Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З. Пазьняк: “Народнае галасаваньне — штуршок да станоўчых вынiкаў”.


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ 10 лютага

Тэма дня “Народнай Волі” – “Расейскі молат і эўрапейская кавадла”– аналіз візытаў Аляксандра Мілінкевіча ў Маскву і краіны Эўразьвязу. Дагэтуль ніхто з палітычных праціўнікаў рэжыму не прымаўся на такім высокім роўні ў сталіцах Старога Сьвету. І гэта асабліва эфэктна на фоне канфрантацыі афіцыйнага Менску з Захадам, з-за чаго Лукашэнку ў Эўропу даўно не запрашаюць.

Пад рубрыкай “Зь першых вуснаў” у “Народнай Волі” Зянон Пазьняк тлумачыць, што “Народнае галасаваньне — штуршок да станоўчых вынiкаў”.

Толькі 40% жыхароў Віцебскай вобласьці лічаць: міліцыя здольная забясьпечыць іх асабістую і маёмасную бясьпеку. Самы нізкі ўзровень даверу да міліцыі – у Воршы (толькі кожны пяты давярае органам правапарадку), Полацку (кожны чацьверты) і Віцебску (кожны трэці). Апытаньне праводзіў аддзел інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС аблвыканкаму, паведамляе “Витебский курьер”.

Пры канцы студзеня ў службовым памяшканьні Пінскіх электрасетак знайшлі павешанае цела мэханіка прадпрыемства. Распавядае рэдактар тыднёвіка “Мясцовы час” Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “На сьцяне флямастарам было напісана: “У маёй сьмерці прашу вінаваціць… (і пералічаны тры прозьвішчы). Яны раскралі электрасеткі, а звалілі ўсё на мяне. Маё месца прададзенае за 500 даляраў. Запытайцеся ў калектыву, кім я быў”. Самае страшнае ў гэтай гісторыі, што на гэтым прадпрыемстве гэта ўжо трэці выпадак, калі людзі наклалі на сябе рукі”.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол узяў удзел ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных 260-м угодкам нацыянальнага героя ЗША, героя паўстаньня 1794 года Тадэвуша Касьцюшкі. Спадар Крол, а таксама кадэты амэрыканскай Ваеннай акадэмii гораду Вест-Пойнт, дэлегацыi з Польшчы i Швэйцарыi, наведалі глыбінку – вёску Сехнавічы Жабінкаўскага раёна і радавую сядзібу Касьцюшкаў ва ўрочышчы Мерачэўшчына Івацэвіцкага раёну. Размаўляў з грамадзкасьцю амэрыканскі амбасадар выключна па-беларуску, піша “Брестская газета”. Алеся Круглякова месяц таму адхілілі ад эфіру. Беларуская тэлевізія не працягнула з ім кантракт, паведамляе “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG