пасьведчаньні на наступным тыдні, 14 лютага. Паводле Лазавіка, сустрэча са спадаром Арэнсам праходзіла ў сяброўскай атмасфэры.

(Лазавік: ) “Спадар Арэнс паінфармаваў, што група міжнародных назіральнікаў ужо фактычна пачала дзейнасьць. Яна мае намер сачыць за падрыхтоўкай і правядзеньнем выбараў з пазыцыі бесстароннасьці і добрай волі. Спадар Арэнс сказаў, што група фармавалася такім чынам, каб як мага больш сяброў місіі размаўлялі на расейскай мове, каб спрасьціць кантакты з сябрамі выбаркамаў. Таксама спадар Арэнс сказаў, што місія мае намер па выніках папярэдняга назіраньня выдаць дзьве прамежкавыя справаздачы”.

Герт-Гінрых Арэнс выказаў пажаданьне штотыдзень сустракацца з кіраўніцтвам ЦВК для абмеркаваньня пытаньняў, зьвязаных з правядзеньнем выбараў і міжнародным маніторынгам. Мікалай Лазавік выказаў спадзяваньне, што “супрацоўніцтва будзе грунтавацца на прынцыпах паразуменьня і павагі”.

15 лютага 38 доўгатэрміновых назіральнікаў АБСЭ накіруюцца ў рэгіёны Беларусі.
XS
SM
MD
LG