Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму на Гарадзеншчыне забракавана шмат подпісаў за Мілінкевіча?


Радыё Свабода Паводле зьвестак Цэнтравыбаркаму, ініцыятыўная група Аляксандра Мілінкевіча найбольш няякасна сабрала подпісы ў Гарадзенскай вобласьці. Паводле ЦВК, у дзесяці раёнах Гарадзеншчыны сабраныя ў падтрымку вылучэньня Мілінкевіча подпісы ня будуць улічаны, бо падчас праверкі больш за 15% зь іх былі прызнаны несапраўднымі. Як камэнтуюць гэтыю сытуацыю палітыкі і грамадзкія дзеячы?

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генэрал Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Я вельмі добра ведаю тую сытуацыю, якая склалася падчас збору подпісаў. Але, з другога боку, у Гарадзенскай вобласьці ў Аляксандра Мілінкевіча, мне здаецца, вельмі добрыя пазыцыі. Бо тых, хто зь ім там працаваў, я добра ведаю. Мне здаецца, у Гарадзенскай вобласьці ў яго ўсё павінна быць добра”.

Актывіст аб’яднанай апазыцыі Тадэвуш Гавін, які адказваў за збор подпісаў за спадара Мілінкевіча ў Гарадзенскім раёне, заявіў:

(Гавін: ) “Мы дасканала выверылі ўсе подпісы, праверылі. Усе тыя, хто зьбіраў подпісы, маюць вялікі досьвед. І, тым ня менш, нашыя подпісы аказаліся забракаванымі. Ніхто нам не патлумачыў, чаму. Усё гэта сьведчыць аб тым, што ўлада хоча паказаць публічна, нібыта Мілінкевіч правальваецца па зборы подпісаў у Гарадзенскай вобласьці. Насамрэч гэта ня так. Людзі яго тут ведаюць, падтрымліваюць. Але ўлада робіць тое, што павінна рабіць на загад зь Менску. У нас няма вольных, дэмакратычных выбараў”.

Актывіст Партыі БНФ Сяргей Мальчык з Горадні мяркуе гэтак:

(Мальчык: ) “Калі падвесьці рэзюмэ да ўсяго гэтага, то гэта вельмі проста: прынята палітычнае рашэньне. Спадар Мілінкевіч сам з Гарадзеншчыны. Зразумела, што найбольшая падтрымка ў яго ў Гарадзенскай вобласьці. І Гарадзенская вобласьць сабрала найбольшую колькасьць подпісаў. Яны зрабілі такі вось дэмарш — маўляў, у вас большасьць раёнаў не прайшла. Гэта палітычнае рашэньне: паказаць, а вось мы што хочам, тое і зробім з вамі”.

Гл. таксама • У Слоніме анулявалі ўсе 2416 подпісаў за Мілінкевіча (абноўлены) • Тысячы подпісаў за Мілінкевіча анулявалі на Гарадзеншчыне • У Шчучыне не зарэгістравалі больш як 1000 подпісаў за Мілінкевіча • У Ашмянах не зарэгістравалі 773 подпісы за А.Мілінкевіча • На ўвесь Наваполацак за Лукашэнку - тры несапраўдныя подпісы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG