Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта "Салідарнасьць" стала ляўрэатам міжнароднай прэміі


Радыё Свабода Газэта “Салідарнасьць”, якая пад уціскам уладаў была вымушаная спыніць сваю дзейнасьць з-за адсутнасьці крыніцаў існаваньня, названая адным з ляўрэатаў міжнароднай прэміі Герда Буцэрыюса – 2006.

Заснавальнікамі прэстыжнай прэміі, якой ад 1999 году ўзнагароджваюцца лепшыя ўсходнеэўрапейскія выданьні ды журналісты, ёсьць нямецкая газэта "Die Zeit" ды нарвэская арганізацыя "Fritt Ord" (Свабода слова).

Сёлетняе міжнароднае журы адзначыла “якасную і незалежную працу” газэты “Салідарнасьць”, высокі ўзровень яе журналісцкіх расьсьледаваньняў. Адным з аўтараў гэтых публікацыяў была і забітая пазалетась пры нявысьветленых абставінах журналістка газэты Вераніка Чаркасава.

Нагадаем, што орган незалежных беларускіх прафсаюзаў – штотыднёвік “Салідарнасьць” быў заснаваны ў 1991 годзе. Апошнім часам ён выходзіў накладам 5400 асобнікаў. Ад 2006 году ўлады пазбавілі газэту магчымасьцяў распаўсюджвацца праз агульнанацыянальную сыстэму падпіскі, а таксама праз шапікі "Белсаюздруку".

Разам з “Салідарнасьцю” ляўрэатамі прэміі Буцэрыюса названыя некаторыя журналісты і выданьні Расеі і Ўкраіны. Урачыстая цырымонія ўзнагароджваньня адбудзецца ў Гамбургу, 19 траўня.

У мінулыя гады ляўрэатамі прэміі "Die Zeit" ад Беларусі станавіліся агенцтва БелаПАН, газэты "Народная Воля", "Свободные Новости", "Витебский куръер", "Белорусский рынок", "Брестский курьер", "Белорусская деловая газета", журналісты Сьвятлана Калінкіна, Мікола Маркевіч, Ася Трацюк.
XS
SM
MD
LG