Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Выбары, у якіх ня ўдзельнічаюць дэмакраты, ніхто не прызнае, акрамя Расеі...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 9 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Я зьяўляюся прыхільніцай таленавітага журналіста, цікавага і мужнага чалавека Паўла Шарамета. Заўсёды па магчымасьці цікаўлюся яго лёсам, журналісцкімі і асабістымі справамі. Яго прагнозы адносна будучыні як Расеі, так і нашай дзяржавы, разьвіцьця дэмакратыі, жыцьця людзей ва ўмовах цяперашняга часу спраўдзіліся на шмат адсоткаў. Але мяне цікавіць, што адкажа Шарамет на пытаньне аб далейшым лёсе гаротнага чачэнскага народу. Колькі можа адбывацца гэтая бойня, колькі яшчэ будуць гінуць людзі з аднаго і другога боку? І што гэта за бандыцкія фарміраваньні, якія растуць як грыбы пасьля цёплага дожджыку? На мой розум, гэта не зьнішчэньне бандфарміраваньняў, а генацыд у адносінах да чачэнцаў, і што больш за ўсё павінна ў гэтым нафта, на якоую багатая Рэспубліка Чачэнія. Аб людзях, іх пакутах ва ўмовах вайны мала хто клапоціцца. Задушыць, замачыць у прыбіральні – і няхай ня рыпаюцца са сваімі свабодалюбівымі думкамі. Гэта палітыка вялікай расейскай дзяржавы. Колькі гора прынесла гэта вайна чачэнцам і бацькам загіблых салдат. Няўжо няма сілы, якая б спыніла гэтую бойню? Расея такая вялікая, магутная ня можа абыйсьціся без Чачні? Не разумею. І хачу пачуць адказ майго любімага журналіста Паўла Шарамета”.

(Сталы слухач, пэнсіянэр: ) “Мяне зьдзіўляе лямант, які падымаюць аб выбарах. Усе лічаць, што будзе фальсыфікацыя. Аб якой фальсыфікацыі можа ісьці гамонка, калі за Лукашэнку прагаласуюць усе пэнсіянэры – 2,5 мільёны? Хай астатнія выбаршчыкі прагаласуюць 50/50. У яго будуць 2/3 у любым выпадку.

Ад партыі БНФ вылучаны адзіны кандыдат. Лічу, што гэта авантурыст. Перад тым, як балятавацца, ён паехаў да Борыс, яшчэ да кагосьці – паехаў па замежжу. Ды і сябра ў яго – Юшчанка. Ужо бачна, якую дэмакратыю зрабілі ва Ўкраіне, у Грузіі. Уся Польшча, усе прыватныя бардакі запоўненыя ўкраінкамі маладымі. Ды і мужчыны таксама разбрыліся па ўсяму сьвету. Усе шукаюць, дзе чаго зарабіць”.

(Спадар: ) “Паважаная “Свабода”! Хачу праз вашае радыё зьвярнуцца да тых людзей, якія бесьперапынна да вас тэлефануюць і скардзяцца на сваё жыцьцё, цяжкае становішча. Хай яны бяруць прыклад з тых людзей, якія адпраўляліся за акіян, асвойвалі дзікі захад, працавалі дзень і ноч – і дасягнулі дабрабыту. А тыя людзі, якія маюць у галаве сёе-тое, у каго рукі таксама працуюць – і ў нас дасягаюць посьпеху. А тыя, у якіх у галаве пуста, а рукі толькі для таго, каб гуляць у даміно, якія чакаюць, што за іх нехта будзе працаваць, дык яны пры любой уладзе ня будуць мець дабрабыту”.

(Спадар: ) “Прыём беларускай радыёстанцыі “Свабода” ў Менску дрэнны: гаворыць, а потым зьнікае. Добра чуваць украінскую радыёстанцыю “Свабода”, Тайвань можна пачуць, Кітай, Паўночную Карэю, а вось беларуская “Свабода” зьнікае на ўсіх дыяпазонах. На сярэдніх хвалях у Менску зусім слухаць немагчыма, цалкам заглушаецца”.

(Спадарыня: ) “Сьмяротнае пакараньне – гэта ня дзікасьць, яно павінна быць. Дзікасьць 21 стагодзьдзя ў тым, што прэзыдэнты ЭЗ і ЗША ўмешваюцца ва ўнутраную палітыку іншых дзяржаваў аж да прымяненьня ваенных дзеяньняў”.

(Анастас Семяновіч: ) “Я думаю, што Цэнтрвыбаркам, то бок таварыш Ярмошына, ня мела права не даваць кандыдатам у прэзыдэнты прамы эфір па тэлебачаньню. Пасьля мнагакратнай цэнзуры і ўказаньняў зьверху слухаць паважаных спадароў Аляксандра Казуліна і Алеся Мілінкевіча будзе сорамна за іх дзіцячы лепет. Вы потым упэўніцеся самі і вашы слухачы.

Яшчэ раз зьвяртаюся да вас: трэба абвесьціць байкот дадзенаму спэктаклю! А працягнуць вам сваё турнэ па Беларусі трэба, каб патлумачыць народу вашае рашэньне. Гарантую вам на 100 адсоткаў, што народ вас зразумее правільна. Усе дэмакратычныя краіны вас таксама правільна зразумеюць. “Выбары”, у якіх ня ўдзельнічаюць дэмакраты, ніхто не прызнае, акрамя Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG