Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Літвы абяцаюць зарэгістраваць ЭГУ ў найбліжэйшы час


Тацяна Поклад, Вільня Літоўскае міністэрства асьветы і навукі паведаміла, што ў найбліжэйшым часе падасьць ураду Літвы праект адносна рэгістрацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які быў зачынены беларускімі ўладамі і летась аднавіў сваю дзейнасьць у Вільні.

Да вырашэньня праблемы з затрымкай рэгістрацыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні, якую на гэтым тыдні ўзьняла літоўская прэса, далучыўся міністар асьветы і навукі, Рэмігіюс Мотузас, які раней кіраваў у Літве дэпартамэнтам па справах уцекачоў і нацыянальных супольнасьцяў ва ўрадзе Літве. Спадар Мотузас паведаміў найбуйнейшаму прыбалтыйскаму інфармацыйнаму інтэрнэт-парталу "DELFI", што “міністэрства, разумеючы важнасьць гэтага ўнівэрсытэту і асаблівасьці яго становішча – дзейнасьць у выгнаньні, прапаноўвае гэтай інстытуцыі ўсталявацца ў Літве”.

Р.Мотузас адзначыў, што разумее неабходнасьць падтрымкі такога ўнівэрсытэту, які дае магчымасьць беларускай моладзі атрымаць сучасную эўрапейскую адукацыю, ён адзначыў: “Мой асабісты досьвед працы ў дэпартамэнце і ў сталым прадстаўніцтве Літоўскай Рэспублікі пры Радзе Эўропы, а таксама ў Міністэрстве замежных справаў накіроўвае мяне клапаціцца лёсам беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні. Адначасова, варта памятаць, што выдадзеныя ў Літве дыплёмы прызнаюцца ў Эўразьвязе і ў іншых краінах, таму мусіць быць спраўджаная якасьць адукацыі”.

Міністэрства асьветы і навукі таксама паведаміла, што заяўка заснавальнікаў ЭГУ была канчаткова разгледжаная радай экспэртаў у пытаньнях якасьці адукацыі і камісіяй унівэрсытэтаў (радай ацэнкі навуковых і адукацыйных інстытуцыяў) і было вырашана падтрымаць заснаваньне ў Літве Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў выгнаньні да таго часу, пакуль ня зьявяцца адпаведныя ўмовы для дзейнасьці ўнівэрсытэту ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG