Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ад АБСЭ пакуль ня маюць акрэдытацыі


Радыё Свабода Сёньня стала вядома, што офіс доўгатэрміновых назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ разьмесьціцца ў гатэлі “Беларусь”. Пачалі працаваць дванаццаць супрацоўнікаў офісу. Але акрэдытацыі назіральнікі пакуль ня маюць.

Кіраўнік місіі АБСЭ Герт-Гінрых Арэнс сустрэўся з прадстаўнікамі офісу АБСЭ ў Менску, а таксама з дырэктарам дэпартамэнту Эўропы беларускага Міністэрства замежных справаў. Паводле прэсавага сакратара МЗС Андрэя Папова, абмяркоўвалі пытаньні працы місіі.

(Папоў: ) “Беларускі бок пацьвердзіў нашу папярэднюю гатовасьць арганізацыйна судзейнічаць працы місіі ў Менску. Апроч таго, яшчэ раз падкрэсьлілі неабходнасьць таго, каб місія безумоўна выконвала дзейнае выбарчае заканадаўства Беларусі і пазьбягала ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычны працэс у нашай краіне, захоўвала аб’ектыўнасьць і празрыстасьць у сваёй працы”.

Прадстаўнікі місіі назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў АБСЭ знаходзяцца ў Менску ад 6 лютага, а амбасадар Герт-Гінрых Арэнс — з 7 лютага. Але дагэтуль яны ня маюць акрэдытацыі.

Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, спадар Арэнс прапаноўваў сустрэцца зь ім з гэтай нагоды ўжо сёньня. Аднак, з прычыны камандзіроўкі сакратара ЦВК, сустрэчу перанесьлі. Паводле спадара Лазавіка, дванаццаць прадстаўнікоў місіі назіральнікаў АБСЭ зьбіраюцца перадаць дакумэнты ў ЦВК і, магчыма, ужо заўтра спадар Арэнс атрымае пасьведчаньне міжнароднага назіральніка.

(Лазавік: ) “Калі ўзгадняў час сустрэчы, мы нават прапанавалі яму, каб ён загадзя накіраваў дакумэнты, каб падчас сустрэчы атрымаў і пасьведчаньне аб акрэдытацыі”.

У Цэнтравыбаркаме 9 лютага працягвалася акрэдытацыя назіральнікаў СНД і так званага Парлямэнцкага сходу Беларусі й Расеі. Нагадаем, пасьведчаньне міжнароднага назіральніка №1 выдалі выканаўчаму сакратару СНД Уладзімеру Рушайлу.
XS
SM
MD
LG