Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абодва Саюзы пісьменьнікаў прапусьцілі ўгодкі Івана Мележа


Радыё Свабода, Гомель Учора ў вёсцы Глінішчы Хойніцкага раёну адзначалі 85-я ўгодкі зь дня народзінаў клясыка беларускай прозы, народнага пісьменьніка Беларусі Івана Мележа. Тут ён нарадзіўся, вучыўся ў пачатковай школе.

Акурат у Глінішчах, суседніх Куранях ды Алексічах жылі ці жывуць многія героі ягонай знакамітай “Палескай хронікі”. Тут пакажуць грэблю, якую яны будавалі, грушу-дзічку, пад якой сустракаліся Васіль і Ганна, цагельню, за зямлю ля якой біліся Яўхім з Васілём.

У Глінішчах ў 83-м годзе землякі талакою пабудавалі літаратурны Дом-музэй пісьменьніка.

Мы запыталіся ў дырэктаркі Глінішчанскай сярэдняй школы Вольгі Цырулік, хто ж з майстроў пяра прыехаў ушанаваць памяць народнага пісьменьніка Івана Мележа.

(Цырулік: ) “Вы ведаеце, зь ліку пісьменьнікаў не прагучала ніводнага імя. Але прыехалі сваякі Мележа, дзьве ягоныя пляменьніцы. Прыехалі госьці з Украіны. Прыехалі з Гомельскай гімназіі, якая носіць яго імя, ну і мясцовае начальства. Калі ў нас было 80-годзьдзе Мележа, тады з Саюзу пісьменьнікаў шмат хто быў. Сустрэча была зь імі ў школе, яны кнігі прывезьлі нам. Тады былі, а гэты раз – не”.

Такім чынам, цэлых два саюзы пісьменьнікаў, якія існуюць ў краіне, ня згледзелі 85-я ўгодкі літаратурнага волата Палескай зямлі. Вось што кажа на гэта старшыня Гомельскага аддзяленьня новаўтворанага Саюзу пісьменьнікаў, што ачольвае сэнатар Чаргінец, празаік з Жыткавічаў Уладзімер Гаўрыловіч:

(Гаўрыловіч: ) “Справа ў тым, што мяне не было. Я ня ведаю, ці члены майго савету… Я даваў устаноўку, каб яны пабылі. Але мяне не было, на жаль. Я сёньня першы дзень на працы”.

Тым часам пэдагогі, школьнікі ды культасьветнікі Хойніцкага раёну яшчэ сёньня і заўтра ладзяць урокі-падарожжы, урокі-дыспуты, літаратурныя вечарыны па творчасьці Івана Мележа.
XS
SM
MD
LG