Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта пройдзе 17 лютага


Радыё Свабода Як паведамілі ў Цэнтравыбаркаме, паседжаньне камісіі, на якім адбудзецца рэгістрацыя кандыдатаў, пачнецца а 12-й гадзіне 17 лютага ў памяшканьні Палацу Рэспублікі. Такім чынам, на агітацыйную кампанію кандыдаты на пасаду прэзыдэнта атрымаюць крыху больш за месяц. У суботу завяршаецца тэрмін падачы ў ЦВК неабходных для рэгістрацыі дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына зазначае, што паседжаньне ў Палацы Рэспублікі будзе ўрачыстае, і спадзяецца, што на ім нікому з прэтэндэнтаў у рэгістрацыі адмоўлена ня будзе:

(Ярмошына: ) “Я маю надзею, але ж ніхто зь іх ні анкеты ня здаў, ні дэклярацыі, так што, калі сарвуць урачыстасьць, то са сваёй віны”.

За выключэньнем Менскай вобласьці, на сярэдзіну пятніцы ўсе тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі перадалі ў ЦВК матэрыялы праверак падпісных лістоў. З 12 лютага гэтыя матэрыялы, а таксама анкеты і дэклярацыі прэтэндэнтаў будуць правярацца Цэнтравыбаркамам. На гэты момант сакратар ЦВК Мікалай Лазавік змог даць іх папярэднюю ацэнку — усе прэтэндэнты маюць шанцы на рэгістрацыю:

(Лазавік: ) “У цэлым, паводле папярэдніх падлікаў, больш за 15 % несапраўдных подпісаў няма ні ў аднаго прэтэндэнта”.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Казуліна Мечыслаў Грыб паскардзіўся на тое, што тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не давалі зьвестак аб выніках праверак подпісаў, не пускалі сяброў групы на свае паседжаньні, у тым ліку ў тых раёнах, дзе ўсе подпісы за Казуліна былі ануляваныя. Такую ж скаргу выказаў і кіраўнік выбарчага штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін. Старшыня ЦВК лічыць гэтыя дзеяньні камісіяў законнымі:

(Ярмошына: ) “Права ўдзельнічаць у паседжаньні камісіяў маюць назіральнікі альбо давераныя асобы. Сябры ініцыятыўных групаў такога права ня маюць. Таму, калі камісія палічыла магчымым, то магла адмовіць у гэтым”.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін зьбіраецца правесьці праверкі ўва ўсіх раёнах, дзе подпісы за Мілінкевіча былі ануляваныя:

(Калякін: ) “Людзі ў рэгіёнах будуць займацца. Мы ўсюды гэта апратэстуем, бо ў нас ёсьць ксэракопіі ўсіх подпісаў”.

Кіраўнік штабу Казуліна Мечыслаў Грыб ня лічыць патрэбным змагацца за ануляваныя подпісы:

(Грыб: ) “Яны таксама вялікай цікавасьці не ўяўляюць, таму што ў нас дастаткова подпісаў, каб быць зарэгістраванымі. А проста траціць сілы на гэтае змаганьне, якое ні да чога не прывядзе, — навошта гэта трэба”.
XS
SM
MD
LG