Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прапануе новых амбасадараў у Літву і Латвію


Уладзімер Глод, Менск Мяркуецца, што дыпляматычную місію ў Вільні ўзначаліць былы віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын, а ў Рызе — цяперашні намесьнік міністра замежных справаў Аляксандар Герасіменка.

Прозьвішчы Дражына і Герасіменкі як прэтэндэнтаў на пасады амбасадараў Беларусі ў Літве і Латвіі прагучалі на закрытым для журналістаў паседжаньні камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты падтрымалі абедзьве кандыдатуры.

Сёньня на брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі я спытаўся ў кіраўніка ўправы інфармацыі, прэсавага сакратара Андрэя Папова: ці зьвярталіся ўжо беларускія ўлады па агрэман — гэта значыць, па згоду да ўладаў Літвы і Латвіі, для прыняцьця спадароў Дражына і Герасіменкі?

(Папоў: ) “Гэтыя пытаньні, як кажуць, вельмі тонкія. Можа, нам трэба ўсім выказаць пэўную цярплівасьць і дачакацца таго часу, калі гэтыя (тыя ці іншыя) рашэньні зробяцца афіцыйнымі. Таму мне падаецца, што трохі дачасна камэнтаваць гэтую сытуацыю цяпер”.

Беларусь ужо больш за год ня мае свайго амбасадара ў Латвіі. Былы кіраўнік дыпмісіі Вадзім Ламкоў страціў пасаду пасьля таго, як пры канцы 2004 году беларускія мытнікі знайшлі ў яго зашмат сьпіртовых напояў, якія ён перавозіў з Рыгі ў Менск. На гэтым ягоная кар’ера амбасадара скончылася.

Што тычыцца Літвы, дык там амаль восем год працаваў амбасадарам Уладзімер Гаркун. Нядаўна ён перайшоў у структуры СНД, і ягонае месца стала вакантным.

Сярод новых прэтэндэнтаў на пасады амбасадараў Беларусі, акрамя згаданых Дражына і Герасіменкі, называюць начальніка ўправы МЗС Мікалая Пацкевіча. Яго кандыдатуру таксама разглядалі на паседжаньні парлямэнцкай камісіі як патэнцыйнага кіраўніка амбасады Беларусі ў Азэрбайджане. Раней у Баку не было амбасады, але плянуецца, што ўжо ў сакавіку яе адчыняць.

Акрамя таго, да гэтага часу застаюцца вакансіі кіраўнікоў амбасадаў Беларусі ў Японіі, Вугоршчыне і Кыргыстане.

Згодна зь беларускім заканадаўствам, канчатковае рашэньне аб прызначэньні кіраўнікоў дыпляматычных місіяў за мяжой прымае прэзыдэнт краіны. Вядомыя, прынамсі, два выпадкі, калі ён у самы апошні момант адхіляў кандыдатаў. Так было з колішнім рэктарам БДУ Аляксандрам Казуліным, які прэтэндаваў на пасаду сталага прадстаўніка (у рангу амбасадара) Беларусі пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, і з дэканам факультэту міжнародных дачыненьняў гэтага ж унівэрсытэту Ўладзімерам Шарапам, якога меркавалі прызначыць амбасадарам у Нямеччыну.
XS
SM
MD
LG