Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ставіцеся да бясплатнага канцэртнага туру “За Беларусь!”?


Радыё Свабода Тэлеканал ОНТ працягвае бясплатны тур па гарадах Беларусі шэрагу расейскіх і беларускіх поп-зорак. Перад аўдыторыяй, якую зьбіраюць на канцэрты па бясплатных запрашальных квітках, ужо выступілі або маюць намер выступіць Валеры Мэладзэ, Крысьціна Арбакайтэ, Алег Газманаў, Валеры Лявонцеў ды іншыя дзеячы расейскага шоў-бізнэсу. На гэтых канцэртах гучаць ня толькі песьні, але і прапагандысцкія выступы ў падтрымку дзейнай улады. Нядаўна такі канцэрт адбыўся і ў Віцебску. Як ставяцца да такіх імпрэзаў віцебчукі?

(Дзяўчына: ) “Я глядзела па тэлевізары канцэрт, які быў у Горадні. Мне спадабалася”.

(Спадарыня: ) “Асабіста мне падабаюцца такія канцэрты, я з задавальненьнем іх гляджу. Але вы, мусіць, маеце на ўвазе, што “За Беларусь!” — гэта нібыта нейкая прапаганда? Бо кожны вядучы там выходзіць са словамі “За Беларусь! За росквіт дзяржавы!”. Думаю, гэта неяк зьвязана з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі”.

(Спадар: ) “Толькі дзеля падтрымкі дзейнага прэзыдэнта гэтыя канцэрты, ня больш за тое! Каб там махалі бел-чырвона-белымі сьцягамі, то было б зразумела, за росквіт якой Беларусі яны галасуюць — свабоднай, дэмакратычнай. А паколькі яны махаюць сучасным сьцягам, прэзыдэнцкім, то зразумела: яны за тую краіну, якой будзе і далей кіраваць цяперашні прэзыдэнт”.

(Спадар: ) “У 4-м тэрытарыяльным мэдычным аб’яднаньні ўсім набліжаным да начальства раздавалі квіткі, усёй вярхушцы. А там жа — і расейская папса, і бог ведае што ўвогуле! Вы паслухайце, што яны гавораць па тэлебачаньні й што той самы Газманаў сьпявае — “Зрабілі мяне ў СССР”! Мне такое слухаць абсалютна не патрэбна. Я ня бачу сэнсу і ў тым, каб гэтыя артысты прыяжджалі. Навошта ім сьпяваць пад дудку Лукашэнкі?”

(Дзяўчына: ) “Ну, нічога канцэрты. Расейскіх зорак запрашаюць. Грошы, напэўна, добрыя ім заплацілі, вось яны і паехалі. За проста так сюды б ніхто не паехаў. А што да мяне, то не хачу на такі канцэрт”.

(Спадар: ) “Артысты і іхная праца вельмі дорага каштуюць. Нехта ж гэта аплачвае — і выступы, і залю. Апазыцыя ня ў стане аплаціць падобных канцэртаў, у іх няма грошай. Аплачвае хіба прэзыдэнцкая вэртыкаль!”

(Хлопец: ) “Я адмовіўся ад квітка на канцэрт з удзелам “Харошак” ды Ірыны Дарафеевай. На ім вялікімі чырвонымі літарамі па-расейску было напісана: “За сильную и процветающую Беларусь!”, і ўсе сёньня добра ведаюць, чый гэта слоган. Гэта ўсё агітацыя за Лукашэнку, прычым, такая непрыхаваная”.

(Спадар: ) “Усе гэтыя канцэрты, як я мяркую, ад няўпэўненасьці Рыгоравіча — каб неяк падтрымаць свой рэйтынг, таму там чырвона-зялёнымі сьцягамі і махаюць. Каб рэйтынг ягоны быў высокі, то і ніякія канцэрты б не спатрэбіліся”.

(Хлопец: ) “Тур “За Беларусь!” — гэта, я лічу, непрыхаваная агітацыя за Аляксандра Лукашэнку. Прычым, з выкарыстаньнем сродкаў, дакладна ўжо не прызначаных на правядзеньне афіцыйнай агітацыйнай кампаніі. І лічу проста неразумным, нелягічным выдаткоўваць такія сродкі на заезных артыстаў, якія без усялякай любові будуць крычаць нам штодня “Люблю Беларусь!”
XS
SM
MD
LG