Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін хоча запрасіць кіраўнікоў ХАМАСу на перамовы ў Маскву


Радыё Свабода Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін мае намер найбліжэйшым часам запрасіць у Маскву для перамоваў кіраўнікоў радыкальнай групоўкі ХАМАС, якая у студзені перамагла на парлямэнцкіх выбарах у Палестынскай аўтаноміі.

Расейскі прэзыдэнт гэтаксама заявіў, што ня лічыць ХАМАСу тэрарыстычнай арганізацыяй. Усё гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю ў Ізраілі і насьцярожанасьць у Вашынгтоне.

Заява Ўладзімера Пуціна аб намеры запрасіць кіраўнікоў ХАМАСу ў Маскву прагучала падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Мадрыдзе.

(Пуцін: ) “Паважаючы выбар палестынскага народу, трэба шукаць такія крокі і такія рашэньні, якія былі б прымальныя і для палітычных сілаў, што апынуліся на чале Палестынскай аўтаноміі, і для ўсёй міжнароднай супольнасьці, і для Ізраілю. Захоўваючы нашыя кантакты з арганізацыяй ХАМАС, мы маем намер найбліжэйшым часам запрасіць кіраўніцтва гэтай арганізацыі ў Маскву для пошуку гэтых рашэньняў”.

Лідэры ХАМАСу ўжо заявілі, што прымуць запрашэньне Расеі. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак папрасіў расейскі бок патлумачыцть сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні і расказаць пра свае пляны і намеры. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту падкрэсьліў, што Расея зьяўляецца ўдзельнікам міжнароднага “квартэта” пасярэднікаў для разьвязаньня блізкаўсходняга канфлікту.

(Маккормак: ) “ХАМАС павінен прыняць некалькі важных рашэньняў. Яны абавязаныя прызнаць дзяржаву Ізраіль, адмовіцца ад тэрору і выконваць усе міжнародныя абавязаньні, пад якімі стаіць подпіс Палестынскай аўтаноміі. Мы чакаем ад Расеі, што ў якасьці ўдзельніка “квартэта” яна выставіць ХАМАСу ўсе гэтыя патрабаваньні”.

Пры гэтым Шон Маккормак дадаў, што кожная дзяржава мае права прымаць сувэрэннае рашэньне адносна сваіх стасункаў з рухам ХАМАС.

Заява Ўладзімера Пуціна аб магчымасьці перамоваў паміж кіраўніцтвам Расеі і ХАМАСам выклікала нэгатыўную рэакцыю ў ізраільскім урадзе, які лічыць, што такая ініцыятыва супярэчыць пазыцыі “блізкаўсходняга квартэта”.

Нагадаю, што ЗША, краіны Эўразьвязу і Ізраіль унесьлі ХАМАС у сьпіс тэрарыстычных арганізацыяў. Афіцыйныя прадстаўнікі гэтых дзяржаваў адмовіліся весьці любыя перамовы з радыкаламі, якія перамаглі на палестынскіх выбарах, пакуль тыя не адмовяцца ад тэрору.

У той жа час расейскі прэзыдэнт на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што “мы не прызнавалі ХАМАСу ў якасьці тэрарыстычнай арганізацыі”. На гэта высокапастаўлены прадстаўнік Ізраілю, які пажадаў захаваць ананімнасьць, у інтэрвію агенцтву "Франс прэс" сказаў: “Калі чачэнцы чыняць напады ў Маскве, Расея называе гэта актам тэрарызму, а калі гэта адбываецца ў Ерусаліме, то не. Няўжо кроў ізраільцаў таньнейшая за кроў расейцаў?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG