Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі ліквідатар Васіль Сіліверст зноў у шпіталі


Радыё Свабода Як мы ўжо паведамлялі, учора ў вёсцы Сірод Калінкавіцкага раёну апэратыўная група міліцыі затрымала чарнобыльскага ліквідатара, інваліда 2-й групы Васіля Сіліверст. У бібліятэцы сельскага Дому культуры Васіль Сіліверст зьвярнуў увагу на стэнд зь біяграфіяй Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Сіліверст зрабіў заўвагу супрацоўніцы, што агітацыя за прэтэндэнтаў на прэзыдэнта яшчэ не пачалася. Ён параіў зьняць агітацыйны матэрыял. Калі супрацоўніца адмовілася гэта зрабіць, Васіль Сіліверст зьняў біяграфію са стэнда сам. За гэта і быў пакараны.

З райаддзелу міліцыі Васіля Сіліверста адвезьлі ў шпіталь, дзе ён знаходзіўся і сёньня. З нагоды інцыдэнту Васіль Сіліверст сказаў:

(Сіліверст: ) “Зайшлі ў Сіродзе ў Дом культуры. Стаяў стэнд, на якім былі партрэт і біяграфічная даведка прэзыдэнта Лукашэнкі. Я сказаў, што агітацыя яшчэ не распачалася, трэба яе зьняць. Не зьнялі. Я сам зьняў. Прыехала начальніца аддзелу культуры, участковы і опэргрупа. Трымалі мяне больш за пяць гадзінаў, у тым ліку і на сьнезе, як злачынцу. Атрымаў абмаражэньне. Затым пагрузілі ў хуткую дапамогу і прывезьлі ў Калінкавіцкі райаддзел міліцыі. Цяпер я ляжу ў кардыялёгіі і вельмі дрэнна сябе адчуваю”.

Старшыня Сіродзкага сельсавету Галіна Бічан сьцьвярджае, што ніхто агітацыйных матэрыялаў да выбараў ва ўстановах культуры не вывешвае. Інцыдэнту з гэтай нагоды наагул не было, кажа яна:

(Бічан: ) “Дэзынфармацыя нейкая, ніякіх не было інцыдэнтаў”.

Адмаўляе наяўнасьць ва ўстановах культуры раёну агітацыйных стэндаў і загадчыца раённага аддзелу культуры Валянціна Тугай. Гэта ўсё нібыта падалося Васілю Сіліверсту з прычыны ягонага ўчорашняга стану:

(Тугай: ) “Вы што, жартуеце? Агітацыя яшчэ забароненая. Які агітацыйны матэрыял? Ніякага матэрыялу, ніякіх біяграфічных даведак! Там віселі дзяржаўныя гімн, сьцяг і партрэт прэзыдэнта. Гэты стэнд вісеў яшчэ тады, калі пра выбары і гаворкі не было. Хіба ён памятае, ён жа п’яны быў”.

Кіраўнік міліцыі грамадзкай бясьпекі з Калінкавічаў Юры Красюк распавёў, што поўнай інфармацыі пра інцыдэнт у Сіродзе пакуль ня мае, бо толькі ўчора вярнуўся з камандзіроўкі:

(Красюк: ) “Я ведаю, што быў там эксцэс. Ён, Сіліверст, учыніў там скандал, разьбіў партрэт нашага паважанага прэзыдэнта. Выказваў кепскія намеры на адрас кіраўніцтва. Парушыў грамадзкі парадак, вядзецца праверка”.
XS
SM
MD
LG