Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ідэальны прадукт: "талачынец уладапаслухмяны...”


Віталь Сямашка, Талачын, Віцебская вобласьць (эфір 9 лютага)

Знаёмы заходнебеларускі краязнаўца зь мястэчка, што колькі гадоў таму атрымала статус гораду, у часе размовы з раздражненьнем усклікнуў: маўляў, які ж гэта горад, калі на 10 тысяч насельнікаў няма ніводнай публічнай прыбіральні! У 40-тысячным Талачыне, што на Віцебшчыне, прыбіральня была. На аўтастанцыі ды прылеглым да яе міні-кірмашы з сотнямі наведнікаў. Але — была да апошняга часу.

(Віктар: ) “Паставілі экалягічную прыбіральню: там і мыйня, і папера. Празь нейкі час паздымалі і пісуар, і мыйню. Гандляры паглядзелі — яго прыбралі. Такія ў нас талачынскія людзі”.

Мой суразмоўца, 48-гадовы бомж Віктар, добра разумее, што жыве не каля слыннага старажытнага шляху з варагаў у грэкі, што стагодзьдзі палягаў паўз гэтыя мясьціны, а на сямі вятрах, побач з крымінальна небясьпечнымі чыгуначнымі і аўтатрасамі з Масквы ў Берасьце. Вось што распавёў мне Віцеў спадарожнік Юры:

(Юры: ) “За пляшку гарэлкі табе хлопцы прывядуць празь дзесяць хвілін любую, якую ты захочаш, таму што мужыкі ў Расеі зарабляюць на хлебушак. Траса паміж Талачынам, Коханавым і Воршай падзеленая на дакладныя ўчасткі. І калі прастытуткі перасякаюцца, атрымліваюцца бойкі — не за любоў, а за хлеб. Мала таго, што замужнія жанчыны, але іх дочкі выходзяць на трасу, каб зарабіць грошай за дзесяць хвілінаў”.

У гістарычна-краязнаўчым музэі Талачына ўсё часьцей цішыня — гледзячы па ўсім, расповеды пра тысячагадовую гісторыю Друцку ды моцная вяльможная рука, што трымае дзіду на гербе канцлера ВКЛ Льва Сапегі цяжка стасуюцца з навакольнай рэчаіснасьцю. Таму і словы дырэктаркі музэю Ірыны Пікулік у пустой залі адаюцца рэхам.

(Пікулік: ) “Сапегу Талачын належаў у 17 стагодзьдзі. Ёсьць дзьве вэрсіі паходжаньня назвы — ад слова “талака”, талакой сплаўлялі лес, рабілі справу; другая ад слова “талачэя” — кірмаш, паколькі Талачын на водападзеле паміж рэкаў Чорнага ды Балтыйскага мароў. Пасьля сухапутныя шляхі прайшлі, якія праз нас злучалі Маскву з Заходняй Эўропай”.



А вось былы вайсковец, цяпер журналіст мясцовай вэртыкальнай газэты “Наша Талачыншчына” Міхаіл Каралёў ня ходзіць у музэй зь іншай прычыны.З часу навучаньня ў вайсковай Акадэміі ў Маскве ягоны кумір — Напалеон Банапарт. Але інфармацыю пра яго ён бярэ з працаў маршалаў Каленкура ды Бэрт’е, а не з справаздачаў тагачаснага смаленскага гэнэрал-губэрнатара. Вось як гэта тлумачыць сам Міхаіл:

(Каралёў: ) “Гэтае пытаньне тэндэнцыйна выкладзенае савецкімі гісторыкамі і ў кнізе “Памяць”.

У апошняй дагэтуль падаецца, што ў лістападзе 1812-га Напалеон, нібыта, з рэшткамі войска, пешшу, захутаны ў доўгі плашч, з палкай у руцэ увайшоў у Талачын, вакол якога паклалі свае жыцьці 13 тысяч французаў. Камэнтуе спадар Каралёў:

(Каралёў: ) “Разумееце, зь Беларусі вырываліся баявыя часткі, корпус маршала Даў, і яны мала зьвярталі ўвагі на вэстфальцаў, немцаў, італьянцаў, што складалі расьцягнуты абоз і засталіся на дарогах. Трэба было захаваць касьцяк войска, і яно ўрэшце вырвалася з акружэньня, адкінуўшы расейскія часткі з Барысава. У Талачын Напалеон увайшоў на чале сваёй знакамітай гвардыі, што налічвала 20 тысяч чалавек. Напалеон — унікальная фігура, ён ніколі не адчуваў сябе пераможаным. Цэлую ноч у Талачыне ён ня спаў, ёсьць сьведкі. Думкі былі аб адным: вырвацца, сысьці”.

У “Нашай Талачыншчыне” мясцовы краязнаўца Анатоль Шнэйдар нядаўна перадрукаваў інфармацыю пра ўсясьветна вядомага талачынца, пра якога, дарэчы, дагэтуль спрачаюцца дасьледчыкі. “Расейскі эмігрант Ірвін Бэрлін нарадзіўся ў Сібіры, у памежнай вёсцы Цюмень”, — гэта цытата паводле некаторых замежных даведнікаў. У Талачыне ягонае імя — белая пляма, як для ўладаў, так і мясцовых. Мне яго агучыў Мікалай Петрушэнка — апазыцыйны палітык Талачыншчыны, журналіст і краязнаўца.

(Петрушэнка: ) “У Талачыне нарадзіўся аўтар гімну ЗША “Божа, уратуй Амэрыку” — габрэй па нацыянальнасьці, Бэрлін. Гэта было яшчэ да рэвалюцыі, ён аўтар паўтары тысячы песень, жыў у Амэрыцы. Перад сьмерцю заснаваў фонд падтрымкі скаўтаў і зь яго фінансуюцца дзіцячыя праграмы з усяго сьвету — толькі ня ў нашым Талачыне! Але ў гэтым вінаватыя мы самі — абыякавасьць да гісторыі”.

Існуе ці не ідэальны прадукт для далейшага функцыянаваньня адміністрацыйна-каманднай сыстэмы — так званы “ўладапаслухмяны талачынец”. Вызначэньне не маё, а 70-гадовага спадара Міная Карніенкі, старшыні Савету народнага клюбу ды хору “Вэтэран”, што цягам дваццаці гадоў аб’ядноўваюць тры дзясяткі чалавек. Мінай Лявонавіч яшчэ і сябра ПКБ.



(Карніенка: ) “На Талачыншчыне, калі праходзілі выбары 1994-га, першае месца заняў Кебіч, другое — Новікаў, сакратар ПКБ, апошняе — прадстаўнік Партыі піва, перадапошняе — Лукашэнка. Людзі такія: хай кіруе, хто навучыўся, а іншых і не хацелі разумець. Талачынцы ўладапаслухмяныя і пры савецкай уладзе былі такія — бліжэй да Менску, кадры сюды з ахвотай ішлі. Дый Герояў сацыялістычнай працы — адзінаццацёра, столькі ні ў адным раёне Віцебшчыны няма. Жыцьцё круціла нас: голад, вайна, страхі. Амаль кожнага калечыла, мяне самога ў 1944-м параніла ў галаву, руку, вока — у восем-дзевяць гадоў усё было”.

(Карэспандэнт: ) “Вэтэранска-пэнсіянэрскі кансэрватызм з гэтым зьвязаны?”

(Карніенка: ) “І з гэтым, і з тым, што некаторыя працавалі і, мусіць, менш атрымлівалі, чым пэнсія. Таму зьвязваюць гэта з Лукашэнкам. Быў жа пэрыяд, якраз перад Лукашэнкам, калі надоўга затрымлівалі пэнсіі. Яны вельмі-вельмі забілі сабе: Лукашэнка прыйшоў, і рэгулярна дасюль даюць яе. А тое, што пэнсія ня ўсім дазваляе жыць годна — людзі ў нас прызвычаіліся ўсё жыцьцё эканоміць сваё”.

У раённай пераднавагодняй алімпіядзе ў гэтых традыцыйна расейскамоўных мясьцінах беларускую мову дзеля спаборніцтва абралі 28 маладзёнаў — больш, чым біялёгію, хімію, фізыку з матэматыкай разам узятыя. Гэта дае спадзяваньні на пэрспэктыву, лічыць Сьвятлана Васільева, галоўны рэжысэр Талачынскага народнага тэатру — раўналеткі тэатру Янкі Купалы. Беларускамоўны рэпэртуар ідзе з аншлягамі, кажа Сьвятлана:

(Васільева: ) “Размаўляюць на беларускай мове ўсе мае артысты. І я не магу сказаць, што ў Талачыне не ўспрымаецца беларуская мова — гэта няпраўда! Я ставіла Янкі Купалы спэктакль “Цераз лапаць — прымакі”, і гледачы пыталіся: ці на беларускай мове? Я гавару — на беларускай!”



На тле масавага беспрацоўя ды зьезду талачынцаў гастарбайтэрамі ў Расею Талачыншчына летась адрапартавала пра рэкордны ўраджай бульбы 7,5 тысяч тон — раён заняў першае месца на Віцебшчыне. Гэта пры тым, што бачыў на свае вочы, як на кірмашы мясцовыя купляюць бульбу з заходніх рэгіёнаў. І, дайце веры, ніводная з трох дзясяткаў гаспадарак цяпер бульбы не вырошчвае — няма сродкаў. Знайсьці адказ на пытаньне дапамог сябра апазыцыйнага ЦК ПКБ спадар Петрушэнка:

(Петрушэнка: ) “Ні адзін былы калгас не вырошчвае сёньня бульбы, толькі вінзавод. Але вырошчвае таму, што зь дзяржбюджэту атрымаў у падтрымку 2,5 мільярда рублёў! Так вырошчваць бульбу магу і я. Ізноў ня будуць садзіць бульбу калгасы, вінзавод вырасьціць аж 15 тысяч тон! Вінзавод, напэўна, барматухай сваёй спойвае ўсіх калгасьнікаў, каб не былі канкурэнтамі ў вырошчваньню бульбы”.

Набыткам Талачына ад суседзтва з чыгункай стала так званая Цыганская народная рэспубліка, як міжсобку называюць сябе цыганы, што тут аселі з 19 стагодзьдзя. На пытаньне пра занятак можна пачуць: хто крадзе, хто гандлюе. Раней, кажуць, магчымасьці былі такія, што можна было набыць самалёт. У чатырохкляснай пачатковай школе 32 цыганёнкі. Зь некаторымі знаёмлюся на ганку.



(Дзеці: ) “Гунчакоў Радж… Гунчакова… А мяне ніяк! Мне дзевяць… Дзесяць… Адзінаццаць гадоў… Цыганскае жыцьцё — крута, так хораша б’есься!”

(Карэспандэнт: ) “Як вырасьцеце — красьці будзеце?”

(Дзеці: ) “Мы будзем жаніцца… Гэта партызаны крадуць, а мы ня крадзем!”

Партызанамі аселыя цыганы называюць сваіх вандроўных супляменьнікаў. Адзін з самых распаўсюджаных заняткаў апошніх —“езьдзіць у Чачэнію”, гэта зьбіраньне міласьціны па цягніках пад выглядам уцекачоў. Гутару з дырэктаркай школы Ірынай Макунінай, якая за дзевяць гадоў добра вывучыла тутэйшыя норавы.

(Макуніна: ) “Барона няма, на жаль. Таму што лягчэй было дамовіцца, падтрымліваць дысцыпліну. Апошні, Іван Іванавіч, памёр сем гадоў таму”.

(Карэспандэнт: ) “А цыгане наагул ці могуць быць падуладныя дзяржаве, які адсотак такіх у Талачыне?”

(Макуніна: ) “На жаль, малы нават сярод бацькоў, дзеці якіх ходзяць у школу, — 15—20 %. Як прыходзяць дзеці ў першую клясу, па іх паводзінах відаць: тое, што дрэнна ляжыць, ляжаць ня будзе!”

(Карэспандэнт: ) “А тое, што калі злачынства, у якім бралі ўдзел цыгане, дык “Наша Талачыншчына” абавязкова падкрэсьліць, што “з нарабаваным быў злоўлены цыган” — ці правільная палітыка?”

(Макуніна: ) “Я лічу, што не. Ёсьць розныя людзі, і Беларусь — іхная радзіма таксама, яны падкрэсьліваюць, што “мы беларускія цыганы”, вывучаюць і беларускую мову, беларускае літаратурнае чытаньне, і Каляды, масьленіцу сустракаем. Так што жыве цыганская Беларусь”.

“Жыве Беларусь!” — нязьменны лёзунг аб’яднанай апазыцыі, прадстаўнікі якой уваходяць у Талачынскі штаб для вылучэньня Аляксандра Мілінкевіча. Гутару са старшынём Мікалаем Петрушэнкам (ён камуніст) ды Юр’ем Чэканам (а гэты з Аб’яднанай грамадзянскай партыі).

(Карэспандэнт: ) “Што трэба зрабіць, каб пры згадцы прозьвішча Мілінкевіча народ не разводзіў рукамі?”

(Петрушэнка: ) “Мы ўсе, хто прыйшоў у аб’яднаны штаб, працуем на Мілінкевіча. Нас шмат разьядноўвае — мяне, камуніста, і сябра грамадзянскай партыі Чэкана — але ж калі Юра раздае газэту “Товарищ”, я з гэткім жа посьпехам прапаную ўлёткі Аб’яднанай грамадзянскай партыі”.

(Чэкан: ) “Я забраў у Сямёнавіча ўлёткі і пайшоў увечары па сваім і суседнім доме, раскідаў не ў паштовыя скрынкі, а проста званіў у дзьверы і раздаваў — з рук у рукі. Толькі ў дзьвюх кватэрах зь дзьвюхсот мне сказалі, што “нам гэта непатрэбна”. Па-мойму, гэта гаворыць пра прагу насельніцтва да апазыцыйнай альтэрнатывы”.

(Петрушэнка: ) “Нашы людзі не разумеюць: супраць Лукашэнкі выступае даволі шырокае кола людзей, але кожны зь іх думае, што ён толькі адзін, а на самай справе шмат. У нас шмат людзей, гатовых працаваць. І, я думаю, у дзень галасаваньня праціўнікі Лукашэнкі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі ў прызначаную гадзіну. І тады тэлекамэры зафіксуюць, як шмат людзей арганізавана пойдуць — тыя, хто выступае супраць палітыкі Лукашэнкі”.

(Карэспандэнт: ) “Ці вам будуць перашкаджаць прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс?”

(Петрушэнка: ) “Нас гэтым не застрашыш. Тое, што мы сушым сухары? Само сабой, хтосьці кагосьці пасадзіць — на тое яна і палітычная барацьба”.

(Чэкан: ) “Я таксама не палохаюся. Я таксама, як Мікола Сымонавіч, афіцэр запасу. Мяне губой не запугаць!”
XS
SM
MD
LG