Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка хоча ведаць, чаму яе не ўключылі ў выбарчую камісію


Радыё Свабода У Полацку ніводны з шаснаццаці прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, вылучаных ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, туды не патрапіў. Сярод іх была і пэнсіянэрка Любоў Шчадрова, якая вылучалася праз збор подпісаў грамадзянаў.

На пытаньне: чаму ў камісіі не знайшлося месца згаданым прадстаўнікам, работнікі гарвыканкаму адказалі, што ўчастковыя выбарчыя камісіі фармаваліся выключна з дасьведчаных асобаў, якія спрактыкаваныя ў арганізацыі выбарчага працэсу.

Сёньня Любоў Шчадрова зьвярнулася ў Полацкі гарвыканкам з заявай, у якой паведаміла, што за апошнія трыццаць гадоў яна тройчы ачольвала акруговыя выбарчыя камісіі, двойчы была сябрам гарадзкіх выбарчых камісіяў, а таму мае ў гэтай справе немалы досьвед.

Спадарыня Шчадрова папрасіла даць адказ: на падставе якога артыкулу Выбарчага кодэксу ці на чый загад яе не ўключылі ў склад участковай камісіі.

Полацкая пэнсіянэрка заклікала іншых прадстаўнікоў дэмсілаў зьвярнуцца ў гарвыканкам з аналягічнымі заявамі, каб мець дакумэнтальнае сьведчаньне таго, хто і як фармаваў участковыя выбарчыя камісіі.
XS
SM
MD
LG