Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты Варшаўскага ўнівэрсытэту цікавяцца Беларусяй


Аляксей Дзікавцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве з сустрэчы студэнтаў Варшаўскага ўнівэрсытэту з праваабаронцам Алесем Бяляцкім пачалася сэрыя спатканьняў зь беларускімі грамадзкімі дзеячамі і палітыкамі, арганізаваная Цэнтрам маладых дыпляматаў.

У часе сустрэчы ў адным з будынкаў Варшаўскага ўнівэрсытэту, на якую, дарэчы, акрамя студэнтаў, прыйшлі таксама прадстаўнікі расейскай амбасады ў Варшаве, Алесь Бяляцкі пазнаёміў прысутных з гісторыяй адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Беларусі, расказаў пра сытуацыю ў краіне напярэдадні выбараў, што, якраз, найбольш цікавіла студэнтаў.

Паводле Міхала Патоцкага, аднаго зь кіраўнікоў Цэнтра маладых дыпляматаў, польскія студэнты даволі актыўна цікавяцца сытуацыяй у суседняй Беларусі.

(Патоцкі: ) “Усё пачалося год таму, калі ў часе прэзыдэнцкіх выбараў ва Украіне мы вельмі зацікавіліся тым, што там адбываецца. Палякі, як вядома, моцна падтрымалі украінцаў. Цяпер, калі выбары будуць у Беларусі і там могуць адбыцца драматычныя падзеі, мы ня можам заставацца абыякавымі”.

Госьць зь Беларусі Алесь Бяляцкі лічыць такія сустрэчы з польскай моладзьдзю вельмі важнымі.

(Бяляцкі: ) “Гэтыя студэнты займаюцца міжнароднымі дачыненьнямі і ў будучым, магчыма, будуць працаваць ва ўстановах, якія непасрэдна займаюцца пытаньнямі міжнароднай палітыкі”.

Прадстаўнікі Цэнтру маладых дыпляматаў маюць намер наладзіць шэраг спатканьняў зь беларусамі. Наступным госьцем будзе Тацяна Хома – студэнтка БДЭУ, выключаная з гэтай навучальнай установы за грамадзкую дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG