Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобласьці здаюць правераныя падпісныя лісты (абноўлены)


Радыё Свабода 11 лютага завяршаецца праверка падпісных лістоў за прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах у абласных выбарчых камісіях, але большасьць гэтую задачу выканала датэрмінова і ўжо здала адпаведныя матэрыялы ў Цэнтравыбаркам.

У ЦВК здалі матэрыялы праверкі падпісных лістоў за патэнцыйных кандыдатаў выбарчыя камісіі Берасьцейскай, Гомельскай, Гарадзенскай абласьцей і гораду Менску. Да канца дня чакаюцца аналягічныя матэрыялы з Магілёўскай і Віцебскай абласьцей, у пятніцу — зь Менскай. Як сьведчаць у ЦВК, амаль ва ўсіх абласьцях па шэрагу раёнаў патэнцыйныя кандыдаты панесьлі страты ў подпісах. Калі падчас праверкі больш за 15% зь іх былі прызнаныя несапраўднымі, тады ўсе подпісы, сабраныя ў раёне, ануляваліся.

Аднак на гэты момант ёсьць два выключэньні: па-першае, няма такіх выпадкаў у Менску, дзе сабрана асноўная частка подпісаў за апазыцыйных прэтэндэнтаў. Менская гарадзкая камісія засьведчыла, што колькасьць несапраўдных подпісаў за ўсіх кандыдатаў ва ўсіх раёнах не перавысіла 15%.

Па-другое, няма інфармацыі, каб не былі прызнаныя ў нейкім раёне Беларусі ўсе подпісы за А.Лукашэнку.

Іншыя кандыдаты падлічваюць страты. Пакуль што найбольш несапраўдных подпісаў выяўлена на Гарадзеншчыне, дзе ў дзесяці раёнах анулявалі ўсе подпісы за А.Мілінкевіча, у чатырох — за А.Казуліна, у двух — за С.Гайдукевіча.

У Гомельскай вобласьці браку выяўлена меней: тут у двух раёнах ня будуць залічаныя подпісы за А.Казуліна, па адным — у А.Мілінкевіча, С.Гайдукевіча і В.Фралова. Ёсьць такія выпадкі і ў Менскай вобласьці, аднак у ЦВК яшчэ не сыстэматызавалі гэтую інфармацыю.

Кіраўнік штабу кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін прагназуе, што страты подпісаў могуць дасягнуць 20 тысяч, што не паўплывае на рашэньне аб рэгістрацыі.

Непакоіць спадара Калякіна тое, што тэрытарыяльныя камісіі працавалі непразрыста, і дагэтуль не вядома, якія прэтэнзіі вылучаныя да падпісных лістоў у кожным з раёнаў.

(Калякін: ) “Не запрашаюць кіраўнікоў нашых ініцыятыўных групаў на месцах, ім бы хоць патлумачылі, што і чаму. Так можна сказаць, што ўсе подпісы несапраўдныя. І пакуль ідзе гэты працэс, мы ня можам абскардзіць гэтага ў судзе”.

Спадар Калякін мяркуе, што прэтэнзіямі і скасаваньнем подпісаў у цэлых раёнах улады імкнуцца дыскрэдытаваць ініцыятыўную групу Мілінкевіча, падаючы яе як недасьведчаную.

Намесьнік кіраўніка выбарчага штабу А.Казуліна Ўладзімер Нісьцюк да ануляваньня подпісаў у шэрагу раёнаў ставіцца спакойна, бо мяркуе, што такіх будзе ня больш за 20 тысяч.

(Нісьцюк: ) “Мы цяпер упэўненыя, што ў нас ва ўсіх абласьцях гарантавана зарэгістраваныя подпісы, і мы будзем мець неабходную колькасьць — я думаю, недзе каля 130 тысяч”.
XS
SM
MD
LG